Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

Аб праекце

Уладзімір Цвірко: "Адно з азначэнняў слова "валацуга" - падарожнік, шукальнік скарбаў. А ў мяне ў машыне на пярэдняй панэлі вісіць ключык, ім я адкрываю Беларусь”

Пра тое, як з'явілася ідэя лепш даведацца пра сваю краіну, аб'ездзіць кожны яе куток і расказаць пра гэта іншым, - у інтэрв'ю з падарожнікам, аўтарам праекта "200 унікальных турыстычных маршрутаў маёй Беларусі", заснавальнікам сайта Valatsuga.by Уладзімірам Цвірко.

- Уладзімір, падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам, як захапленне падарожнічаць перарасло ў такі маштабны і, не пабаюся гучных словаў, грамадска значны праект, як распрацоўка маршрутаў па ўсёй Беларусі і стварэнне турыстычнага парталу, інфармацыяй з якога можа карыстацца любы чалавек? Іншымі словамі, з чаго ўсё пачыналася?

- Сапраўды, падарожнічаць я любіў з дзяцінства. Заўсёды падабалася прабрацца-забрацца ў такое месца, куды ніхто не дойдзе. Потым, вядома, хваліўся тым, што даведаўся і ўбачыў перад сябрамі, роднымі. Стараўся ездзіць заўсёды, нават у такі няпросты час, калі падрасталі дзеці, і часу на захапленне заставалася вельмі мала. Бывала, ездзіў нават без фотаапарата, проста глядзеў, запамінаў, набіраўся сіл і энергіі ад неверагодна прыгожых месцаў роднай краіны.

Магу назваць і адпраўныя кропкі, моманты, якія падштурхнулі мяне да распрацоўкі маршрутаў. Часта на лецішчы ў Хадакова збіраліся сябры, суседзі на прагляд здымкаў з маіх падарожжаў. Дэманстрацыя праходзіла з дапамогай праектара і вялікага экрана. Паказ фатаграфій суправаджаўся каментарыямі: кароткімі гістарычнымі звесткамі, а таксама асабістымі ўражаннямі ад убачанага. Госці дзівіліся: няўжо такая прыгажосць ёсць у нас, у Беларусі.

Пасля да аднаго майго сябра архітэктара прыехалі калегі з Канады і ЗША. Ён павёз замежнікаў па правераным маршруце - Мір-Нясвіж. А па дарозе назад заехалі да мяне ў Хадакова. Я ў іх спытаў: "Як ўражанні?". Вельмі здзівіўся, калі зразумеў, што пра нашыя замкі яны ведаюць лепш за нас. Але так, каб іх нешта кранула або зачапіла, не заўважыў. І тут я ім пачаў расказваць пра цэрквы, касцёлы, руіны, якія можна было паглядзець па дарозе. І што вы думаеце? На наступны дзень яны паехалі іх глядзець... А сябар расказваў: яны ледзь не плакалі, дакранаючыся рукамі да руін. Казалі: вось яна - гісторыя.

Менавіта так і з'явілася ідэя адкрыць Беларусь для сябе і паказаць яе іншым.

- Што ўяўляе сабой праект "200 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі?". У чым яго ўнікальнасць?

- Вядома, я не піянер у гэтай справе. Па турыстычнай тэматыцы шмат усяго выдадзена, надрукавана, шмат інфармацыі можна знайсці ў Інтэрнэце. Але ў большасці выпадкаў - гэта ўсё энцыклапедычныя звесткі. Для вандроўніка яны практычна бескарысныя. Я ж хацеў спрасціць задачу тым, хто хоча больш даведацца пра Беларусь.

Усе мае маршруты разбітыя па абласцям з указаннем дакладных каардынатаў. Першапачаткова былі задуманы 150 залатых маршрутаў. Але, калі я ездзіў і фатаграфаваў аб'екты, зразумеў, што іх будзе значна больш. Цяпер праект называецца "200 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі". І гэта не мяжа. Яшчэ не менш за 50 у мяне ў распрацоўцы. На дадзеных момант у поўнай гатоўнасці - 176 маршрутаў для падарожжаў, а таксама тэматычныя - пра крыніцы, крыжы, піраміды Беларусі, іншыя.

