На скрыжаванні прасёлкавых дарог ля драўлянага крыжа зусім старэнькая бабуля ў завязанай крыжам на грудзях шэрай хустцы выдзірала пустазелле і з плеценага кошыка высаджвала маргарыткі і ўжо раскрытыя наготкі. Павітаўшыся, я пацікавіўся, як праехаць у вёску, дзе захаваўся старажытны каменны касцёл, і заўважыў, што крыж быў укапаны нядаўна, а побач на траўцы ляжаць рэшткі старога драўлянага крыжа. Звярнуўшы ўвагу на маю цікаўнасць, але не спыняючы свайго занятку, бабуля стала распавядаць, што былы крыж быў па другі бок дарогі.
– Ля яго, мае бацькі казалі, ёсць магіла. Але ці будзе табе гэта цікава… А шляхам табе вось гэтым трэба ехаць да касцёлу, – і яна, махнуўшы рукой у патрэбным кірунку, стала далей высаджваць кветкі.
Але я ўсё ж пераканаў сваю новую знаёмую, што мне будзе цікава пачуць гісторыю, звязаную са старым крыжам і месцам, дзе ён быў усталяваны раней.
Вось гэтая гісторыя.
Пасля некалькіх гадоў засухі і неўраджаяў прыйшоў голад, а следам за ім непрыкметна падкралася хвароба, што касіла людзей, як траву. Пілі розныя настойкі, зёлкі, а хто мог дазволіць сабе – да лекараў звяртаўся, але нічога не дапамагала. Людзей у акрузе стала менш удвая.
На ўскрайку велізарнай дрымучай пушчы стаяў дом лесніка. Гаспадар дома загінуў, а леснічыха жыла адна, і дзяцей у яе не было. Мясцовыя ведалі, што яна не толькі вядзьмарка, але і знахарка. І хто ў адкрытую, хто ўпотай, але многія да яе наведваліся па дапамогу ў лячэнні дзяцей малых, ды і дарослым яна не адмаўляла.
І звярнуліся людзі да леснічыхі: ці дапаможа яна ад хваробы пазбавіць? А пачулі ад яе вось што: трэба вярнуцца ў вёску, але ў дамах не заставацца, на вуліцы быць. А ляжачых вынесці ў двары і чакаць цярпліва столькі, колькі спатрэбіцца. Яшчэ яна дадала, каб людзі не баяліся і не хаваліся ад таго, хто да іх прыйдзе.
Разышліся і зрабілі ўсё, як ім леснічыха загадала. Быў ужо вечар. Раптам раздзёр паветра працяглы вый ваўчыцы. Сабакі ў вёсцы ў будкі забіліся, і людзі таксама спалохаліся. Але многія адразу сцямілі, што ператварылася знахарка ў ляснога звера. І пайшла ваўчыца ад хаты да хаты, ад двара да двара, нікога не прапускаючы, хто быў хваробай крануты. Лізала яна ім рукі і ногі, целы іх худыя, і адразу ж хворыя сталі сябе лепш адчуваць. Жар адступіў, раны зацягнуліся, сіл дадалося.
...Пакінуўшы апошнюю вёску, дзе былі хворыя людзі, губляючы сілы, дайшла ваўчыца да гэтага каменя, прыняўшы на сябе пакуты людскія, і тут і памерла.
– Людзі і цяпер не забыліся, колькі жыццяў чалавечых выратавала тая леснічыха. Пасля каля каменя на магіле і крыж паставілі. А цяпер яго перанеслі. Не ведаю, навошта і каму гэта спатрэбілася, – скончыла так свой аповед бабуля. Спыніўшыся каля каменя, я заўважыў побач з ім пагорак, на якім сярод белых маргарытак на ветры сціпла пагойдваліся аранжавыя кветкі наготак.