Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< НЕ СУДЖАНА >

НЕ СУДЖАНА

Гэта, магчыма, адзіная дарога, якая на даляглядзе ўпіраецца проста ў замкавыя вежы. Чым бліжэй да іх, тым вышэй узнімаюцца яны над даляглядам, над дарогай. Не, яны не пужаюць, а гасцінна запрашаюць вас на гадзіну, а можа, калі будзе ўдосталь часу, і на больш.

Калі стаяць тварам да вартавой вежы, то злева відаць прыбудаваны да цаглянай сцяны з другога паверха замка пакаты цагляны пандус на арачных апорах. Калісьці ён вёў да вялізных аранжарэй, якія называліся “Італьянскі сад”. Сёння на яго месцы шумяць вялізнымі кронамі стагадовыя ліпы ды блішчыць на сонцы невялікая сажалка, якая прыціснулася да абочыны асфальтавай дарогі, што бяжыць побач з замкам.

Над стварэннем гэтай аранжарэі працавалі садоўнікі і архітэктары з Еўропы. Мноства экзатычных раслін і нават дрэў, прывезеных сюды, круглы год былі надзейна ўкрытыя пад шклом драўляных і металічных рам. Цяпло ад гарачых печаў бараніла экзатычныя расліны ад марознай зімы.

Але наша легенда пра юнака, які працаваў у гэтым казачным месцы звычайным вартаўніком. Абавязкі свае ён выконваў бездакорна, быў вельмі сціплым і непрыкметным для наведвальнікаў аранжарэі.

Але вось аднойчы пад шкляны купал сада ўвайшла юная панначка. Крыху пахадзіўшы па аранжарэі, яна звярнулася да першага ж працаўніка, на якога натрапіла. А ім аказаўся наш знаёмы малады вартаўнік. Паненка прыняла яго за звычайнага працаўніка аранжарэі і растлумачыла яму, што была з бацькамі за мяжой, і з Італіі яны прывезлі маленькі саджанец расліны, які цвіце незвычайна прыгожымі кветкамі. Юнае стварэнне папрасіла пасадзіць невялікі расток дзе-небудзь у цёплым месцы і ўклала юнаку ў далонь срэбраную манетку, пасля чаго міла ўсміхнулася і тут жа знікла. Як потым выявілася – знікла назаўсёды.

Хутчэй за ўсё, падчас таго кароткага спаткання ў грудзях маладога хлопца зарадзілася светлае і добрае пачуцце, якое захавалася ў яго душы, як выявілася, таксама назаўсёды. На ўсё яго кароткае і непрыкметнае жыццё…

Гэтая сустрэча ў аранжарэі адбылася ў сярэдзіне вясны. Употай ад працаўнікоў аранжарэі хлопец пасадзіў расток мілай панначкі ў аддаленым кутку італьянскага саду. Даглядаў расток, клапаціўся пра яго, і праз некаторы час да вялікай радасці хлопца расліна дала першыя зялёныя лісцікі.

Падчас частых прагулак пад мурамі замка малады вартаўнік намагаўся ўбачыць паненку і парадаваць яе навіной, што яе расток прыняўся і, магчыма, хутка зацвіце. Але сустрэцца ім было не суджана…

На пачатку восені грымнула вайна, з замка спешна з’ехалі гаспадары, а сам ён хутка быў разбураны артылерыйскімі абстрэламі. Поўнасцю знішчылі і шкляную аранжарэю. І першыя ж восеньскія замаразкі загубілі ўсю цеплалюбівую расліннасць некалі цудоўнага італьянскага саду.

…На фоне першага снегу сярод руін, бітай цэглы і асколкаў шкла было відаць ненадзейную пабудову. Нешта накшталт невялічкай цяплічкі. У ёй міргаў цьмяны агеньчык, і скрозь празрыстыя сцены прасвечвалася фігура чалавека. Так, там сядзеў малады вартаўнік. Расліна юнай паненкі выжыла, і над ёй хлопец здолеў пабудаваць з абломкаў рам нешта накшталт цяпліцы. Раскладзенае маленькае вогнішча сагравала і гэты расток, і неяк яго самога. Вакол ішлі страшныя кровапралітныя баі, і нікому не было справы да гэтага куточка знішчанага вайной, загінулага саду.

Хутка надышлі лютыя маразы, і толькі ў сярэдзіне зімы людзі, якія выпадкова праходзілі міма, знайшлі пад пакарабачанымі рамамі і старым шматом рагожы безжыццёвае цела хлопца, які ўкрываў сваёй світай пару малюсенькіх пруцікаў нейкай змерзлай расліны, на якіх сярод пачарнелага лісця звісалі на тонкіх ножках бутоны кветак, якія так і не распусціліся.

Невялікі гарадок сціпла абступаў сваімі ціхімі вулачкамі гэты сярэдневяковы замак, у сцен якога некалі і адбылася гэтая кранальная і глыбока журботная гісторыя.