Даўно шукаў два аднолькавыя колы ад вазка, каб змайстраваць жырандолі ў самы вялікі пакой майго дома. І вось аднойчы, калі праязджаў праз адну вёску, краем вока заўважыў на двары старыя драбіны на драўляным хаду. Праўда, задняя вось засталася толькі з адным колам. Відаць, драбінамі даўно ўжо не карысталіся. Як толькі я спыніўся, мне насустрач выйшаў гаспадар дома, сардэчна расчыніў веснічкі і запрасіў зайсці. Прыселі на вузенькую лавачку, укапаную ля плота пад старым кустом язміну. Разгаварыліся. Патлумачыў, чаму зацікавіўся драбінамі, дакладней, іх коламі, распавёў, што хачу змайстраваць з іх жырандолі.
– Ты праўда хочаш зрабіць з іх жырандолі? – гледзячы ў вочы, спытаўся мой субяседнік.
Я, нават крыху разгубіўшыся, запэўніў, што гэта сапраўды так.
– Проста многія, калі займеюць нешта – прадаюць, – сказаў гаспадар дома. Ён задумаўся, потым моўчкі ўстаў і, махнуўшы рукой, запрасіў мяне за сабой у хату.
Вайшлі ў прасторныя сенцы з невялікім акенцам. Па прыстаўной лесвіцы гаспадар узняўся ў паддашак і падаў мне адтуль пару невялікіх драўляных колаў, зробленых вельмі па-мастацку. Мы вярнуліся на вуліцу і зноў селі на лавачку.
– Колы ад тых драбін, – працягваючы перарваную размову, прамовіў ён, – зношаныя і прагніўшыя ў пары месцаў. А гэтыя… Думаю, табе будзе цікава даведацца, адкуль яны ў мяне. Раскажу…
Дык вось. Змайстраваў іх мой дзед Нікіфар. Знаны ён быў сцяльмах – майстар па вырабу колаў. Вельмі складанае рамяство, трэба сказаць. Замовіў яму колы для каламажкі гаспадар фальварка, што непадалёк вёскі быў. Задатак выплаціў. Гэта было якраз перад страшным трыццаць сёмым. Увезлі гаспадара фальварка бальшавістскія прыхвасні на чорным варанку. А быў ён чалавекам адукаваным і руплівым. Жыхары вёскі ў яго за сезон маглі столькі зарабіць, што ў дастатку ды з харчаваннем ўсёй сям’ёй на пячы ўсю зіму праседжвалі.
Шлі годы, а гаспадар фальварка не вяртаўся. І дзед мой адклаў козлы каламажкі ды гэтыя два гатовыя колы і строга наказаў іх не чапаць і не карыстаць. А раптам замоўца вернецца, грошы дык наперад заплочаны. Так яны ў клеці да саракавых і праляжалі.
А перад самай вайной дзеда не стала. Але, нават паміраючы, стары Нікіфар яшчэ раз наказаў свайму старэйшаму сыну, бацьку майму, значыцца, колы берагчы. Ізноў патлумачыў: маўляў, калі вернецца чалавек, дык не сорамна будзе за яго старога, бо задатак адпрацаваў.
Бацька мой справу дзеда працягнуў. Уся вёска, ды нават не адна, на яго колах і сёння ездзяць. Але гэтыя вось, дзедавы колы ён так і не крануў. Наказ выканаў. Так яны ўвесь час у паддашку і былі схаваныя. Разумееш, якімі адказнымі былі людзі? Сумленныя якія, прыстойныя. Захоўвалі традыцыі, дзелавы гонар… Не тое, што зараз… – і, крыху памаўчаўшы, мой субяседнік ціха дадаў: – Вось не стане мяне – умыкне ж іх хто, на грошы абмяняе…
– А жырандолі – справа добрая. Дзеля такога іх і падарыць не шкада. Свяціць, значыцца, ў хаце будуць? Ды і падарожнікам накшталт маяка. А для мяне, старога, надзея… Ты пра гэта напішы… Раптам сваякі таго гаспадара фальварка даведаюцца і прыйдуць, паглядзяць на працу рук таленавітага старога майстра…
Што можна сказаць пасля такіх слоў? Я слухаў гэтага чалавека, адчуваючы, што зараз нават больш ганаруся нашымі продкамі і паважаю іх. Таленавітых і працавітых, якія ведалі, што такое годнасць і гонар.