Узабраўшыся на круты пагорак, машына з лёгкасцю слізганула ўніз проста да пачатка вуліцы вёскі, да першых хат, якія ўтульна хаваліся ў цяністых садах і палісадніках і адтуль з цікаўнасцю глядзелі сваімі невялікімі акенцамі, па-майстэрску абрамленыя разнымі ліштвамі, пафарбаванымі, у асноўным, у белы колер. Хата, побач з якой я спыніўся, каб спытаць дарогу да суседняй вёскі, не вельмі адрознівалася ад суседніх хат.
Хата як хата – такіх дзясяткі тысяч у нашай мілай глыбінкі. Ганак на чатырох стаўбах выходзіць у прадаўгаваты двор, ад якога пачынаецца невялікі сад. Справа да поля чарадой цягнуцца гаспадарчыя пабудовы рознага памеру і прызначэння. На вокнах хаты, на першы погляд, простыя разныя ліштвы, пафарбаваныя белай фарбай, якая месцамі патрэскалася і агаліла пад сабой старую фарбу блакітнага колеру.
– Ну і што вы бачыце ва ўзорах нашых ліштваў? Што яны вам нагадваюць? – спытаў гаспадар хаты, які выйшаў мне насустрач, калі ўбачыў, як уважліва я разглядаю яго хату і двор.
Разгубіўшыся, я толькі паціснуў плячыма: ліштвы як ліштвы. За доўгі час маіх вандраванняў я пабачыў сапраўдныя шэдэўры, а гэта так – сціплае ўпрыгожанне акон.
Гаспадар усміхнуўся і са словамі “калі ёсць хвілінка” запрасіў мяне за сабой, махнуўшы рукой у бок невысокай лавачкі ля калодзежа, насупраць ганка і акон хаты. І вось дзякуючы таму, што ў мяне знайшлася тая самая хвілінка, я пачуў неверагодную гісторыю пра гэтыя сціплыя ліштвы.
Продкі майго расказчыка з боку бацькі былі са старога шляхецкага роду герба “Спенсбергер”: залаты леў на зялёным полі з шабляй у паднятай лапе. Яго прадзядуля ўзяў сабе ў жонкі прыгажуню-шляхцянку таксама са знатнага роду герба “Праўдзіч” з выявай ільва за каменнай сцяной, які трымае ў лапе залатое кальцо.
Адразу пасля вяселля маладыя пераехалі ў толькі што пабудаваную прасторную драўляную сядзібу, якая прастаяла да 1938 года. На вокнах яе былі ліштвы ў выглядзе двух ільвоў, якія глядзяць адзін на аднаго. У кожнага з іх на галовах невялікія кароны. Пасля 1938 года хутары пачалі зносіць. Знеслі і гэтую сядзібу. Яе разабралі, а з бярвён у суседняй вёсцы пабудавалі фельчарска-акушэрскі пункт і будынак праўлення калгаса.
Бацькі майго новага знаёмага пераехалі ў бліжэйшую вёску, дзе злажылі новую хату. Перад тым, як старую сядзібу разабрала запрошаная калгасам брыгада будаўнікоў, бацька зняў ліштвы са львамі і схаваў. А потым ужо, на новай хаце, над новымі вокнамі прыбіў іх са словамі: “Хай хоць гэта нагадвае табе, сынок, хто мы і адкуль былі нашы продкі”. У тым жа годзе, у самым пачатку зімы бацька моцна прастудзіўся і памёр. На руках ува ўдавы засталося чацвёра дзяцей, з якіх старэйшым быў мой суразмоўца.
Відаць, па даносе суседзяў, што ў вёсцы пабудаваная хата са львамі, завітаў да іх на двор аднойчы старшыня калгаса. “Прыбраць!” – крыкнуў ён, ледзьве гаспадыня выйшла на ганак. Жанчына пачала ціха апраўдвацца, што гэта памяць пра іх продкаў, усе ведаюць, што яна родам з…
– “Родам з…”, – рэзка перарваў яе старшыня. – Нічога і слухаць не жадаю. Зараз трэба ведаць, што ў нас усе роўныя. Я, можа, таксама родам з… – але, відаць, спужаўшыся, асекся і з асцярогай азірнуўся на суседнія двары.
– Прыбраць, і зараз жа, сёння! – крыкнуў ён ужо ад самых веснічак, нават не павярнуўшыся да гаспадыні хаты. – Праверу!
Жанчына тут жа папрасіла старэйшага сына зняць ліштвы і схаваць. Да сённяшняга дня застаецца таямніцай, куды схавалі ліштвы. Дзесьці ў 1970-я гады, калі ўжо не было ў жывых і маці, гаспадар, перакрываючы стары дах, заадно зладзіў і гэтыя простыя ліштвы на вокны.
– Не майстар я, – апраўдваўся ён. – Як атрымалася. Для мяне і так добра, і другім ізноў жа вочы не будзе калоць. А так, можа, не здагадаюцца…
І толькі зараз, пачуўшы гэтую гісторыю, я змог разгледзець ва ўзорах белых ліштваў цьмяныя абрысы двух ільвоў, якія глядзяць адзін на аднаго: вось лапы, вось хвасты, раскрытыя пасткі і языкі… Заканчваюцца галовы чатырма зубікамі, відаць, каронамі…
Менавіта гэтая гісторыя прымусіла мяне ў далейшым больш уважліва ўзірацца ў мудрагелістыя ўзоры ліштваў, такія разнастайныя, такія таямнічыя. Дзякуючы ім я, магчыма, ужо заўтра пачую яшчэ адну цікавую гісторыю ці легенду, дакрануся да такога крохкага і ранімага чалавечага лёсу.