Яшчэ зусім нядаўна ў гэтай вёсцы дыміліся трубамі некалькі дамоў, цяплілася жыццё. З раніцы крычалі пеўні, вечарам рыпелі калаўроты студняў, падымаючы ў ацынкаваных вёдрах смачную ваду. Пакрыўленыя платы яшчэ дакладна дзялілі сады і агароды, а на падворках былі стойлы з зажарствелым сенам. Да позняга змяркання на лаўках можна было ўбачыць групкі жыхароў вёскі, якія разважліва размаўлялі аб дні мінулым.
Сёння вёска Зялёныя Дубы нежылая, і ў памяць пра яе распавяду вам легенду, запісаную ў гэтых месцах некалькі гадоў таму.
...Як даўно гэта было – наўрад ці хто ўжо і ўспомніць. Але бліжэйшыя вёскі сваімі назвамі і сёння кажуць, што тут калісьці ляжала шырокае балота. Дык вось, аднойчы сабралася моладзь ды дзятва малая на гэтае самае балота па журавіны. Адна з дзяўчын мясцовых, збіраючы ягады, адышла трохі ўбок і ўбачыла, што старое дрэва, аджыўшае свой век, упала на балотныя купіны, прыціснуўшы нагу старэнькаму дзядулю. Ён быў невялікага расточку, з сівой барадой. Стала клікаць дзяўчына на дапамогу, ды, відаць, яе сябры ды сяброўкі сышлі ўжо далёка.
І тады пачала яна голымі рукамі разграбаць купіну і сяк-так вызваліла няшчаснага. Той з радасці сваёй выратавальніцы падарыў кошык, з лазы плецены. А на словах дадаў, што ён няпросты: сам кошык стане поўным, толькі стане дзяўчына ў яго што-небудзь збіраць. Адна просьба – пра кошык чароўны нікому не расказваць, а не тое страціць ён сваю сілу.
Вывеў дзядуля, кульгаючы, сваю ўратавальніцу на край балота і развітаўся.
Так і павялося ў дзяўчыны, як дзядуля расказаў. Любую ягаду, ці з агарода, ці з саду, толькі пакласці варта было ў кошык – і ён адразу ж да краёў станавіўся поўным.
Праходзіць час, і наша гераіня закахалася ў юнака, суседа праз вуліцу, у якога былі паралізаваныя ногі. Нарадзіўся ён такі ці якое няшчасце з ім здарылася – нам невядома.
Як ні адгаворвалі дзяўчыну яе бацькі і сяброўкі ад такога выбару, але яна на сваім настаяла. Па закліку сэрца выйшла замуж, і маладыя зажылі ў асобным доме.
Нягледзячы на сваё калецтва, малады гаспадар апынуўся майстрам сапраўдным. Асабліва ўдавалася яму пляценне з лазы корабаў, кошыкаў. Яны ў яго атрымліваліся на славу, і тавар ішоў нарасхват, не застойваўся, прыносячы сям'і даход немалы. Працаваў мужчына сіл не шкадуючы – толькі паднось матэрыял, лазу з суседняга балота. Маладая жонка і стала займацца яе нарыхтоўкай.
І вось аднойчы, калі яна нарэзала ды сабрала добрую вязанку лазы, хацела яе на спіну ўзваліць, раптам адкуль ні вазьміся – той самы дзядок з'явіўся. Як з-пад зямлі. З барадой ды пугай доўгай...
Пстрыкнуў дзядок пугай сваёй даўжэзнай ды і спытаў злосна:
– Як магла ты без майго дазволу з майго балота цягаць лазу велізарнымі вязанкамі?
Але дзяўчына не спалохалася, стала пытацца, маўляў, якое ён мае права не дапускаць лазу дадому насіць? Горш за ранейшае раззлаваўся дзядок ды на пень ускочыў. «Я, – кажа, – Лазавік, гаспадар гэтых месцаў. Усё тут, як вока хапае, гэта мая ўласнасць!»
– Ну, калі так, – дзяўчына пакланілася, – тады прабач мяне, неразумную, і дазволь лазу вязаць вязанкамі невялікімі.
Адразу Лазавік змякчэў, запрасіў з ім на пянёк прысесці ды і стаў распытваць. А дзяўчына ўсё яму і распавяла: і пра замужжа нядаўняе, і пра мужа, маладога майстра, ды пра яго ногі нехадзячыя.
– Вось што, – сказаў тут Лазавік, канчаткова падабрэўшы, – майстравы ды працавіты люд мне заўсёды па сэрцы. Сам такі. З лазы ўсё жыццё пляту я рэчы розныя. Ты, відаць, нездарма мужу за жонку абраная з душою нязлобнаю. Хачу табе яшчэ адзін падарунак зрабіць – лапці цудоўныя, дакладней, твайму гаспадару. Але пры той ўмове, што кошык ты мой вернеш назад. А твой муж, як толькі ў лапці абуецца, так адразу хадзіць стане.
Узрадавалася дзяўчына, дзядка са слязамі абняла.
– Пачакай, – кажа лясны гаспадар, – ёсць у лапцях гэтых і іншая асаблівасць, можа, для цябе і непрыемная. Стане хадзіць у маім падарунку твой нарачоны і, у рэшце рэшт, да мяне прыйдзе ў балота на службу вечную. Так што – не спяшайся, падумай. За табою выбар.
Сказаў ён так і знік з вачэй далоў. Толькі лапці ды кошык на балотнай купіне засталіся. Расплакалася няшчасная... Але потым слёзы выцерла, узяла лапці ды дадому адправілася, кошык дзядку пакінула.
Мужу дзяўчына ўсё расказала: як з Лазавіком на балоце сустрэлася і чаму выбар такі зрабіла.
– Ты заўсёды мне будзеш любы, але надта ўжо хочацца, каб ты ад хваробы пазбавіўся. Хай нават і пойдзеш да гаспадара балотнага. Я ж у лес хадзіць буду, можа, часам і давядзецца пабачыцца, – сказала так, заплакала, твар рукамі схавала і з дому выбегла. А калі, крышку паплакаўшы, вярнулася, то ўбачыла, як у печы гараць лапці, з балота ёю прынесеныя.
Кінулася дзяўчына ў абдымкі мужа мілага. Так і праседзелі яны, абняўшыся, да глыбокага змяркання, без слоў разумеючы, што, страціўшы падарункі Лазавіка, яны не страцілі адзін аднаго. Зрабіўшы кожны свой выбар, яны захавалі галоўнае – каханне і адданасць.
Не бачылі яны, што з вуліцы, праз акно, стаіўшыся, за імі назіраў невялікага расточку дзядок. Ён жмурыўся – ці то ад агню ў печы, дзе дагаралі лапці, ці то ён так усміхаўся.
І толькі раніцай, адкрыўшы шырока дзверы насустрач новаму дню, шчаслівая пара ўбачыла на ганку свайго дома знаёмы кошык з лазы, даверху напоўнены спелымі журавінамі.