Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ЧАКАННЕ Ў ТУМАНЕ >

ЧАКАННЕ Ў ТУМАНЕ

З самага пачатку не шэнціла нам з правадніком: трое тутэйшых жыхароў адмовіліся адразу, і толькі хударлявы стары гадоў сямідзесяці пяці, не спяшаючыся накарміўшы авечак, сгадзіўся праехаць з намі да старой капліцы. Па дарозе сталі распытваць правадніка, што яму вядома пра гэтую капліцу-пахавальню, і вось што ён нам распавёў…

З даўніх часоў і да Першай сусвенай вайны на гэтых землях існаваў невялікі, але даволі паспяховы маёнтак. Гаспадар, па чутках, чыгунку ў Расіі будаваў, там і смерць сваю сустрэў. Пані Эльжбета – так звалі гаспадыню маёнтка – засталася адна з трыма дарослымі сынамі. Двое з іх за мяжу вучыцца паехалі, ды там і засталіся. Праўда, зрэдку наведвалі маці, прыязджалі з маладымі жонкамі і дзецьмі. Малодшы ж сын заўсёды быў пры маці. Ён таксама ў свой час вучыўся ў Варшаве, але вярнуўся ў маёнтак і дапамагаў маці кіраваць гаспадаркай.

Дык вось, закахаўся гэты хлопец ў прыгажуню з суседняга фальварка, які быў побач, праз рэчку. Старой хаспадыні, відаць, даспадобы прыйшлася нявеста сына. Але толькі справілі вяселле – выбухнула Першая сусветная вайна. Малады гаспадар сышоў на фронт, а яго маці запрасіла да сябе ў маёнтак цяжарную жонку сына. Кажуць, менавіта з гэтага пагорка, дзе зараз стаіць капліца, дзве жанчыны і выпраўлялі навабранца на вайну.

А капліцу пані Эльжбета пачала будаваць яшчэ раней, і, калі сын ішоў на вайну, яна была ўжо амаль дабудавана.

Праз належны час нарадзіла маладая жонка дзіця – дачку. Але здарылася вялікае няшчасце – нявестка хутка занядужыла, і ўсе намаганні старой пані вылячыць яе былі дарэмныя. Сканала маладая маці, мужа не дачакаўшыся, а дачка малая на руках свякрові засталася.

Спачывае няшчасная жанчына менавіта ў гэтай капліцы…

– Усё, – перарваў свой аповед стары, – тут пакідай калёсы, далей шлях наш пешы. Вось тут праз лясок пройдзем, а там у плот упнёмся. Хаця… які там плот. Вёска даўно нежылая, глухая, значыцца. Не чуў я, каб туды хто хадзіў. Вам гарадскім толькі не сядзіцца.

– Сфатаграфаваць трэба, для гісторыі, – апраўдваемся мы.

– Каго яна цікавіць, гісторыя гэтая. Хаця розныя ж людзі бываюць.

– Вядома! Значыць, і цікавяцца яны розным.

– Далей распавядаць? – спытаў стары.

… Праз колькі часу адзін са старэйшых сыноў прыехаў да старой пані і, гледзячы па ўсяму, пераканаў маці пераехаць з малюткай да яго. Так Эльжбета і зрабіла. Справілі набажэнства, ды і на чужыну падаліся. А потым, самі ведаеце, Грамадзянская вайна лютавала, у сталінскія часы жах колькі людзей пазнікала. Нацярпеліся…

Прайшлі мы лясок і падышлі да канавы без мастка. Відаць, з часам струхлеў ён і ў ваду абваліўся. Над яркай зелянінай старых садоў на другім беразе чарнелі дахі хат. Справа на пагорку высілася капліца.

– Значыцца, паварочваць трэба, – пашкадаваў стары, расчараваны не менш за нас. – Уброд лезці не раю, невядома, глыбіня якая. А яшчэ, мяркую, цікава вам будзе даведацца… Сам дык я не бачыў, але людзі з той вёскі ў страхе казалі, што адразу ж пасля ад’езду гаспадыні маёнтка на пагорку, дзе маладая пані пахавана, сталі адбывацца дзіўныя рэчы. Калі з балота туман паднімаўся ажно да самай капліцы, з’яўляўся ў ім цень, быццам жанчыны, і стаяў нерухома, пакуль раніцай туман не спадаў. Відаць, душа нябочжыцы мучылася – усё працягвала яна чакаць мужа і дачку. Але з таго часу ніхто з гаспадароў маёнтка сюды не вярнуўся. А можа, і прыязджаў хто. Я і не ведаю.

Хутка гусцеў змрок. Рваныя шматкі туману з нізіны папалзлі ў гару да капліцы.

– Час нам, сынкі, назад паспяшацца, – ціха вымавіў стары. – Хаця дзень доўгі, але ноч свайго не упусціць. Дарога ў вас няблізкая, ды і мне, старому, косці свае трэба да цяпла, да печкі несці. Паспяшаемся, сынкі, паспяшаемся.

Мы неахвотна пагадзіліся, і зноў паглыбіліся ў лес, часта азіраючыся праз плячо на надыходзячы туман.