Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ДАМАВУШКА НЮШКА >

ДАМАВУШКА НЮШКА

Чума касіла без разбору і без літасці, засталося ў гэтай вёсцы па адным-два чалавекі ў дамах. А ў тыя часы былі о-го-го якія сем'і – да дваццаці ратоў пад адным дахам жыло.

Напаткала няшчасце і гэтую сям'ю. Бацька, маці і чацвёра іх сыноў Богу душы аддалі, цудам засталася жывая толькі дзяўчынка гадоў дванаццаці. Клікалі яе Рэня. Чуллівыя суседзі прапанавалі ёй перайсці да іх жыць, але дзяўчынка апынулася з характарам і заявіла, што, як зможа, так і будзе весці гаспадарку адна.

Людзі ёй дапамагалі – бо гора заўсёды збліжае. Скацінку пабуйней прадалі, каня да суседзяў адвялі на ўмове, што калі будзе патрэба ў цяглавай сіле – не адмовяць. Засталася птушка розная, авечак пяток ды кот з сабакам. Так і расла Рэня, гаспадаркай занятая. Агарод і невялікае поле заўсёды дагледжаныя былі, дом у чысціні ўтрымоўвала, знаходзіла нават час з сяброўкамі на вячоркі схадзіць. Ды і аднавяскоўцам у гарачую пару ў дапамозе ніколі не адмаўляла.

Расла Рэня працавітай, ветлай, Богам прыгажосцю не абдзеленай. Час прайшоў, і сталі хлопцы на красу дзявочую заглядацца, сталі напрошвацца дадому правесці, наравілі на вячорках сесці бліжэй. Рэня да гэтага ставілася стрымана, але старэйшыя сталі ёй раіць, што пара і замуж збірацца. Сіла мужчынская ў доме патрэбна, зрабіць трэба ўсё па-боску – абзавесціся сям'ёй, а там Гасподзь і дзецьмі парадуе, з імі шчасцем дом напоўніцца.

А тым часам заўважаць стала гаспадыня юная, што, калі яна па справах з дому адлучаецца, нехта справы дробныя хатнія робіць. Міску са стала прыбярэ, абутак мокры на печ паставіць, у сподак котцы малака налье. Хоць, здаецца, дзверы на завалу зачыненыя былі. Стала ўспамінаць сірата, што маці, калі была жывая яшчэ, казала, што ў іх доме жыве дамавушка-бабуля – невялікая ростам, вясёлая такая, чысціню ды парадак надта паважае.

І вось неяк доўгім зімовым вечарам сукала Рэня пражу тонкую, а з-за печкі па палавічку на святло да стала падышла бабуля-дамавушка ў хусцінцы ды ў фартушку ў гарошынку. Гаспадынюшка не спалохалася, адразу ж распавяла, што мацi яе родная даўно пра яе расказала. То пэўна, пара прыйшла знаёміцца. Вось толькі чаму яна раней не паказвалася? Аказваецца, вырашыла дамавушка, што са смерцю папярэдняй гаспадыні парадку і ўтульнасці не дачакацца ў хаце ад дзіцяці малога. Сышла яна з хаты, але пасля вярнулася і ўзрадавалася вельмі, што юная гаспадыня ўся ў маці – такая ж кемлівая. Вось таму і засталася.

– Так а зваць цябе як? – пацікавілася Рэня.

Тая адказала, што Нюшаю.

З той пары дамавушка Нюшка часта з-за печкі выбіралася, садзілася побач. Ёй песні слухаць падабалася, калі Рэня спявала, ручной працай займаючыся.

Адным такім вечарам вырашыла дзяўчына спытаць дамавушку, як даведацца ёй да замужжа пра свой лёс дзявочы. Хацела ведаць, хто будзе ёй абаронцам, з кім у любові жыць давядзецца.

– Сэрца слухаць трэба, – адказала ёй Нюшка.

– Так усе яны добрыя, – сказала Рэня шчыра. – Але часцей за ўсё сэрца б'ецца, калі я бачу Фёдара.

– Дазволь дапамагчы табе, – ціха адказала бабуля. – Калі жаніхі заявяцца, старайся, каб з кожным з іх ты сам-насам засталася, а я там сама ўсё зраблю, ёсць у мяне адна думка...

