Што мы ведаем пра свае беларуския Стоўнхэджы? Спецыялісты: археолагі ды гісторыкі – можа, і ведаюць, але далёка не кожны беларус дасведчаны ў справе падобных культавых месцаў. І хай на гэтых горках і няма такіх каменных маналітаў, як у Англіі, і хай яны і не папулярныя ва ўсім свеце, як іх цудоўны сабрат, але ў тыя далёкія-далёкія часы такія месцы шанаваліся нашымі продкамі не менш. Да іх прыходзілі падчас культавых абрадаў і на святы ў гонар багоў.
Царква стаяла на некаторай адлегласці ад вёскі, на крутым беразе ракі. Ад храма вёрст на дваццаць раскінуліся цудоўныя далягляды. Адкрытая прастора, здаецца, яшчэ вышэй узняла да неба і бераг з ракой, і гэты храм, на прыступках якога сядзела малюткая бабулечка ў каляровай хустцы і з плеценым кошыкам у руках. З-за вясёлых прыжмураных вачэй яе твар, здавалася, поўніўся шчасцем і спакоем.
Павітаўшыся, адразу ж зацікаўлена спытаў яе, чаму так далёка ад вёскі збудавана святыня.
– Сядайце, калі ласка, – запрасіла яна мяне, пляскаючы далонню па прыступках.
Пачала свой аповед бабулечка так: раней ў кожным паселішчы быў чалавек, які валодаў ведамі, дзе і калі трэба будаваць храм. Баялі, што вучылі гэтаму з маленства, няважна, хлопчыка ці дзяўчынку. У родзе маёй субяседніцы такімі ведамі валодала яе прабабка. Іх атрымала ў спадчыну яе бабуля. Тая і ўказала, что менавіта гэтае месца трэба асвяціць і пабудаваць тут храм гасподні.
А яшчэ з пакалення ў пакаленне ў іх сям’і перадавалася гісторыя пра тое, што гэты пагорак на беразе ракі некалі, вельмі даўно, быў паганскім капішчам. Але самае дзівоснае, пераказвалася, – тое, як уладкавана было капішча. Паведамлю і вам, як чуў, як запомніў.
Гэта было круглае ўзвышша правільнай формы, можа, створанае чалавекам, а можа, і самой прыродай-маці. Тры вялізарныя колы з цэнтральным узвышшам унутры. Першае, самае вялікае кола было змайстравана з тоўстых бярвёнаў і падзелена на чатыры часткі. У адным радзе з бярвёнамі стаялі дубовыя балваны, кожны з якіх сімвалізіраваў чвэрць года. Праходы адзначалі летні і зімовы сонцаварот, веснавое і восеньскае раўнадзенства. Пасярод капішча, за гэтым вялікім колам, знаходзілася меншае кола, ніжэйшае і зробленае з танчэйшых бярвёнаў. Паміж гэтымі двума коламі быў шырокі праход. Унутраная агароджа таксама была падзелена на чатыры часткі, а праходы паміж імі былі сумешчаны з праходамі знешняга кола.
Самым важным святам старажытных людзей быў дзень летняга сонцаварота. У цэнтры капішча з дапамогай валуноў быў зроблены насып, на якім, акружанае дванацаццю меншымі камянямі, знаходзілася месца для ахвярнага агню. Да яго прыносілі мёд і малако, пучкі зёлак, лапкі і галовы чорных пеўняў. Удовы неслі свае валасы, незамужнія дзяўчаты – тканыя стужкі з галаўных убораў, старэйшыя мужчыны – каралі з клыкоў забітых жывёл, а маладыя хлопцы прыносілі фігуркі бостваў з дрэва ці косці. Што спальвалі, а што пакідалі ля падножжа свяшчэннага вогнішча.
Памятала бабулечка, што гэтае месца раней называлася Ладавай гарой ці Ладавым колам, у гонар Лада – боства, якое адказвала за парадак у гэтым свеце, за чаргаванне пораў года, змену дня і ночы, рух па небе Месяца і Солнца.
– Добра, – сказала мая субяседніца, крыху памаўчаўшы. – Пайду. Адпачыла, з табой гаворачы. Да хаты, можа, неяк дакавыляю. Зёлак па дарозе збяру, птушак паслухаю, – ужо сыходзячы, дадала яна, такім чынам, адмаўляюшыся ад маёй прапановы падвезці. – А ты, мілок, не спяшайся ехаць, пасядзі ў Ладавым коле, сіл набярыся… Калі яшчэ давядзецца…