У адной вёсцы жыла кульгавая кабыла. Не, раней яна не была кульгавай. Яна была вельмі моцнай, цягавітай, паслухмянай і добрай прыгажуняй. Нікому яна не адмаўляла ў дапамозе, ніколі не брыкалася, ніколі не ўпарцілася. Асабліва любіла яна дзяцей. Часам на яе спіну саджалі па два-тры дзіцяці, і яна нават пасля цяжкага дня катала іх па двары, пакуль малых не здымалі дужыя рукі гаспадара. Яе любілі ўсё ў гэтай вёсцы. Аднойчы кабыла моцна паранілася. І стала кульгаць. Ды так, што стала зразумела: цяпер працаўнік з яе ніякі. У такіх выпадках усе ведаюць, што звычайна бывае... Але жыхары гэтай вёскі, памятаючы, якая працавітая і добрая была кабыла, вырашылі пакінуць яе жыць побач з сабой. Ці то з надзеяй на тое, што яна ўсё ж такі паправіцца, ці то з-за таго, што раней людзі былі дабрэйшыя і памяталі, што за дабро трэба плаціць дабром.
Так і засталася жыць кабыла ў вёсцы, пераходзячы са двара ў двор. Дзе накормяць яе, дзе пастой дадуць на ноч, а дзе нават яна паняньчыць на сваёй спіне дзяцей. Часам кабыла заходзіла на край вёскі, да вадзянога млына, дзе падбірала выпадкова прасыпанае збожжа з мяхоў. Мельнік быў дабрадушны чалавек. Ён кабылу не адганяў, а нават часам частаваў яе кавалачкам найсмачнейшага цукру. Прайшоў нейкі час, і стаў гаспадар заўважаць наступнае. Калі збожжа на зямлі заканчвалася, ведаючы, дзе знаходзіцца астатняе, кабыла патроху стала тузаць за канцы матузаў, якімі былі завязаныя мяшкі, і цягаць зерне адтуль. Караць кемлівую жывёлу ніхто не думаў. Наадварот, яе ўменне рабіць такую штуку ператварылі ў мясцовую забаву. Як толькі млынар прывозіў новае зерне на памол, ён адразу ж гучна клікаў кабылу. І яны ўдваіх на здзіўленне ўсім разявакам развязвалі мяшкі... Праз нейкі час кабылы не стала. У памяць млынар пахаваў улюбёнку побач з млыном на беразе ракі. І нават паставіў крыж, да якога прыбіў усе чатыры падковы, за што мясцовы бацюшка яго паўшчуваў. Маўляў, скаціна ж пала, а не чалавек. Паслухаўся млынар святара. Крыж прыбраў. Замест яго паставіў дубовы слупок, а да яго на цвіку падвесіў кола з васьмю спіцамі. Як ні павернецца кола, у большасці палажэнняў спіцы паказвалі крыж.
Кажуць, калі пачалася вайна, адзіны сын млынара, сыходзячы на фронт, атрымаў на шчасце ад бацькі адну з падкоў кабылы. Дадому сын вярнуўся жывым і цэлым. Адзіная куля, што напаткала салдата, трапіла проста ў падкову, якая ляжала ў заплечніку. Час сцёр з твару зямлі магілу кабылы, і бераг ракі стаў іншым, даўно няма млынара, толькі стары млын у руінах не дае забыцца людзям пра кульгавую кабылу.