
Заблукалі. А справа да ночы. Змярканне настойліва падбіраліся да абочыны дарогі. Але, дзякуй Богу, справа ў лёгкай смузе туману паказалася вёсачка на дзясятак двароў, не болей. Спыніліся каля хаты з калодзежам. Пажылым гаспадарам, што выйшлі насустрач, патлумачылі, што падарожнічаем і спыніліся на начлег бліжэй да жылля – так спакайней.
Паназіраўшы за намі з-за фіранак: як мы мыліся, раскладваліся вячэраць, – гаспадары запрасілі нас у дом. У ім было ўтульна і сціпла, паўсюль мноства рэчаў ручной работы. У цэнтры хаты стаяла светлая, нядаўна пабеленая печ, на сценах у рамках віселі старыя фатаграфіі. Сярод іншых быў і здымак вясковага вяселля. Мы пацікавіліся, што за вяселле і хто нявеста з жаніхом.
...Ад печкі па хаце струменілася цяпло, невялікі абажур над сталом адкідаў мяккія цені па кутах пакоя і тым надаваў гісторыі, што нам распавялі, яшчэ больш загадкавасці і рамантызму.
Героі гэтай легенды ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Жылі яны ў суседніх дварах, праз плот. З часам сяброўства іх перарасло ў каханне. Але ў бацькоў дзяўчыны на прыкмеце быў іншы жаніх – з сям'і больш заможнай, з двума млынамі ды даходнай сыраварняй. Угаворы і слёзы дачкі, яе тлумачэнні, што яна кахае хлопца з суседняга двара, не змякчылі сэрцы бацькоў.
Тады маладая закаханая пара ўпотай ад бацькоў звярнулася па дапамогу да роднай бабулі дзяўчыны, што жыла на іншым канцы вёскі. Выслухаўшы сумных закаханых, бабуля расказала ім, што ёсць у яе падазрэнні: хлопец з багатага двара – пярэварацень, ваўкалак. Людзі кажуць, што яго некалі на пашы укусіў воўк і што ў поўню ён употай сыходзіць у лес. Але гэта ўсё былі чуткі, чалавека можна дарма пакрыўдзіць, прад'явіўшы такія абвінавачванні.
«Бацькі, хутчэй за ўсё, таксама не павераць, палічаць, што гэта выдумкі. Але спосаб ведаю верны і вам, галубкі, дапамагу», – сказала бабуля і дастала з шафы абрус, у макі вышыты. Патлумачыла, што на Вялікдзень на гэтым абрусе ў храме велікодныя кулічы ды яйкі асвячалі. «У гэтым і сіла яго! – сцвярджала бабуля. – Два такія я вышыла. Адзін у тваёй маці, – сказала яна дзяўчыне, – у куфры ляжыць на выпадак свята. Напэўна, для сватоў на стол дастане. Але ў яго сілы няма, ён не асвечаны. А вось гэтым абрусам і праверым, хто такі гэты жаніх на самой справе». І навучыла яна дзяўчыну, як трэба паступіць, калі сваты багатыя ў дом яе з’явяцца.
І вось, як толькі бацькі будучай нявесты абвясцілі, што сватоў у госці чакаюць, дзяўчына падахвоцілася дом прыбраць ды на стол накрыць. Абрус, што дала ёй маці, яна падмяніла бабуліным і паслала яго на стол, як бабуля навучыла, сподам дагары.
Вось сватоў, як і належыць, пасадзілі ў чырвоны кут, а жаніха пасярэдзіне. На стале наліўкі ды закускі розныя. І трэба ж! Як толькі па першай чарцы выпілі, закусілі, трэсці стала хлопца, у твары страшна змяніўся, глядзіць, як з-за стала выбрацца. Злева-справа людзі, праз стол гаспадары дома. Так ён абарочваецца – ды ў акно. Толькі яго і бачылі!
Потым суседзі казалі, што нехта страшны праз іх агароды сігаў: адзенне ўсё ўшчэнт падранае, рукі і твар у поўсці шэрай.
З тых часоў гэтага хлопца ў вёсцы і не бачылі. А бацькі яго гаспадарку прадалі ды і з'ехалі.
– А вяселле? Вяселле было? – пытаемся.
– Маладыя вунь на фатаграфіі, бачыце. А побач з імі родная бабуля нявесты, а ў руках у яе, глядзіце, абрус макамі чырвонымі вышыты.