Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ЛІСТ У МІНУЛАЕ >

ЛІСТ У МІНУЛАЕ

Частка першая

У паддашшы было цёмна і крыху жудасна. Святла, якое пранікала з невялікага акенца ў дальнім франтоне, не хапала, каб разгледзець, куды ступае нага і што ляжыць побач.

– Ну, як там справы? – пачулася знізу. – Я калі б падняўся, дык хутка б знайшоў. Але ж ногі вельмі баляць. Падняцца, можа, я і здолеў бы, а вось назад, баюся, не злезу.

Я супакоіў гаспадара хаты, што я ўсё зараз знайду – толькі вось вочы да цемры прызвычаяцца. І сапраўды, праз хвіліну-другую са змроку паддашша сталі праступаць рэбры крокваў, некалькі невялікіх куфараў, разабраны металічны ложак, стосы старых газет і часопісаў. І вось урэшце я ўбачыў той прадмет, дзеля якога я сюды падняўся. Ён ляжаў на краю вечкі аднаго з куфараў, пакрыты тоўстым слоем пылу. Гэта быў старэнькі альбом з фотаздымкамі ў тоўстым зялёным пераплёце.

Дзядуля Кастусь адразу прыняў яго з маіх рук, як толькі я спусціўся па лесвіцы, потым адчыніў дзверы ў пакой і жэстам рукі запрасіў мяне за сабой.

У хаце было вельмі акуратна, хаця гаспадыня пакінула гэты свет гадоў дзесяць таму. “Не магу інакш”, – быццам апраўдваўся стары, – “прывучыла мая Зося за столькі гадоў, вось я і прытрымліваюся, а яшчэ як быццам тут і яе клопат…”.

Разглядаем старыя здымкі. Цярпліва чакаю імгнення, калі ўрэшце ўбачу той ліст, чуткі пра які і прымусілі мяне сюды прыехаць. І вось гаспадар дома акуратна падчапляе вокладку альбома сцізорыкам і з патаемнай шчыліны тым жа сцізорыкам выцягвае на свет божы складзены ў чатыры разы жоўты-жоўты аркуш паперы.

– Маёнтак тут у нас быў прыгожы… – пачаў свой аповед дзядуля…

У маёнтку бацька яго працаваў сцяльмашнікам. Дзядзька родны даслужыўся да галоўнага конюха. Гаспадар гэтых зямель большасць часу быў у Польшчы, але часта наведваўся ў свае ўладанні, асабліва ўлетку. А ў яго адсутнасць гаспадаркай кіраваў аканом, які тут непадалёк з сям’ёй і жыў. Акрамя сыноў у яго было дзве дачкі. Дык вось, малодшай з іх і быў напісаны гэты ліст.

Пазнаёміліся дзеці адразу, як толькі сям’я аканома асталявалася ў арандаванай імі дабротнай каменнай хаце. Не памятае дзед Кастусь, каб яго бацькі ці нехта з сям’і аканома былі супраць таго, што іх дзятва стасуецца паміж сабой. Так і суседнічалі і бавілі час у розных занятках і гульнях. І вось аднойчы малодшая дачка аканома, а звалі яе Мірай, даведалася, што Кастусь і яго браты не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць, і вельмі здзівілася. Дзяўчынка адразу ж прапанавала іх гэтаму навучыць. Старэйшыя браты Кастуся адразу адмовіліся, сказалі, што няма калі ім сядзець з алоўкам – па гаспадарцы спраў безліч, бацьку дапамагаць трэба. А брат іх, пакуль малы, хай яшчэ пазаймаецца, калі ў яго на тое ахвота ёсць. Бацькі таксама не працівіліся. Асабліва маці ўхваляла, казала, што і далей вучыцца адправіць, як грошай назапасіцца.

І пачаў Кастусь з Мірай азы чытання спасцігаць, літары розныя пісаць ды ў склады іх састаўляць. А сяброўства іх дзіцячае незаўважна перарасло ў чыстае і светлае каханне.

Частка другая

За граматыкай і пісьмом незаўважна прайшла восень і халодная зіма. Да пачатку вясны Кастусь нядрэнна чытаў па складах і нават, хай яшчэ і няўмела, выводзіў сякія-такія словы на паперы.