Ёсць маршрут "Замкі Беларусі": пачынаючы ад Крэва, Гальшан, Геранён, праязджаючы праз Навагрудак, Ліду, Любчу і заканчваючы Мірам і Нясвіжам. У некаторых месцах захаваўся толькі мур, але ёсць бастыёны, рвы. Глядзіш - і мурашкі па целе. Такая прыгажосць сапраўды была.

З тэматычных мне падабаецца маршрут "Святыя азёры" ў Віцебскай вобласці. У яго ўключаны 8 азёр і вёска Рай, рака Свяча. Святыя азёры ўсе розныя: маленькія, вялікія, казачныя, зацішныя, незвычайныя…

А ўнікальнасць праекта ў тым, што ў вандроўніка заўсёды ёсць выбар - куды, як, на чым, на колькі дзён ехаць. І тут трэба сказаць пра розніцу паміж турыстам і падарожнікам. Турыст садзіцца ў аўтобус, і яму паказваюць і распавядаюць тое, што запланавана ў праграме. У яго няма выбару, а ў падарожніка ёсць. Падарожнік - вольны чалавек.

З 200 маршрутаў чалавек можа выбраць тыя, якія яму найбольш цікавыя, зыходзячы з геаграфічнага размяшчэння, асабістых або прафесійных пераваг. Можа ехаць глядзець адзін маршрут, а можа ў адным падарожжы сумясціць два ці тры.

У кожным маршруце 8-10 пунктаў. Трэба разумець, што кропкі гэтыя знаходзяцца на нейкай адлегласці адна ад адной. А ёсць такія месцы, як, да прыкладу, вёска Смаляны. Там - і руіны замка, і касцёл, і царква, і капліца-пахавальня, і пахаванне Томаша Зана, і колішняя сядзібная забудова, і каменныя крыжы. Смаляны - асобны маршрут, таму што ў адной вёсцы 10 кропак.

Усяго я склаў 53 маршруты па Гродзенскай вобласці, 36 - па мінскай, 33 - па Брэсцкай, 30 - па Віцебскай, 15 - па Магілёўскай, 9 - па Гомельскай. Такое відавочнае разыходжанне ў лічбах звязана не толькі з Чернобылькой аварыяй, але і з гістарычнымі перыпетыямі. Але на Магілёўшчыне і Гомельшчыне на самой справе не так шмат помнікаў архітэктуры.

- Калі вандруеце, у Вас з'яўляюцца і іншыя задумкі, якія паспяхова рэалізуюцца ў жыццё ...

- Так, з часам з аднаго вялікага праекту “200 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі” пачалі вылучацца самастойныя праекты: «Нашы руіны», «Бясконца Чароўная...», «Сілуэты Спадчыны». Усе яны публікуюцца ў газетах і часопісах. Так, у газеце «7 дней» размяшчаюцца маршруты, матэрыялы праекту «Нашы руіны» - у часопісах «Бярозка» і «Маладосць», «Сілуэты Спадчыны» - у ЛіМе. У газеце «СБ. Беларусь - сегодня» з гэтага года размяшчаюцца артыкулы з праекту «Бясконца Чароўная...»

Праязджаючы праз вёскі, малыя гарады Беларусі, аднойчы з’явілася моцнае жаданне здымаць правінцыю. Так з'явіўся праект «Бясконца Чароўная...». Бо вёскі знікаюць, змяняюцца да непазнавальнасці. А што такое вёска ў традыцыйным ўспрыманні? Лавачкі, акенцы, дахі, студні, платы... І гэта яшчэ можна паспець засняць, захаваць у памяці.

