Гісторыя гэта з далёкіх-далёкіх часоў, калі на прасторах нашай Беларусі панавала паганская вера. Цесна яна была звязана з чараўніцтвам і перакананнем у тым, што асобнае племя ці цэлы род людскі паходзіў ад нейкай жывелы, расліны, камня ці нават ад прыроднай з’явы.
Усе жыхары вакольных вёсак былі цвёрда перакананы, што гэты камень быў іх далёкім продкам – адважным воінам, які аднойчы пераўтварыўся ў вялізарны валун і стаў вартаўніком, каб бараніць ад варожага падступства, ад звера лютага ўсіх жыхароў навакольных зямель. Напрыканцы свята ўраджаю неслі да камня ўсялякія пачастункі, упрыгожанні і амулеты. Але часцей за ўсё прыходзіла да камня дзяўчынка-сірата, якая страціла бацькоў яшчэ ў маленстве. Жыла Параска – так звалі дзяўчынку – у сваячкі, скупой і злоснай, якая крыўдзіла дзіця без аніякай прычыны. Цяжка працаваць прымушала ды куском хлеба папінала.
І вось аднойчы паслала гэтая нядобрая жанчына дзяўчынку ў лес за галлём, наказаўшы, каб на гэты раз прынесла яшчэ большую вязанку. А дзень хіліўся да вечара, з луга да садоў падбіраліся туманы…
Набрала Параска такую вялізную вязанку, якую толькі магла ўнесці. Неяк выбралася з лесу, па мосціку рэчку перайшла і вырашыла ля гэтага самага камня спыніцца, паднесці богу пачастунак – лясныя ягады на вярхушку валуна высыпаць. Як на ліха сабраліся хмары і хлынуў на зямлю дождж. Малая да камня прыціснулася, ратунку і прытулку просячы. І вось страшэнны раскат грому патрос ваколіцу. Трапіла у камень маланка, ад яго адкалоўся кусок і зваліўся побач. Дзяўчынка, канешне, вельмі спужалася. Але бачыць: пасля ўдара маланкі валун пераўтварыўся ў каменны фатэль, ад якога ішла блакітная пара. На вобмацак фатэль быў цёплым, таму стомленая і ўчшэнт змоклая Параска забралася на камень і зараз жа заснула.
Цётка, больш клапоцячыся пра тое, што падумаюць людзі, чым пра дзіця, не дачакалася дзяўчынкі і неахвотна выйшла яе шукаць. Калі яна знайшла сонную Параску на камяні, спачатку страшэнна раззлавалася. Пачала дзіця з камяня здымаць і здзівілася: адзенне на дзяўчынке было сухім, ды і валасы не вільготнымі, хаця і дагэтуль імгліла. Яна сцягнула Параску з камяня і ўселася на каменны фатэль сама. Адчуўшы яго цяпло, гучна засмяялася: вось ёй пашэнціла! Камень гэты яна дадому зацягне, і будзе ў яе ў хаце яшчэ адна печка, для якой і дроў не трэба. Але раптам зноў пачуліся раскаты грому, і з незвычайнай сілаў у камень ударыла маланка, спапяліўшы цётку.
Усе ў весцы вырашылі, што Перун-бацька пашкадаваў і сагрэў сірацінку малую, а потым жорстка пакараў нядобрага чалавека з цёмнай душой…
Існуе яшчэ адна гісторыя, звязаная з гэтым камянём. Тутэйшы абшарнік, заўзяты праціўнік паганства, прыцягнуў адколаты кусок у свой маёнтак і зрабіў з яго каменны стол у садзе. Кажуць, падчас навальніцы маланка трапіла ў каменны стол, тут жа забіўшы некалькіх гасцей і самога гаспадара. Праз колькі год сын таго абшарніка вырашыў узарваць нянавісны камень-фатэль, але людзі адгаманілі, пераканалі маладога барына не рабіць гэтага.
Дагэтуль ляжыць на сваім месцы камень-фатэль, побач з ім губляецца ў высокай траве змялеўшая рачулка, яе вада цурчыць, быццам размаўляе з навакольным светам: з камянём, дрэвамі і травамі… Але толькі не з намі, хто ўжо забыў старажытныя вераванні сваіх продкаў…