
Рэдка, вельмі рэдка бывае тут чалавек. Не відаць ні дарогі шырокай, ні сцяжынкі вузкай. Спадзісты пагорак, як знарок, закрывае сабой тое ціхае, забытае людзьмі месца. Праязджаюць і не ведаюць, што там, за гэтым пагоркам, у ціхай лагчынцы, даўно парослай лазой, пад кронамі бяроз і клёнаў, як быццам схаванае ад усіх на свеце, ляжыць невялікае азярцо. А там, дзе няма ні дрэў, ні кустоў, каля самага берага, нахіліўшыся над вадой, расце вельмі старая яблынька. Яблыкі яе невялікія прылятаюць паспрабаваць птушкі і прыходзіць пакаштаваць лясное звяр'ё. Яна ж накрывае іх сваёй лістотай, хавае ў кроне, нібы абдымаючы...
Аднойчы па шчаслівай выпадковасці давялося нам падвозіць бабулю на базар у бліжэйшае мястэчка. І аказалася, што родам яна з вёскі, якая ляжыць літаральна ў кіламетрах пяці ад возера, якое я вам апісаў. Вось яна і распавяла, што месца гэта асаблівае і яго аберагаць трэба. Пачула яна гэта ад бацькоў, з прыгожай легенды, якую ёй яны распавялі, яшчэ калі тая была зусім юнай.
Са спрадвечных часоў уся гэтая мясцовасць была пакрытая непраходнымі лясамі. На тым месцы, дзе цяпер азярцо, стаяла хата лясной вайдэлоткі. Жыла яна не адна, а са сваёй дачкой. Як кажа легенда, прыгажосці захапляльнай.
А наводдаль, прыкладна дзе цяпер раскінулася вёска нашай апавядальніцы, была велізарная заможная гаспадарка лесніка, які стаяў на службе ў багатага князя, якому належалі ўсе гэтыя лясы. Здарылася так, што на паляванні малодшы сын лесніка выпадкова сустрэў дачку вайдэлоткі. Як убачыў яе, так і закахаўся без памяці. Дзяўчына таксама была зачараваная сілай і спрытам юнака. Вядома, сустракацца сталі, ды толькі ўпотай. Папрасіў хлопец братоў сваіх бацьку пра дзяўчыну не расказваць, бо ведаў, што той ненавідзіць маці каханай. Ляснік, аднойчы сустрэўшы вайдэлотку, запатрабаваў, каб тая пайшла з лесу. На што жрыца паганскіх багоў адказала: «Ты пастаўлены над лесам уладай і грашыма. Я ж тут як сястра яго, пасланая небам і маці-прыродай».
Можа, з братоў хто прагаварыўся, можа, сам ляснік даведаўся, куды яго сын па начах ходзіць. Пасадзіў ён яго ў камору пад замок. Але юнак збег, а бацька неадкладна пагоню справіў.
Прыбег хлопец да каханай у хату вайделоткі. Ва ўсім прызналіся яны маці дзяўчыны і ўзмаліліся аб дапамозе. Тая абняла іх у слязах, прачытала над імі, укленчанымі, заклён і выбегла з жытла. Памчалася сярод дрэў, выкрыкваючы словы, каб адвесці ад хаты з дзецьмі бяду, адцягнуць пагоню. Пераследнікі і напраўду кінуліся адразу за ёю, доўга па лесе блукалі, але ўсё ж дагналі жрыцу і забілі яе. А калі падышоў ляснік да жылля вайдэлоткі, то на яго месцы ён і людзі ягоныя ўбачылі невялікае азярцо, а на беразе яго – яблыньку. Здагадаўся ляснік, што сталася з яго сынам. Пасеклі людзі яго мячамі яблыньку і кінулі ў возера. Але на наступную вясну з пянька яе парастак з'явіўся. Адрадзілася так яблынька-дзяўчына побач са сваім каханым. З тых часоў і па дзень сённяшні так і засталіся яны разам.