Праект «Нашы руіны» - гэта не папрок, а канстатацыя факту. Ні ў якім разе нельга саромецца руін, трэба ведаць, што яны ёсць і абавязкова захаваць. Радуе, што сёння на ўзроўні міністэрства архітэктуры гаворыцца аб кансервацыі. Я пра гэта казаў яшчэ ў пачатку свайго праекта ў 2010 годзе. А гэта і ёсць захаванне. Маё меркаванне: трэба кансерваваць усё запар, берагчы кожны камень. Таму як, па дадзеных статыстыкі, засталося ўсяго 3 адсоткі ад той архітэктуры, што некалі ў нас была.

Дарэчы, тры праекты «Нашы руіны», «Бясконца Чароўная...» і "Здымак выпадковы" можна знайсці і ў Фэйсбуку.

Яшчэ адзін праект - "Фактура часу" - у стадыі фарміравання. Пра яго распавядзем пазней.

- Як Вы прыйшлі да ідэі стварэння сайта?

- Вельмі хацелася, каб уся сабраная інфармацыя была прадстаўлена людзям. Лепшага варыянту, чым сайт, не знайсці. Гэта - і зручнасць карыстання для падарожніка, і магчымасць размясціць вялікі аб'ём інфармацыі ў адным месцы.

Адна з асаблівасцяў сайта: ёсць функцыя, якая дазваляе разглядаць маршруты, якія размешчаны па суседстве з абраным. Раптам хтосьці паехаў па маршруце на дзень, але вырашыў затрымацца і паглядзець яшчэ што-небудзь.

Сёння многія людзі, архітэктары, гісторыкі, літаратуразнаўцы, арганізуюць аўтарскія маршруты, па якіх праводзяць экскурсіі. Усе яны маюць права на жыццё. Сайт valacuga.by таксама. Чалавек заходзіць на сайт, выбірае, што яму цікава, садзіцца ў машыну і падарожнічае.

Дарэчы, адно з азначэнняў слова "валацуга" - падарожнік, шукальнік скарбаў. А ў мяне ў машыне на пярэдняй панэлі вісіць ключык, ім я адкрываю і сёння архітэктурныя і іншыя славутасці Беларусі.

- У апісаннях аб'ектаў у маршрутах Вы часта прыводзіце легенды. Адкуль Вы даведваецеся пра іх?

- Слоўная інфармацыя - неменшая каштоўнасць, чым самі замкі і руіны. Гісторыі і легенды, звязаныя з культурнымі, архітэктурнымі, прыроднымі славутасцямі, трэба увекавечваць. Бо і яны сыходзяць разам з чалавекам, з яго жыццём.

А што такое архітэктура? Гэта - чалавек. Той, хто стварыў той ці іншы храм, замак ці палац, карыстаўся ім, руйнаваў, аднаўляе. А дзе знаходзіцца будынак? Сярод людзей. І людзі шмат ведаюць пра яго. Паверце, падарожніку важныя не столькі энцыклапедычныя дадзеныя (год пабудовы, стыль, імя архітэктара), а гісторыі, звязаныя з гэтымі месцамі.

Верыць у легенды ці не - справа кожнага чалавека. Але без іх не абысціся: у мяне іх больш за 150...

- Якім Вы бачыце будучыню свайго праекта?

- У першую чаргу, хочацца, каб праект паўнавартасна працаваў у Інтэрнэце. Для гэтага трэба размясціць ўсю інфармацыю, якая ўжо падрыхтавана. Але сайт не будзе закансерваваным, звесткі будуць дадавацца і абнаўляцца.

Ці дапушчальна друкаванае выданне па дадзенай тэматыцы? Да! У планах - выпусціць і падарункавае выданне, і даведнік для падарожнікаў, зручны ў выкарыстанні. У іх таксама будуць прадстаўлены фота аб'ектаў, легенды, кароткая інфармацыя.

У марах - адкрыць турыстычнае бюро і вазіць людзей да тых аб'ектаў, якія былі ўжо аднойчы ўбачаныя і сфатаграфаваныя. Зноў і зноў вяртацца ў тыя месцы, якія сам некалі аб’ездзіў-абышоў, але яны, як каштоўныя каменчыкі, у якіх, хутчэй за ўсё яшчэ захаваліся і нябачнымі грані...