Такіх бочачак у любым этнаграфічным музеі набярэцца з дзясятак. Але на счарнелых ад часу баках менавіта гэтай бочачкі адбілася трагічная гісторыя з далёкага мінулага, у якой яна адыграла сваю ролю. Магчыма, не галоўную, але і не апошнюю. У чым вы, нашы чытачы, зараз і пераканаецеся.
Дваццатыя і пачатак трыццатых гадоў мінулага стагоддзя пакінулі свой след у гісторыі эмігранцкага руху. У гэты перыяд актывізаваўся паток жыхароў Беларусі, што беглі за мяжу. Акрамя палітычнай прычыны была яшчэ і эканамічная – людзі ехалі на заробкі, дабіраючыся не толькі да краін Еўропы, але і да Аргенціны і Злучаных Штатаў, Канады. Хтосьці ад'язджаў у адзіночку ці невялікімі групамі, а дзесьці ствараліся цэлыя арцелі.
Так і ў гэтай вёсцы маладыя і дужыя мужыкі вырашылі цэлай будаўнічай брыгадай ехаць за мяжу. Сярод іх быў і малады мужчына, у якога была ўжо жонка і трое маленькіх дзяцей. Бацькі яго абяцалі дапамагчы нявестцы і ўнукам, падтрымліваць іх чым змогуць. Развіталіся сям'і і рассталіся.
Прайшлі два доўгія гады чакання. І вось аднойчы, пасля ўборкі ўраджаю, у нядзелю бацькі мужчыны сабраліся на святочны кірмаш у суседняе мястэчка, якое было прыкладна вёрст за дзесяць ад вёскі. Прапанавалі паехаць і нявестцы. Тая, пакінуўшы дзяцей на апеку бабулі, з радасцю пагадзілася.
Сям'я трохі затрымалася ў дарозе і прыехала ўжо ў самы разгар таргоў. Расклалі яны свае хатнія прадукты на продаж, і раптам па кірмашы пракаціўся гул: «Едуць! Едуць! Нашы вяртаюцца». І праўда, з боку вялікага гасцінца праехала па вуліцах мястэчка і прама на рыначную плошчу заехала чарада вазоў з падарожнікамі. Сярод іх быў і воз таго самага мужчыны, сям'я якога прыехала на базар, набіты ўсялякім дабром. Ашалелыя ад радасці, кінуліся сваякі яго абдымаць, жонка расплакалася ад шчасця. Тут жа прапанавалі яму ехаць дадому. Але мужчына адмовіўся, і вось чаму.
Вярталіся работнікі-эмігранты не толькі з кішэнямі, поўнымі грошай, але везлі з сабой яшчэ і мноства дабра, пачынаючы ад мэблі і адзення і скончваючы інструментамі і рознымі механізмамі. Небяспечна было па дарогах ездзіць у адзіночку, таму ў абозы аб'ядноўваліся, так было лягчэй ад людзей ліхіх, што разбоем зарабляюць, абараняцца.
Дамовіліся разам кожнага абозніка да хаты суправаджаць – для бяспекі. А наш герой быў абраны старшым ў абозе, і ў абавязкі яго ўваходзіла даставіць у цэласці таварышаў да месца жыхарства.
Мужчына супакоіў жонку і бацькоў і расказаў, што ў абозе ў яго ўсе землякі, людзі мясцовыя, з бліжэйшых вёсак. Запэўніў, што да ночы дахаты вернецца, дзяцей абдыме.
Развіталіся, спадзеючыся на нядоўгае расстанне. Перад тым, як з'ехаць, мужчына пераклаў у воз бацькоў дубовую бочачку з гасцінцамі рознымі – маўляў, хай дзеці паласуюцца. Вярнуўшыся з кірмашу, дарослыя адкрылі падарунак перад дзецьмі. Бочачка была даверху набітая цукеркамі, пліткамі шакаладу і каляровага мармеладу.
Але ні да ночы, ні да раніцы наступнага дня мужчына не вярнуўся... Прыехаў у брычцы жандар са страшнай весткай. Калі многія з абознікаў раз'ехаліся па дамах, на тых, што засталіся, наляцела банда, і на абочыне дарогі засталіся толькі трупы людзей. Трэба было камусьці паехаць, апазнаць роднага чалавека сярод забітых і прывезці дадому.
...Доўгі час бочачка ля стала стаяла замест зэдліка, потым яе закінулі на гарышча, дзе яна з гадамі згубілася сярод розных рэчаў. І толькі праўнукі, выпадкова знайшоўшы бочачку, успомнілі гісторыю пра яе, якую чулі некалі ад сваёй бабулі.