Усё змянілася літаральна на працягу сутак. Пад вечар у маёнтак прыехалі незнаёмыя людзі. Папаўзлі чуткі, што мяжу перайшлі савецкія войскі. Ноччу сям’я

гаспадара маёнтка з невялікай паклажай з’ехала ў бок польскай мяжы. Следам паехала і падвода аканома. Развітваліся ў спешцы. Абдымаючы Кастуся на развітанне, Міра са слязамі на вачах хутка лепятала: “Не забывай… усё, чаму я цябе вучыла. Пішы болей. Кнігі, якія хочаш, у бацькавай бібліятэцы вазьмі. Ты мне ліст напішы. Бацька кажа, што мы хутка вернемся. Як вернемся – я яго прачытаю, памылкі выпраўляць буду, таму старайся. Абяцаеш? Да сустрэчы”.

У другой палове наступнага дня вёска і двор маёнтка запаланілі чужыя абозы, салдаты, гарматы, машыны…

– Не вярнуліся яны, – крыху памаўчаўшы, працягнуў дзядуля. – Ніхто не вярнуўся. А ліст, як бачыш, я ўсё ж напісаў, на той яшчэ паперы, што Міра мне пакінула.

І зноў паліліся ўспаміны, сумна і цяжка. Дзядзьку-конюха забралі адразу. У турму панеслі перадачу, а там сказалі, што яго ўжо ў Сібір адправілі. Не вярнуўся. Бацьку збівалі, выпытвалі нешта, кроўю кашляць пачаў. К зіме і яго не стала. Жылі надгаладзь. Калгасы, раскулачванне, вайна… і вечны страх, што за табой прыйдуць.

– Не памятаю, ці плакаў, – успамінаў стары, – а толькі часта глядзеў у вочы гэтых прышлых людзей. Гэта памятаю. Спытацца баяўся – за што? А вось у вочы глядзеў. Мабыць, па-дзіцячаму спадзяваўся ў іх убачыць адказ. Бывала так: “Што вылупіў зенкі – зараз жа адвядзі!” – і білі па твары. Вышуквалі, вынюхвалі, дзе ў каго радня, хто з кім звязаны. Вось тады я і схаваў гэты ліст. Чаму не парваў? Дык жыў жа надзеяй, што вернецца Міра, што ўсе вернуцца…

І вось дакацілася да вёскі страшная вестка, што ўсіх уцекачоў з маёнтка злавілі па дарозе да мяжы. Там жа ўсіх, калі яны кінуўся на ўцёкі, і расстралялі.

– Вось тады плакаў вельмі, – працягнуў успамінаць дзядуля. – На палаці ў гумне забраўся і глядзеў праз акенца ўніз на людзей на гэтых, на свет і плакаў… доўга…

…Перад вайной дзед Кастусь ажаніўся. Толькі хату пабудаваў – і сышоў на фронт. Вярнуўся з цяжкімі раненнямі. Выхадзіла салдата яго жонка Зоська, на ногі, можна сказаць, нанава паставіла. Пра тое, што Міра жывая, былы франтавік пачуў выпадкова, на кірмашы. З гарадка знаёмыя былі. Вось яны і распавялі, што, калі бацькоў расстрэльвалі, Міра з братам старэйшым у лес уцяклі. Потым голад іх з лесу выгнаў, у гарадок прыйшлі. Жылі ў падваротнях, пакуль пасля аблавы іх у інтэрнат не аддалі. Таксама хацелі выслаць, ды вайна перашкодзіла. Так Міра ў горадзе і засталася. Замуж выйшла. Зусім нядаўна дзед Кастусь пачуў, што таксама ўжо год які ўдавой засталася. Муж на будоўлі загінуў.

…Доўгае маўчанне перарваў я.

– А давайце, дзядуля, я Міры ваш ліст адвязу. Мне па дарозе будзе.

І зноў дзед доўга, вельмі доўга моўчкі глядзеў то на мяне, то ў акно, то з уздыхам у падлогу.

– А ведаеш – адвязі, – урэшце вымавіў ён. – Адвязі. Калі нешта спытае пра мяне – раскажаш. Гэта калі жывая… А калі не… У людзей спытай, дзе пахаваная. Тады ліст на магілцы каменьчыкам прылажы ці нават пяском прысып, каб ветрам не знесла. Але толькі тады да мяне не вяртайся.

І я не вярнуўся.