Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< СЫН МАСТАКА >

СЫН МАСТАКА

– Вось пачакай хвіліначку, трохі чысцей апрануся, ды да суседкі маёй зойдзем. Яна табе, як ёсць, усё чыста распавядзе. У яе гэта надта ж добра атрымліваецца.

І вось мы ідзём з цёткай Маняй, з якой я толькі што пазнаёміўся, у суседні двор. А там – аладкі з чарніцамі, малако ў шклянках ды новая гісторыя ад суседкі цёткі Мані – яе добрай сяброўкі дзяцінства цёткі Настачкі, якая пачынае прыкладна так:

– Гаспадыня мясцовай сядзібы – ужо немаладая ўдава – пабудавала невялікую каменную капліцу побач са сваім маёнткам, на ўтульнай цяністай паляне ў старым парку, закладзеным яшчэ яе дзедам. Для роспісу капліцы яна запрасіла мясцовага мастака-самавука. Майстар з радасцю згадзіўся, тым больш што ў яго ўжо быў вопыт падобнай працы: ён распісваў драўляны храм у сваёй роднай вёсцы, што знаходзілася недалёка ад сядзібы.

У мастака было трое сыноў, малодшы з якіх таксама прыахвоціўся да малявання. На свой узрост ў хлопчыка няблага атрымлівалася, таму бацька калі-некалі браў яго на працу як чалядніка.

Даведаўшыся, што гаспадыня сядзібы бацьку працу прапанавала, пачаў хлопчык прасіцца яму дапамагчы. Перад тым, як дазволіць, бацька распавёў пра просьбу сына заказчыцы. Асцярожная пані адмовіла мастаку, бо лічыла, што праца будзе даволі складанай і адказнай, і яна не можа даверыць яе юнаму хлопчыку.

Што зробіш – такія былі ўмовы. Мастак перадаў сыну волю пані і, атрымаўшы спачатку частку грошай, узяўся распісваць капліцу.

А што ж наш юны герой? Ён, канешне, засмуціўся адмовай і вырашыў дзейнічаць наступным чынам. Так як бацька яго працаваў знутры капліцы і заўсёды ўдзень, хлопец у сваю чаргу ўпотай пачаў распісваць нішу алтарнай сцяны звонку будынка. Працаваў ён па начах, бо баяўся, што гаспадыня сядзібы даведаецца, што ён не паслухаў яе забароны, і пазбавіць бацьку працы. А каб днём не ўбачылі яго працу, ён зрабіў драўляны шчыт па размеру нішы і размаляваў яго пад камень сцяны капліцы. Калі пад раніцу хлопчык сыходзіў дадому, ён вешаў шчыт на месца, і ніхто не мог разгледзець, ці нават западозрыць, што хаваецца пад гэтым драўляным “пакрывалам”. Малады мастак заўсёды працаваў без свечкі ці ліхтара. Ён працаваў толькі тады, калі свяціў месяц, толькі калі месячнае святло дапамагала яму.

Гаспадыня сядзібы звярнулася з гэтай працай да мастака ў сярэдзіне восені. Хутка наступілі доўгія халодныя ночы, першыя замаразкі. Хлопчык хутка павінен быў скончыць свой роспіс, але ён моцна прастудзіўся і захварэў. З кожным днём маленькаму тварцу станавілася горш і горш, а калі злёг канчаткова – адважыўся адкрыць бацькам сваю тайну.

Бацька ў сваю чаргу пераказаў гаспадыні аповед сына. Яны зараз жа знялі шчыт і ўбачылі амаль што закончаны цудоўны роспіс з выявай Збавіцеля.

А хлопчык згасаў на вачах. Марудзіць не было калі, і гаспадыня маёнтка, выдзеліўшы сваю карэту з рамізнікам, загадала адвезці юнае дараванне ў Вільнюс.

Хлопчыка выратавалі, і ён застаўся вучыцца ў мясцовай мастацкай установе на грошы, якія ўвесь час высылала яго выратавальніца.

Згубіліся сляды далейшага лёсу гэтага юнага мастака. Даўно няма ў жывых добрай пані, раз’ехаліся па сусвеце яе нашчадкі. Сама сядзіба і большасць гаспадарчых пабудоў моцна пацярпелі ад часу і людзей. Але роспіс на алтарнай сцяне маленькай капліцы можна ўбачыць і сёння. І сёння Збавіцель глядзіць нам услед з надзеяй і любоўю.

– Слухай, – казалі кабеты ў канцы нашай размовы. – Калі ты пра ўсё напішаш і гэта надрукуюць, можа так здарыцца, што недзе далёка родныя таго хлопчыка-мастака прачытаюць ды… але ж якое… яны, мабыць, вельмі далёка, а мо нават і ў жывых іх няма. А мо… Вельмі ж хочацца верыць …