На вялізным ганку сядзібы, пад франтонам з чатырма калонамі сядзела маленькая дзяўчынка. Жмурачыся на яркі захад, яна час ад часу ўскудлачвала поўсць вялікага кудлатага сабака, які спаў пад ганкам. На каленях дзяўчынкі ляжала бляшаная скрынка, запоўненая празрыстымі рознакаляровымі ледзянцамі. Гэта быў падарунак ад яе старэйшага брата, які толькі ўчора, развітаўшыся з сям’ёй, з’ехаў за мяжу. Малышка брала самыя прыгожыя ледзянцы, глядзела праз іх на сонца і складала назад у бляшанку. Як бы ні вабілі гэтыя празрыстыя прысмакі, яна іх не ела…
– Верачка, – паклікалі яе з хаты. Дзіця ў апошні раз ускудлачыла сабака і пабегла ў хату. На двары быў год 1939…
… Іншы час, іншая хата, іншае нават сонца ў небе. Побач сядзіць тая ж Верачка. Толькі зараз яе завуць Вера Дзям’янаўна.
– Скажыце, калі ласка, чаму вы не хацелі паспрабаваць ласункі са скрынкі? – пытаюся.
Голас Веры Дзям’янаўны крыху дрыжаў, краем фартуха яна выцірала вільготныя вочы. Яе аповед часам перарываўся нядоўгім маўчаннем: ці для таго, каб успомніць той ці іншы момант, ці каб зусім не расплакацца…
– Як толькі прайшоў слых, што Чырвоная армія ўступае на нашы землі, многія тады паехалі за мяжу, і, як потым высветлілася, выратавалі гэтым сваё жыццё. У асноўным сышла моладзь, у тым ліку і мой брат. Мы вельмі сябравалі. Заўсёды пры сустрэчы ён браў мяне на калені і абавязкова нешта дарыў, апавядаў забаўныя гісторыі і казкі, якія, магчыма, прыдумляў тут жа. Вясёлы ён быў, гарэзлівы. Усе да яго цягнуліся, да гэткага завадатара і гаваруна. Вельмі шмат ведаў ён вясельных абрадаў, любая сватка магла яму пазайздросціць.
Як цяпер памятаю, паставіў Кастусь тады перада мной скрынку і сказаў: “Вось, не паспееш ты, сястрычка, гэтыя ледзянцы з’есці, як я вярнуся”. Я выпаліла, што не буду іх есці, дачакаюся яго, і тады мы разам іх і пакаштуем. Кастусь весела засмяяўся, моцна абняў мяне, пацалаваў і, развітаўшыся з усімі дамашнімі, пайшоў. Як потым апынулася – назаўжды.
Тут мая расказчыца не вытрымала… Доўга прыціскала рукамі да твару фартух. Вось так у нашых мілых бабуляў: і жыццё, і ўспаміны – усё праз слёзы. Праз сардэчны боль, празмерныя душэўныя пакуты.
– Зусім рана сышоў брат, на світанку. А пад вечар на хутар вайшлі на падводах ды машынах камісары. Позна вечарам выклікалі бацьку ў хату, якую вызвалілі спецыяльна для прыбыўшых. Гаспадара на вуліцу выставілі, і доўга яшчэ потым жыла яго сям’я ў адгароджанай частцы старога гумна.
Калі бацька вярнуўся, я пачула яго размову з маці. Казаў, што ад яго патрабавалі перадаць сыну, каб той вяртаўся дадому. Абяцалі салодкае жыццё. Памятаю, як маці праз слёзы ледзь чутна шаптала, што наадварот, трэба паведаміць сыну і іншым, каб сюды і блізка нос не казалі. Яе асцярогі потым спраўдзіліся: тых, хто вяртаўся, адразу ж адвозілі за сяло на бераг ракі. Людзі з вёсак уніз па цячэнню ракі вылаўлівалі целы растраляных і ўтайку перадавалі іх у нашу вёску ледзь не звар’яцелым ад гора родным.
