Выкурыўшы тоўстую самакрутку пасля сытнай вячэры і падклаўшы пад локаць старое жоўтае сядло, дзядзька Міцяй, мой сусед, які працуе конюхам у калгасе, пачаў свой аповед так:
– Нават старыя з нашай ваколіцы ўжо не вераць у гэтую гісторыю. Кажуць, што гэта казка, якую прыдумалі іх далёкія продкі і з тых часоў распавядалі яе дзецям малым. Але ж казкі некалі былі легендамі, а яны ў сваю чаргу нараджаліся дзякуючы сапраўдным падзеям нашай незвычайна багатай гісторыі, падзеям, якія адбываліся ў нашых краях з нашымі продкамі. А казка гэта пачыналася з таго, што…
… У лесе перасталі спяваць птушкі. А лес гэты быў проста казачны. Чырвоныя ствалы сосен так высока ўзнімаліся ў неба, што здавалася – вяршыні іх былі аблокамі, а аблокі – іх вяршынямі. Імкненне дрэваў уверх не перашкаджала імкненню сонечнага святла ўніз. І ў гэтым патоку святла ўсе станавілася празрыстым і чыстым. Нават ручай, які бег пад дрэвамі-веліканамі, быў не проста бягучым струменьчыкам вады, а пералівістай плынню промняў і блікаў. Спевы лесу, ручая, птушак, святла і паветра кружылі галаву. Так было добра, што, здавалася, такога быць не можа. За што камусьці шчасце адчуваць усё гэта? Ці такое можа быць толькі перад смерцю.
Усё было гарманічна ў гэтым лесе. Але аднойчы перасталі спяваць птушкі! Усё неяк раптам замёрла, насцярожылася. Нават ручай, які заўсёды некуды спяшаўся, здавалася, спыніўся ад здзіўлення. Сосны намагаліся разгледзець, што там унізе здарылася. Яны неяк нязручна павярнуліся і перакрылі шлях сонечным промням. Сырасць і змрок тут жа зашапталіся паміж сабой, нават адразу не адважыўшыся выпаўзці з-пад карчоў і пнёў. Паветра напоўнілася трывожным чаканнем. Вецер перастаў ласкаць і раскачваць паветра. Запахла цвіллю і грыбамі, імхі і лішайнікі ўсіх масцей паглынулі квітнеючыя травы і ягаднікі. Ствалы сосен пацямнелі, а жоўтае апалае лісце пераўтварылася ў брудныя плямы на бруднай шэрай траве.
І гэта не здалося. Гэта было напраўду. Згубіўшы спевы птушак, лес згубіў і зацікаўленасць у жыцці. Нешта нядобрае здарылася ў свеце. А прычынай усяму гэтаму няшчасцю была незнаёмая птушка, якая сядзела на краі лесу, на тоўстай ветцы счарнелай асіны. Яна прыляцела сюды зусім нядаўна. Адкуль яна з’явілася, ніхто не пытаўся ды і не цікавіўся. У гэтым проста не было патрэбы. У такім цудоўным месцы на ўсіх павінна хапаць і дабра, і святла, і цяпла. Як госці ёй была аказана патрэбныя ўвага і павага: і стол сытны, і месца не на скразняку. Карысталася ўсім птушканаваяўленая не саромясь. А калі нацешылася яна гэтай гасціннасцю, такія салодкія прамовы напляла яна. Не магла яна зразумець, чаму тут усе заўсёды шчабечуць, шчоўкаюць і чырыкаюць. Карацей, шумяць дарма. У краіне заморскай, адкуль яна мела гонар паходзіць, так не заведзена і нават непрыстойным лічыцца. Маўляў, у іх маўчанне – проста на вагу золата. Нешта загадкавае і новае было ў нетутэйшай птушцы. Новая мода на маўчанне хутка распаўсюджвалася. І няважна, хто стаў першым папугаем у гэтай з’яве. Праз некаторы час у лесе проста перасталі спяваць птушкі. Свет, які ствараўся тысячагоддзямі, пачаў разбурацца на вачах. Як храмавы перазвон ачышчае душу чалавека, так птушыныя спевы ачышчаюць увесь гэты свет.
Аднаму Богу вядома, што адбывалася б далей, каб не аднойчы раніцай маленькая птушка, якая нічога яшчэ не разумела ў гэтым глупстве дарослых, раптам, па натхненню збавіцелькі-прыроды, заспявала вельмі простую і пяшчотную песеньку. І, дзякуй Богу, уявіце сабе, хапіла ва ўсіх вакол зразумець, што гэта цудоўна, што гэта і ёсць іх роднае і прывычнае, спрадвечнае. Усё вакол адчула такую моц у гэтай простай песенькі, што захацела падтрымаць птушку-малышку. І вось увесь свет, які быў блізкі да сканання, раптам падумаў, а ці не пражыць яму яшчэ хаця б да канца гэтай песенькі. Але паўсюль усё так радавалася, шчабятала, чырыкала, што стала ясна – канца гэтаму не будзе ніколі. І ў гэтым звоне ручая, шуме ветру ў кронах дрэў, незабыўным птушыным хоры нельга было пачуць брыдкага крыку чужой, нетутэйшай птушкі. Як казалі мае мілыя землякі – прышлай.
…Паклаўшы галаву на сядло, дзядзька Міцяй салодка пазяхнуў, пацягнуўся і пад шумнае фырканне коней, пад дзявочыя спевы, якія даносіліся з мілай нашай вёскі, тут жа заснуў.