Нават на самай падрабязнай карце гэта маленечкае паселішча ўжо не адзначана…
Імгненна расступіўшыся, лес прапусціў прасёлкавую дарогу, якая быццам уварвалася ў гэту ціхую шэрую прысадзістую вёсачку. На першы погляд здалося, што яна нежылая. Але акуратныя, дагледжаныя невялікія гароды і кветнікі казалі пра тое, што тут яшчэ ёсць людзі, што і тут яшчэ тлее вясковае жыццё. Шум аўтамабіля, які павольна рухаўся па дарозе, прымусіў жыхароў павыглядваць у вокны, а некаторых нават – выйсці на двор і падысці да веснічак, каб пацікавіцца, хто прыехаў у іх богам і людзьмі забытае месца і навошта.
Першыя словы прывітання, знаёмства і далейшыя размовы заўсёды мяне цікавілі – асаблівасці мовы, манера трымаць сябе ў размове, багацце і шматграннасць мясцовага фальклору. Гэта заўсёды непрадказальна і непаўторна. Як і легенда, казка ці проста гісторыя – як хочаце, якую я пачуў на хісткай лавачцы пад вялікай раскідзістай ліпай ля калодзежа, накрытага расколатай у некалькіх месцах спінкай ад старога драўлянага ложка.
Хто бы мог падумаць, што я калі-небудзь пачую гісторыю пра стагі саломы! Так-так, звычайныя стагі саломы, якія пад восень з’яўляюцца на абшарах калгасных палёў, ля дарог, на ўзлессі, бліжэй да вёсак і пасёлкаў. Хаця класічныя, калі можна так сказаць, стагі саломы ўжо пакрысе сыходзяць у мінулае. Дзякуючы новым тэхналогіям уборкі збожжавых нашы палі застаўлены саламянымі пакамі і бухтамі, перавязанымі моцным шпагатам, празрыстай сеткай ці белым цэлафанам, што выглядае зусім ужо непрывычна, ненатуральна і нават брыдка і не мае нічога агульнага з супакойваючым вока восеньскім пейзажам. А вось у гэтых мясцінах яшчэ можна ўбачыць звычайныя стагі. Вялікія даўгія збудаванні з вялікай колькасці жоўтай саломы, якія нагадваюць… Але не будзем забягаць наперад. Перакажу так, як пачуў.
… Пасля гарачай ўборачнай пары абшары палёў супакоіліся і заціхлі. Быццам супакоіўся і заціх сам час. Стагі саломы, якія застылі на палях, нагадваюць вялікіх лахматых залатых вусеняў. Быццам, стаміўшыся пасля доўгай цяжкай дарогі, яны застылі, замёрлі там, дзе іх застаў гэты самы заціхлы час. Усё гэта здарылася якраз тады, калі ім гэта было патрэбна, употай ад чалавечага вока, па волі невядомай, неразгаданай сілы. Менавіта тады, калі было неабходна, каб пачаўся новы этап у вечным развіцці. І нават не іх саміх, гэтых залатых вусеняў-стагоў, а зусім іншых незвычайных істот, якія з’явяцца са стагоў праз некаторы час, час зачацця, фарміравання і сталення. А будзе гэты час халодным і цёмным – час доўгай зімы. І трэба будзе намагчыся і сабрацца з сіламі, зберагчы цяпло, зберагчы энергію сонца для новага жыцця гэтых міфічных істот. Прыйдзе вясна, цяпло і святло, многа цяпла і святла. І лопнуць гэтыя шэрыя струпы пацямнеўшых вусеняў-стагоў, і адваліцца непатрэбнае шалупінне, і з’явяцца вялікія-вялікія прыгожыя істоты з непаўторнымі ўзорамі на незвычайных крылах, з чароўнымі спевамі ветру ў гэтых крылах. Істоты, падобныя ці то на матылькоў, ці то на анёлаў.
Многім людзям, распавядае легенда, шэнціла ўбачыць гэта нараджэнне, пераўтварэнне, гэту неймаверна прыгожую з’яву. Але гэта было вельмі даўно. Калі перастала адбывацца гэта чароўная з’ява, ужо ніхто не раскажа. Толькі ў памяці пакаленняў захавалася гэтая легенда ці казка і… стагі, якія, як заўсёды, будаваліся ў канцы летняй гарачыні.
Вось і на гэты раз адбываецца ўсё, як заўсёды. З жывёльных двароў ад ледзьве заўважных сярод снегу вёсак рухаецца доўгая чарада страшна рыпучых саней. Ад мужыкоў у чырвоных, чорных, белых кажухах за вярсту нясе водкай і тытунём. Коні пахнуць стойлам і сенам. І гэты абоз, падобны да даўгой старой змяі, рухаецца да стагоў. І пачынаецца звычайная праца. Вострыя бліскучыя вілы з размахам упіваюцца ў бакі стагоў, адрываюць шматы цёплай масы. Яна капамі валіцца на сані і вязецца ў даўгія цёмныя пабудовы, поўныя рагатых жывёл, дзе кідаецца ім пад ногі і праз некаторы час пераўтвараецца ў гной, ад якога ідзе пара і востры пах.
– А што стагі, якія застаюцца на полі да вясны? – задаю я каверзнае пытанне. – Што з імі адбываецца, і чаму не з’яўляюцца з іх…
– А ці ведаеш ты, добры чалавек, – перарывае мяне апавядальнік, – што не з кожнага яйка на свет божы кураня паяўляецца?
І мне раптам страшна захацелася, каб з кожнага…
Імгненна знікае за невялікімі пагоркамі вёсачка. За акном аўтамабіля праплываюць толькі што ўбраныя палі, на якіх дзе-нідзе застылі стагі саломы, якія цяпер ужо мне здаюцца вялікімі вусенямі.