Бацьку выклікалі, бадай, кожны вечар. Аднойчы ён вярнуўся хмурны, сеў за стол пад абразамі і заплакаў. Я ніколі да гэтага не бачыла, каб бацька плакаў. Нам было загадана разабраць хату і перавезці яе ў суседнюю вёску, дзе з яе пабудуюць сельсавет. Праз слёзы бацька дадаў, што гумно і дзве вялікія гаспадарчыя пабудовы таксама мусілі быць разабраныя. Застаўся толькі адзін невялічкі хлеў, які мы потым перабудавалі пад хату.
Пачалі вывозіць людзей цэлымі сем’ямі ў Сібір. Рыхтаваліся да гэтага і мае бацькі. Іх пужалі, што, калі не вернецца мой брат, нас усіх адправяць да белых мядзведзяў, як тады ў народзе называлі высылку людзей у Сібір. Але мы засталіся.
Як потым стала вядома, з-за бацькі. Ён быў адукаваным чалавекам, ведаў тры мовы: яўрэйскую, нямецкую і польскую. У хаце ў нас была вялікая бібліятэка, добрая калекцыя газет і часопісаў, мы часта набывалі новыя кнігі. Бацьку прапанавалі супрацоўнічаць з новай уладай у якасці перакладчыка. Але я крыху забяжала наперад, – папрасіўшы прабачэння, спыніла сваё апавяданне Вера Дзям’янаўна.
– Тады са сваім дзіцячым розумам я намагалася выкупіць, калі так можна сказаць, жыццё свайго брата ў бальшавікоў за гэтую скрынку ледзянцоў.
А было ўсё так. У майго бацькі была яшчэ адна сустрэча з камісарам у штабе. Перад тым, як ад нас запатрабавалі разабраць хату, прайшоў слых, што з-за мяжы вярнулася некалькі чалавек. І быццам бы нехта бачыў сярод іх майго брата. Маці ўсю ноч правяла ў слязах. Раніцай бацька ў спешцы засабіраўся да новай улады, і я адразу ўвязалася за ім. Ні ўгаворванні, ні нават пагрозлівыя вокрыкі не спынілі мяне. Бацька махнуў рукой і выйшаў з хаты. Крыху ззаду за ім пайшла і я.
Задумала ўтайкі нешта і абавязкова вырашыла гэта здзейсніць…
Справа ў тым, што ва ўсёй ваколіцы ўжо ведалі, што акрамя шумных начных папоек і страляння па навешаным на плетні гаршкам галоўны начальнік любіў салодкія пачастункі. Здаецца, грыз іх бесперапынна. У роце ў яго заўсёды была цукерка.
… За вялікім сталом сядзела тры чалавекі, яшчэ адзін стаяў ля акна і нешта жаваў. Бацька адразу, гаворачы вельмі хутка, стаў прасіць за Кастуся: казаў пра яго някемлівасць і маладосць, гарачнасць. Ён дастаў з-за пазухі невялікі пакунак з палатна і паклаў на стол. Я выйшла з-за яго спіны і таксама паставіла побач з пакункам сваю скрынку з цукеркамі і хуценька зноў схавалася за бацькаву спіну.
Той, што стаяў ля акна, падышоў і разгарнуў пакунак – там былі грошы. Потым ён адкрыў скрынку і высыпаў некалькі ледзянцоў на стол. Усе маўчалі. Раптам ён гучна рассмяяўся, за ім сталі гігікаць і астатнія. Нават бацька ўсміхнуўся. Высыпаўшы ўсе астатнія цукеркі на стол, камісар кінуў побач пустую скрынку. Сказаў: “Можа, атручаныя?”. У пакоі запанавала магільнае маўчанне. Бацька збялеў і пахістнуўся. А я выйшла з-за яго, узяла са стала тры ледзянца і засунула іх сабе ў рот. Зараз камісар загагатаў на ўсю глотку. Смяялісь і яго прыхвастні, што сядзелі за сталом. Ён махнуў рукой паставому – і нас выставілі на вуліцу. Я потым яшчэ доўгія гады верыла, што толькі мая скрынка з ледзянцамі выратавала жыццё Кастуся…
Брат тады дома не з’явіўся. Можа, яго не было сярод тых, хто вярнуўся. А можа…
Тут Верачка ізноў схавала твар у фартух. Рукі яе дрыжалі, дрыжалі на ветры і галіны бярозы, губляючы апошняе лісце.
На двары быў год… Зрэшты, на двары была проста восень…