
Дзядзя Міша – у мінулым калгасны конюх – быў не надта гаварлівы. Але калі гутарка заходзіла пра які-небудзь гадзіннік, ён успамінаў гэтую гісторыю і з задавальненнем яе апавядаў.
Адбылася яна яшчэ ў яго дзяцінстве. Жылі яны тады на вялікім хутары, які складаўся з некалькіх гаспадарак і знаходзіўся на краі прасторнага лугу ўздоўж берага неглыбокай рачулкі. У будні ўсе працавалі ў полі, а па выходных і святах упрыгожвалі сані ці вазкі, запрагалі коней ды ехалі на кірмаш у бліжэйшае мястэчка, што было вёрстах у дзесяці ад хутара. Дзятва, якую пакідалі дома, з вялікай нецярплівасцю чакала вяртання бацькоў: гасцінцы ды разнастайныя пакупкі ж прывязуць.
… Вось і ў гэты раз у старой каляровай падсцілцы ўнёс бацька ў хату насценны гадзіннік. Ды не абы які – з зязюляй. Колькі здзіўлення і радасці было, калі завялі гадзіннікавы механізм і з акенца з’явілася сама зязюля! Здавалася б – драўляная птушка, а кукавала, нібы жывая. І калі б не дарослыя, іх вокрыкі ды штурханцы, малыя бы бясконца падводзілі стрэлкі на гадзінніку, каб яшчэ раз убачыць зязюлю і пачуць смешнае “ку-ку”.
Бацькі са строгасцю растлумачылі, што зязюля і так будзе кукаваць, але ў свой час. А калі яе часта турбаваць – і зламацца можа. Напачатку дзятва час ад часу сядзела ля гадзінніка ды чакала, калі сыдуцца стрэлкі ды з’явіцца драўляная птушка. З часам усе звыкліся з гадзіннікам і ён стаў штодзённасцю.
Але аднойчы адбылося нешта дзіўнае: гадзіннік ішоў, а зязюля маўчала. Дакладней, у яе прапаў голас. Калі надыходзіў час, дзверцы адчыняліся, з’яўлялася зязюля, паднімала хвосцік, ківала галоўкай і нават адчыняла дзюбку, але гукаў не выдавала. Канешне, адразу падумалі на дзяцей – маўляў, яны вінаватыя. Але тыя сцвярджалі, што памяталі наказ бацькоў і нават не падыходзілі да гадзінніка.
На шчасце, у бацькі ў мястэчку быў знаёмы гадзіншчык. Да яго і звярнуліся за рамонтам. Як жа здзівіўся бацька, ды і ўсе дамашнія, калі майстар распавёў, што ён убачыў, калі адчыніў дзверцы. Усё было спраўна, толькі вось мяхі, якія выдавалі гукі, падобныя да крыку зязюлі, калі праз іх праходзіла паветра, былі парадкам пашкоджаны. Дакладней, пакусаныя да дзірак у многіх месцах. Дзіцячае свавольства выключалася… Заставаліся мышы. Але іх у хаце не бачылі з тых часоў, калі ў ёй сталі гаспадарыць дзве кошкі, прывезеныя з Беластока.
Мяхі гадзіншчык замяніў, гадзіннік павесілі на ранейшае месца. Пару дзён зязюля, як і раней, весела аб’яўляла на ўсю хату надыход новай гадзіны. Але потым ізноў змоўкла, што яшчэ раз перапалохала ўвесь дом…
Толькі адзін чалавек у сям’і паводзіў сябе спакойна. Гэта была бабуля Юстына. Яна толькі ўсміхалася і хітра прыжмурвала вочы.
За вялікім дубовым сталом сабралася ўся сям’я. Слухалі бабку Юстыну. Яна сядзела на ложку, бліжэй да печы, бесперапынна працавала спіцамі і не спяшаючыся гаварыла:
– Дык вось, дарагія мае дзеткі, у гэтай хаце я ўжо не адзін дзясятак гадоў размяняла. Ведаю яе, як ніхто. Сюды мы пераехалі з маім даражэнькім Уладзяй, тут дзяцей сваіх нарадзіла, адсюль, дай Божа, і на той свет выберуся.
І ўслыхалі ад старой Юстыны наступнае… Калі яны пераязджалі са старой хаты ў гэтую, то ў валёнку, што зараз на печцы ляжыць, перавезлі дамавічка. Колькі часу жыў ён з гаспадарамі хаты ў згодзе, а вось зараз нешта пачаў гарэзнічаць.
– Мае бацькі яшчэ казалі, – працягвала бабуля, – што дамавікі цяжка прывыкаюць да новых рэчыў. Цяжкія могуць рухаць па начах, а малыя – дык і разбіць ды зламаць могуць. Відаць, нашаму дамавіку сам гадзіннік спадабаўся, мо, нават туды жыць перабраўся. А вось зязюлю гадзіннікавую цярпець не стаў – вось і сапсаваў яе.
Бацька абурыўся:
– Значыцца, мне гадзіннік зараз выкінуць трэба? Але такі ж не ўва ўсіх у хаце ёсць, а якія грошы за яго заплочаны!
Яго маці на правах старэйшай зноў узяла слова:
– Гадзіннік няхай цікае, а зязюля кожныя паўгадзіны выглядвае. Але няхай яна будзе без голасу. Давайце дамавіку насустрач пойдзем, столькі год жа ў нас жыве. Можа, і ён нам калі дабром аддзячыць.
Так і вырашылі. І трэба ж! Як ў ваду бабуля глядзела…
Прайшло два гады. Справа была бліжэй да Калядаў. Маразы стаялі траскучыя. Таму толькі што з’явіўшаяся на свет цяля ўнеслі ў хату, каб ён абсох ды на ножкі ўзняўся. Але калі з ім з хлява сыходзілі, у спешцы пакінулі на падлозе палаючы ліхтар. Увечары, стаміўшыся, усе ў хаце моцна заснулі, і вось, пасярэдзіне ночы са страшэнным грукатам са сцяны на падогу зваліўся гадзіннік… Ускочылі, запалілі святло, і нехта з дамашніх убачыў, што з дзвярэй хлява дым ідзе – якраз тады ноч месячная была.
Кінуліся да хлява і ў час збілі полымя. Яшчэ б некалькі хвілін – і ўся гаспадарка занялася б агнём.
– Вось, – казала потым бабуля Юстына, – у пару гадзіннік дамавік з цвіка скінуў.
І яшчэ быў выпадак, не менш дзівосны, калі хавалі старую гаспадыню. Калі труну з хаты выносілі – раптам пачулі, як некалькі разоў пракукавала ў гадзінніку зязюля. Але мяхі ж дзіравыя. Неяк прымудрыўся дамавік з бабуляй развітацца, памятаючы яе добрае сэрца.
– Вось і судзіце самі – праўда гэта ці казка, – скончыў свой аповед дзед Міша.
– А ці захаваўся гадзіннік? – пачалі прыставаць з пытаннямі слухачы.
– Ну, гэта зусім іншая гісторыя, – адмахіваўся ён. – Можа, і распавяду, але ў другі раз. У другі раз…