Дождж ліў як з вядра. Вада сцякала па лабавым шкле цэлымі патокамі так, што дворнікі ледзь спраўляліся. У гэтай мясцовасці кажуць: «лье як з рэшата Ульяны». Скрозь заслону дажджу я ўбачыў і нават разгубіўся ад нечаканасці: па абочыне ішла жанчына з дзіцём. Пасігналіў, адкрыў заднія дзверы, і вось мы ўжо ў машыне ўтрох.
– Не паспелі на аўтобус, – праз нейкі час ціха, нібы прасіла прабачэння, сказала пасажырка. – Вырашылі ісці, а тут раз – і лівень!
Яна разматала цёмна-сіні плашч, і адтуль паказалася галоўка з белымі банцікамі.
– Павітайся з дзядзькам, скажы, як цябе клічуць.
– Ульяна, – сказала дзяўчынка і засаромелася, зноў схавалася ў плашч.
– Ах вось каго я вязу ў машыне, вось хто на нас лівень наслаў. Паказвай тады, Ульянка, сваё рэшата.
– Не, – засмяялася мама. – Яна тут ні пры чым, гэта ў нас у вёсцы прымаўка такая... А дачку так назваць мама мая прапанавала, і ніхто не быў супраць.
– Тады распавядзіце, калі ласка, чаму ў вас так кажуць. Можа, ёсць нейкая легенда, звязаная з гэтай прымаўкай?
– Ведаю і з задавальненнем раскажу вам, – тут жа ўзрадавала мяне маладая мама. – У вёсцы, адкуль я родам, даўным-даўно жыла бабуля Ульяна. Усе яе ведалі як добрую знахарку-траўніцу, а яшчэ яна была валадарка дажджу. Магла не толькі яго выклікаць, але і зацяжныя ліўні чарамі сваімі рассеяць і аблокі разагнаць. І мела Ульяна рэшата цудоўнае, казалі, што абечак яго быў увесь чорны як смоль. Дрэва такое, ці што... А сетка быццам бы вытканая была з грывы дзікіх коней. Сем беззаганных дзяўчат з сямі калодзежаў прыносілі ёй па кварце вады і ўлівалі ў гэтае рэшата. Вада пры гэтым так у ім і заставалася, не пралівалася на зямлю. І ішла Ульяна з поўным рэшатам вады на вялікі пагорак, што і зараз захаваўся за вёскай. Падняўшы над галавой сваю ношу, яна ціха прамаўляла патрэбныя словы, і пасля таго з рэшата павольна пачынала капаць вада. І чым часцей яна капала, тым гусцей збіраліся хмары вакол і пачынаўся дождж. А каб спыніць непагадзь, Ульяна накрывалася пустым рэшатам і ішла на той жа пагорак, але пры гэтым дождж праз рэшата не ліў на бабулю, і яна была як быццам пад парасонам. Прамаўляла замову – і неба паступова ачышчалася ад хмар...
Якраз я паспела вам усё распавесці, і лівень, дзякуй Богу, спыніўся, – сказала мая спадарожніца. – Спыніцеся, калі ласка, вунь каля таго павароту.
Першай з машыны выскачыла малая і пабегла па дарозе.
– А хто дзякуй будзе казаць! – услед крыкнула ёй маці.
І ўжо ад'язджаючы, я ўбачыў, як над белымі банцікамі дзве дзіцячыя ручкі замахалі мне ўслед.