Восень выдалася ўраджайная ды сухая. Палі, жытам надзьмуўшыся, свежай задыміліся раллёю. Прыйшоў час сватаўства. Вось і Рэніну брамку адкрыў рукою спрытнай жаніх, які першым быў. Госць як мае быць прыняты. Пачастункі сціплыя, але ад душы.

– Затрымайся, – кажа Рэня жаніху першаму, калі госці да дзвярэй чарадой падаліся. Засталіся яны за сталом абедзенным. Размова пра тое, пра сёе... Раптам позірк жаніха на падлогу дашчаную падае, а там залаты ляжыць, красуецца, згублены кімсьці, вось, пэўна, толькі-толькі. Закашляўся жаніх, вады папрасіў прынесці ў каўшы, ды той, што на лаве ў сенцах, пахаладней. Толькі дзяўчына ў сенцы выйшла, а госць манетку раз – і ў кішэню. Ды на падставе таго, што спяшаецца, тут жа прэч з хаты выскачыў.

– Драбнаваты нутром хлапчына. Зладзеяваты. Жыць яму са злом і прагнасцю, а не з жонкай-прыгажуняй, – казала Нюшка, калі яны з маладой гаспадынюшкай вячэраць селі зацемна. – А залаты літаральна адразу ў яго кішэні ў жолуд ператворыцца зморшчаны.

Пасмяяліся ды спаць ляглі з душой спакойнай.

Другі жаніх быў такі напышлівы, з галавою задранай – як ёсць певень з двара суседскага. На што ні зірне – хмыкае ўсё, пальцам калупае, дзьме шчокі. На Рэню зірнуў разок, ды і то скоса. Але дзяўчына ўсё ж ўгаварыла задавастага пасядзець на лаўцы моцнай, маўляў, сам-насам пару слоў ёй сказаць ужо надта хочацца.

– Зрабі ласку, – кажа жаніх, – толькі хуценька. У мяне яшчэ візітаў з тысячу.

І раптам бачыць ён, што на падлозе манета звонкая ляжыць, нібы кінутая. Вой, людцы мае мілыя, як змяніўся ён. Ураз не пазнаць задаваку ранейшага. Раптам на калені бухнуўся. Рукі стаў заламваць, біць сябе ў грудзі, кажа, хацеў схаваць каханне сваё, не вытрымаў:

– Заўтра... Ды хоць цяпер, што нам заўтра, пад вянец зараз жа.

І так незаўважненька манетку спрытна падхапіў і сабе ў кішэню паклаў. Ледзь Рэнька ад нахабніка настырнага адбілася. Задыхалася, змучылася, за дзверы яго выстаўляючы.

І зноў Рэня з дамавушкой Нюшкай пацешыліся, жаніха гэтага ўспамінаючы.

– Вось глянь ты, – казала дамавушка, – як раптам змяніўся дзяцюк, золата ўбачыўшы. Надумаўся жаніцца, ды не па каханні, а па разліку подлым. Нябось вырашыў ён, што ты на золата багатая. Век яму так і мучыцца, жыць з такою нікчэмнаю душой...

З бацькам ды з бабкай старэнькай зазірнуў у дзявочы дом і Фёдар-муляр. Усё гэтак жа, як і з папярэднімі жаніхамі, пад абразамі сядзелі, пачастункі гаспадыніны нахвальвалі, ды і пра моладца слова добрае сказаць не прамінулі. І калі госці сыходзіць сабраліся, Рэня за рукаў Фёдара пацягнула і папрасіла застацца зусім на кропельку. І толькі хлопец сеў на лаву, адразу каля ног ягоных пятак з золата блішчыць... Падняў Фёдар яго: «Глядзі, дзяўчына, згубілі госці, што да мяне тут былі. Калі вернуцца – значыць, потам зароблены, калі не – цаны яму не ведаюць. І тады прапаную гэта золата ў царкву да свята знесці, каб было з ім скончана. А мы з табой, Рэнюшка, калі ўсё ў нас заладзіцца, разам працаваць станем, сваё дабро здабудзем. І тады яно ўдвая нам будзе ў задавальненне».

Вось так жаніха і выбралі Рэня з дамавушкай Нюшкай. Да вяселля пакацілася, следам шчасце ў дом прыйшло, дастатак ды згода.