Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ГУСІНЫ БРОД >

ГУСІНЫ БРОД

Па абодва бакі ракі раскінуліся заліўныя лугі. У сярэдзіне лета вада адступала ад траў, і толькі месцамі блішчэлі ажно да самай восені дзіўных форм плёсы. Надыходзіла пара сенажаці. Тры ці чатыры тыдня касілі і сушылі траву, а потым вялізарныя вазы, гружаныя сенам, цягнуліся прасёлкавымі дарогамі да гаспадарскіх хлявоў. Адна з дарог пралягала праз стары струхлелы мост ля адзінокага вадзянога млына. На сенакос улегцы па гэтаму масту можна было праехаць, а вось назад гружаным – ніяк. Але на шчасце, крыху вышэй па рацэ з даўніх часоў існаваў брод, перайсці па якому можна было толькі на прыканцы лета, акурат пасля сенажатнай страды. Менавіта гэты брод і называлі Гусіным. Чаму? Вось пра гэта і будзе гаворка ў нашай легендзе.

Дзяцей на сенажаць раней бралі з таго ўзросту, калі яны маглі і ежу прыгатаваць, і бялізну перамыць, і вады прынесці, і ля шалаша прыбрацца. Адзін з касцоў, у якога ў сям’і былі толькі дзяўчынкі, узяў з сабой дачку гадоў дванаццаці. Кемлівай была ды працавітай, бацьку на радасць, ды і іншым людзям на стаянцы ніколі дапамагчы не адмовілася.

Час сенажаці праляцеў хутка. Дадому сталі збірацца яшчэ да світання: раніцай па прахалодзе і дарога лягчэй падаецца. Дабраліся да млына да абеду. Як заўсёды, па-за масток адразу да броду накіраваліся. Вазы з сенам, перавальваючыся, марудна ехалі праз раку на той бераг.

З-за чаго перакуліўся воз таго касца, што са сваёй дзяўчынкай на сенажаці быў – гэта ўжо справа дзясятая. Але няшчасце здарылася. Воз стаў нахіляцца, і бацька з дачкой вокамгненна зваліліся з вялікай высаты на зямлю. Мужчына толькі руку зламаў, а вось дзіця няшчаснае насмерць галавой аб камяні ўдарылася.

Няма такіх слоў, якія маглі б апісаць бацькоўскае гора. Уся вёска ў жалобе прыйшла на могілкі. Але слухайце, што далей адбывалася…

На наступны год на сенажаці толькі і было ўспамінаў пра злашчасны брод, які забраў жыццё беднай дзяўчынкі. Але што рабіць? Пасля сенажаці ізноў пацягнуліся да броду гружаныя сенам вазы. Даехалі і ў нерашучасці спыніліся: ніхто не жадаў ісці ў ваду першым. І раптам невядома адкуль прыляцела белая гусыня. Яна спакойна ўвайшла ў ваду і шчасна дабралася да супрацьлеглага берага.

Конь, які стаяў ля самай вады, запрэжаны ў гружаны воз, сам без пабуджэння пайшоў услед гусыні на другі бераг. Пераправіліся і ўсе астатнія фурманкі, абыйшлося без здарэнняў. А гусыня знікла так жа незаўважна, як і з’явілася.

Па акрузе адразу пачалі людзі казаць пра душу загінулай дзяўчынкі, быццам яна так дапамагае вяскоўцам перайсці раку. І паўтаралася так кожны год пасля сенажаці. Людзі перад пераправай пакідалі ля вады белай гусыні падарункі: кавалачкі хлеба, слодыч, пучкі траў з кветкамі. Праз нейкі час на беразе з’явілася драўляная каплічка. І з таго часу ніхто не пацярпеў, калі перабіраўся праз брод. Бродам Белай Гусыні сталі яго людзі называць, а потым і проста – Гусіны брод.

Падчас савецкага ваяўнічага атэізму спалілі каплічку. Сёння возяць людзі сена на тэхніке, ды па новаму масту, але шмат вяскоўцаў сцвярджаюць, што і цяпер даводзілася ім бачыць ля таго брода белую гусыню, якая прылятае невядома адкуль і невядома куды злятае…