Малюсенькага росту бабулечка, седзячы на лавачцы, перабірае высушаную цыбулю, абіраючы залацістае шалупінне, і складвае цыбуліны ў пляцёнку, падвешаную на нізкай ветцы яблыні, якая раскінула свой цень і над намі, і над большай часткай невялікага двара.
– Так вы кажаце, вы ведаеце, хто паставіў каплічку ў лесе? – пачынаю я размову.
– Чаму ж не ведаю. Калі мне распавялі гэта, была я зусім малая, але нешта памятаю, і нешта маці потым пераказала. Слухай, калі цікава.
У маладога пана з тутэйшага маёнтка памерла вельмі прыгожая маладая жонка. Пры цяжкіх родах дзіцяці здолелі выратаваць, а вось пані памерла. Можа, родныя, можа, проста добрыя людзі дапамаглі маладому гаспадару выгадаваць дзяўчынку. І вось праз некаторы час па сядзібе ўжо бегала і шчасліва шчабятала анёльская істота.
Журба страты пачала паціху адступаць. Час лячыў душэўную рану маладога мужчыны. Неўзабаве сталі гаварыць, што ў суседнім маёнтку на выданні нявеста, прыгожая, ды і на адукацыю бацькі грошай не пашкадавалі. Сталі сватаць удаўца да гэтай дзяўчыны. Адным разам маладыя людзі пазнаёміліся, яны спадабаліся адзін аднаму і хутка пачалі сустракацца часцей. А так як дарога з аднаго маёнтка да другога не займала шмат часу, малады пан запрагаў коней у брычку і наведваў юную пані. І трэба сказаць, што добрая частка гэтай дарогі пралягала праз сасновы бор, і вяртаўся пан часцей за ўсё далёка за поўнач, а то і пад раніцу.
І вось аднойчы пан, вяртаючыся позна дадому, праязджаў па дарозе праз лес, і здалося яму, што на бакавіне дарогі быццам стаіць на каленях жанчына ў белай сукенцы і моліцца. Але што дзіўна – тварам не да дарогі, а да лесу, то бок спінай да брычцы. Пан спыніў коней і вярнуўся да таго месца ля бакавіны дарогі, дзе толькі што бачыў жанчыну на каленях. Але ні на тым месцы, ні побач нікога не было. Мужчына вырашыў, што яму ўсё здалося. І праз некаторы час ён нават пачаў забываць пра гэтае здарэнне, калі аднойчы ўсё паўтарылася зноў. І ў постаці ўкленчанай здані пачаў удавец пазнаваць сваю памерлую жонку. І малебен быў замоўлены па нябожчыцы, і месца тое асвячалася, і малітвы чыталіся прывезеным да лесу свяшчэннікам, але здань не знікала. І пачалі казаць людзі з маёнтка ўдаўца, што сэрца маці з таго свету адчувае нядобрае ў будучым шлюбе бацькі дзяўчынкі і намагаецца даць знак, каб зберагчы дзіця ад нядобрага, якое, магчыма, прынясе ў дом мачыха. І каб дагадзіць нябожчыцы, павінен пан перарваць новае знаёмства, а на месцы з’яўлення сваёй жонкі паставіць капліцу са скульптурай укленчанай Маці Божай.
Прыслухаўся бацька дзяўчынкі да парады свайго духоўніка і знаёмых вернікаў, бо больш за ўсё любіў ён сваё роднае дзіцяці, сваю малую дачушку, якая з кожным днём станавілася ўсё больш падобнай да сваёй памерлай маці. Больш не ездзіў малады пан у суседні маёнтак, а ў лесе пры дарозе неўзабаве з’явілася капліца. Скульптару заказалі фігуру Маці Божай, але ўсталяваць яе не давялося – надышоў 1812 год…
Так як малады памешчык змагаўся на баку Напалеона, расійская ўлада адабрала яго маёнтак, і ён быў вымушаны пакінуць радзіму пры адступленні французскага войска. Па дарозе яму ўдалося развітацца з роднымі і забраць з сабой дачку. Як склаўся іх далейшы лёс амаль невядома. Але праз некаторы час з Францыі дайшлі чуткі, што ў бацькі і дачкі ўсё добра, што ў далёкай краіне яны пабудавалі невялічкі дом, дзе і жывуць пакуль удваіх, і што дачка вельмі таленавітая, займаецца музыкай і вельмі падобная да сваёй маці.
Калі ехаць хутка і не глядзець па баках, то можна і не заўважыць на ўскрайку дарогі ў лесе скромную каплічку, дагэтуль без крыжа і скульптуры ўкленчанай Маці Божай.
Яшчэ ўспомніла мая суразмоўніца, што пасля Другой сусветнай вайны з-за мяжы да гэтай капліцы прыязджала маладая пара з маленькай дзяўчынкай.
– Хутчэй за ўсё – родныя той памерлай пані, – уздыхнуўшы, дадала старая. – Добра, што праз столькі часу памятаюць. Гэта выхаванне, так павінна быць…