Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ГАДЗІННІК ПАДДАШКАВЫ >

ГАДЗІННІК ПАДДАШКАВЫ

Ёсць гадзіннікі настольныя, падлогавыя, насценныя. А ў мяне ёсць гадзіннік паддашкавы.

Стаю ў сенцах на глінабітнай падлозе і, задраўшы галаву, гляджу ў чорны квадрат паддашкавага праёма. Адтуль даносяцца напераменку крахтанне, гучнае сапенне, грукат рэчаў па падлозе ды лопанне крылаў напалоханных галубоў.

– Вось, – чую праз нейкі час зверху. – Вось усё, што я тут знайшоў. Ведаеце, колькі часу прайшло, можа, што ўжо і назусім згубілася.

– Добра, – супакоіў я гаспадара, – давайце, што ёсць.

З праёма спачатку з’явіліся зялёныя гумавікі і нагавіцы ў дробную палоску, потым целагрэйка з нейкай савецкай эмблемай, і ў канцы – кучаравая галава з вясёлымі вачыма і ўсмешкай на ўвесь твар.

– Вось, – паўтарыў уладальнік кучаравай галавы. У выцягнутых руках у гаспадара хаты – гадзіннікавы механізм: цыферблат, стрэлкі, маятнік. – Трымайце. Корпус быў драўляны, прыгожы. Бацька распавядаў. Але ж чаго гэта я пачынаю байкі баяць з сярэдзіны. Хадземце ў хату, да печцы, яна якраз паліцца.

Ад адных толькі слоў “да печцы” мне стала добра. У хаце ўсё як трэба: фіранкі з мярэжкамі, размаляваны куфар, белая печ пасярод вялікага пакоя, у куце – абразы пад вышыванымі ручнікамі і пажаўцелыя ад часу фотаздымкі ў драўляных рамках, на стале – медная міска з пузатымі гарбузікамі.

– Частуйцеся, – падсунуўшы міску, кажа гаспадар. – У гэтым годзе як ніколі ўрадзіла на гарбузы. Раней гаспадарка вялікая была, жывелы шмат. Усё дачыста з’ядалася. Зараз семечкі дастаём, а сам гарбуз сякачом-сякачом – ды пад пераворванне. Шкада, але што зробіш.

Лускаем гарбузікі, пстрыкаюць у агні дровы. На падлозе – квадратны сонечны заяц. Прыгажосць. Каб было ўжо зусім добра, да ўсяго гэтага, як сказаў мой субяседнік, байка пра гадзіннік, якія ён толькі што дастаў з паддашка гэтай ўтульнай хаты.

– Дзядуля мой, Дзям’ян Васільевіч, – пачынае ён, – ездзіў яшчэ пры Польшчы некалькі разоў на заробкі ў Францыю. Туды людзі дабіраліся за апошнюю капейку, а назад вярталіся з цэлымі абозамі дабра рознага: швейныя машыны прывозілі, інструменты, механізмы ўсялякія для гаспадаркі, матэрыі скруткі ды дзецям салодкія пачастункі. Але няма ліха без дабра, а дабра без ліха. Адразу ж на дарогах пачалі з’яўляцца шайкі нядобрых людзей, якія разбоем займаліся. Здаралася, калі на абоз нападалі – усё адбіралі. А абознікаў жыцця пазбаўлялі, каб сведкаў не засталося. Вось і дзеду майму, калі ён дадому вяртаўся, давялося ў такім пераплёце пабываць.

Напалі на золку. Абараняўся хто як. Але супраць нажа ды кастэта голымі рукамі доўга не памашаш. Вось і дзеда нашага адзін з бандзюкоў на зямлю зваліў, пад колы. Замахнуўся нажом для ўдару – і ў гэтае самае імгненне, уявіце, гадзіннік пачаў час адбіваць. Замарудзіў злыдзень, нават кінуў дзеду: маўляў, чуеш, як гадзіннік апошнія імгненні жыцця твайго адбівае. Але атрымалася ўсё наадварот. Праўду кажуць: “Не жадай ліха іншаму”. Трапіла яму ў грудзі куля, зваліла бандыта: на шум жандармы падаспелі. Пасля той ночы шмат хто і сярод людзей з абоза, і сярод бандытаў новага дня не ўбачыў.

