На краі маленькай вёскі на пагорку стаяла старая каланча са звонкім звонам. У яго званілі рэдка, але заўсёды па справе: або сабрацца трэба было людзям, каб прыняць калектыўнае для ўсіх рашэнне, або распавесці пра важныя падзеі, або даць ведаць ваколіцы, што дзесьці здарыўся пажар ці іншае няшчасце. Таму, пачуўшы голас звона, народ кідаў усе свае справы паўсядзённыя і неадкладна збіраўся на ўмоўленым месцы.
І вось аднойчы гарачым летнім днём у гэтай вёсцы здарыўся пажар у адным з дамоў. Быў час працы, і ўсе дарослыя былі ў полі. У вёсцы засталіся толькі адны старыя, нямоглыя ды дзеці малыя. Вецер быў досыць моцны, у бок вуліцы. Дом загарэўся крайні. Агонь мог перакінуцца на суседнія дамы і знішчыць усю вёску. Трэба было як мага хутчэй апавясціць аднавяскоўцаў пра няшчасце. У адным з дамоў, які стаяў бліжэй за ўсё да каланчы, застаўся дзядуля з унучкай гадоў шасці. Старому не па сілах было дабегчы да каланчы. Панеслася дзяўчынка. Але вось бяда – дацягнуцца да вяроўкі, якая звісае ад языка звона, было немагчыма. Як ні старалася яна – усё дарма. Тады апусцілася дзіця ў бяссіллі на калені і горка заплакала. І тут нечыя цёплыя рукі падхапілі малую, паднялі над зямлёй, і яна моцна ўхапілася за вяроўку. І сталі рукі разгойдваць дзіця з боку ў бок... І загучаў звон гучна, працяжна. Трывожны набат пачулі людзі і тут жа прыбеглі. Калі ўсё скончылася, даведаліся аднавяскоўцы, каму абавязаны выратаваннем. І казала ім дзяўчынка ў адказ, што калі б не жанчына ў прыгожых строях белых, з рукамі цёплымі, усмешкай добрай, нічога б не выйшла. Каго толькі ні пыталіся, ніхто не бачыў гэтай незнаёмай. Дзяўчынка казала, што яна была падобная да Мадоны з немаўлём, што была намалявана на іконе, якая вісіць у доме яе дзядулі. У памяць пра цуд вырашылі людзі ўсёй вёскай паставіць на месцы званіцы каплічку драўляную. А бацька дзяўчынкі пасадзіў за ёй саджанец лістоўніцы. Прыгажуню і сёння можна ўбачыць. Звон з каланчы перанеслі на званіцу капліцы, каб ён склікаў людзей на малітву...