Дзям’ян Васільевіч быў цвёрда ўпэўнены, што гэта Бог яму дапамог, у час стрэлкі перавёў. Ён так потым часта казаў. Шанаваў ён гадзіннік. Сам спружыну накручваў, сам пыл выціраў. Толькі зрэдку дачку малодшую, цётку маю, на рукі браў, каб маятнік гайдануць, калі той спыняўся.

А вось што, значыцца, далей было, ужо пры савецкай уладзе. Старэйшы брат майго бацькі працаваў пры кляштары. Ён быў добрым сталяром. А ў дваццатыя рашуча адмовіўся ўступаць у таварыства “Саюз бязбожнікаў”, створанае бальшавікамі. Страшныя былі гады – разбуралі храмы, манастыры. А колькі няшчасця прынесла раскулачванне! Ссылка цэлых працавітых сем’яў да “белых мядзведзяў” згубна адбілася на ўсёй нашай зямлі-матцы…

Неяк увечары сядзеў дзядзька мой на лаўцы за сталом, чысціў і змазваў гадзіннікавы механізм. Раптам – шолах за акном, нечыя цені, ствол рэвальвера. Выратаваў яго гэты гадзіннік, якім ён міжвольна прыкрыўся. Кулі папсавалі механізм і ў трэскі разнеслі корпус. Са слоў бацькі, ён быў самай “прыгожай цацкай” у хаце.

Хутка дзядзьку пашэнціла з’ехаць у Польшчу. Потым ад яго прыходзілі вестачкі з Францыі і Канады, пісаў, што справу прыбытковую наладзіў. А гадзіннік з таго часу, ужо непрацуючы і без корпуса, перавесілі бліжэй да абразоў.

Падчас акупацыі нямецкімі войскамі бацька малалеткам сышоў у партызанскі атрад. Са спаленнай хаты атрымалася вынесці толькі гэты гадзіннік. Бацька забраў яго з сабой у лагер партызан.

Аднойчы падрыўнікі ўзялі языка – маладога немца з інжынерных войскаў. На савеце атрада вырашылі, што ад такога “трафея” мала толку і што яго трэба, ну, зразумела – час ваенны. А калі раніцай прыйшлі за ім, пачулі ціканне гадзінніка. Высветлілася, што палонны ўсю ноч не спаў, а аднавляў пашкоджаны механізм. Гадзіннік якраз быў у той жа зямлянцы, дзе трымалі пад аховай немца. Як і што там вырашалі, але пакінулі рукастага фрыца ў лагеры перакладчыкам, бо ён няблага ведаў рускую мову. Да таго ж прызначылі яго наладчыкам гадзіннікавых механізмаў для самаробных мін. У канцы вайны адправілі немца на Вялікую зямлю. Кажуць, ён потым працаваў у нашым пасольстве ў Германіі.

Маці была ў тым партызанскім лагеры ўрачом. Яна і вярнулася з гадзіннікам дахаты. А бацька пагнаў немцаў, якія тады ўжо адступалі, далей. Прыйшоў героем з двума раненнямі.

А як гадзіннік у паддашку апынуўся? – мой субяседнік памаўчаў і, быццам апраўдваючыся, прамовіў: Нявестка, гарадская, патрабавала ў майго сына ўвесь хлам з хаты прыбраць. Маўляў, каб перад гасцямі з горада не чырванець. А ў выніку чырванеў я перад аднавяскоўцамі. А што я? – змоўк, а пасля паглядзеў на гадзіннік, які ляжаў побач на лаўцы, і дадаў: Гэта ж вунь як, здаецца, усяго толькі жалезка, а атрымліваецца, тры чалавечыя жыцці выратавала. Гісторыя”.