Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ЦЁМНА-ЗЯЛЁНАЯ ХУСТКА >

ЦЁМНА-ЗЯЛЁНАЯ ХУСТКА

Яшчэ адна легенда ад майго старога знаёмага, у мінулым паляўнічага і прамыславіка – дзядулі Базыля. Ён ведае тутэйшыя краі, з заплюшчанымі вачыма абышоў акругу ўсю ўдоўж і ўпоперак яшчэ ў тыя добрыя часы, калі птушка ды звер былі не ў навіну, а ў дастатку засялялі непраходныя лясы.

Трэба спачатку сказаць, што ў мясцовасці, дзе жыў дзед Базыль, ляжалі два возера. Адно бліжэй да вёскі, за невысокім пагоркам, прыхінуўшыся да ўзлеску. А іншае – нашмат далей, у лесе. Векавыя сосны і елкі абступалі яго з усіх бакоў, хаваючы сваімі цёмнымі кронамі, як шатром.

Блізкае возера стала з часам драбнець, заглеілася. Берагі пачалі зарастаць асакой ды чаротам. І адразу ж завяліся ў гэтым возеры начніцы. Істоты настойлівыя, шумныя. Усё дзяцей палохалі, некаторых нават за ногі ў азёрную бездань пацягнуць хацелі. Але, дзякуй Богу, абышлося. Людзі да возера гэтага перасталі хадзіць, слава нядобрая за ім замацавалася.

І вось прыкладна ў той час позна ўвечары Базыль з суседняй вёскі на возе дадому вяртаўся. У кума свайго па сыну старэйшаму загасціўся ён за поўнач.

Едзе. Глядзіць, а на дарогу, што ўздоўж возера па лесе ішла, выскачылі шэсць ці сем дзевак босых, у лахманах, але вясёлых і гаваркіх. На каня, што спыніўся, Базыль хацеў быў пугай замахнуцца, але тут незнаёмкі сталі яго ўпрошваць падвезці да возера. Ён пагадзіўся.

Калі прыехалі, спадарожніцы саскочылі з воза і да вады паспяшаліся. А апошняя з дзяўчат працягнула возніку хустку – плата за паслугу. Хустка вельмі ж прыгожая была: на цёмна-зялёным полі гарлачыкі белыя ды птушкі розныя. Пакланіўся ён дзяўчыне ды і паехаў. Жывы-здаровы дадому дабраўся. Ля брамкі яго жонка чакае, хвалюецца. Муж ёй падарунак працягвае, хоча, каб яна хустку на плечы накінула, узрадавалася. Але адчувае ў руцэ нешта халоднае і слізкае. Глядзіць, а ў руцэ ціна балотная з гарлачыкамі пераплеценая ды жабы зялёныя...

І адразу стала зразумела – начніц Базыль падвозіў, а тыя вось такім нядобрым чынам адплацілі, зганьбіць вырашылі.

Ох і ўзлаваўся паляўнічы. У дом кінуўся, стрэльбу са сцяны схапіў, патранташ праз плячо і, не звяртаючы ўвагі на ўгаворы і плач жонкі, да возера кінуўся. Пару разоў у паветра пальнуў, гучна крыкнуў, маўляў, выходзьце, пачвары мізэрныя, адказ трымаць, за дабро дабром трэба плаціць, а вы як з чалавекам абышліся.

І што вы думалі! Сталі начніцы хто з кустоў, хто з вады выходзіць на грозны крык паляўнічага. І давай Базыля ўпрошваць ды маліць, каб дараваў ён іх, нячысцікам. Сталі казаць, што гэта самая малодшая, неразумная, схібіла.

Пытаюцца ў паляўнічага – як могуць загладзіць віну сваю? «Можа, што зрабіць трэба, кажы, мы тут жа выканаем». А Базылю менавіта гэта і трэба было.

«Сядайце усё, як ёсць, у фурманку, я вас у лясное возера завязу. Там цяпер будзеце жыць», – як сказаў, так і зрабіў.

З таго часу ў возеры каля вёскі ніводнай начніцы не бачылі.

– Ну, а ў тым, лясным, возеры начніцы ёсць? – пытаюся я.

– А куды яны дзенуцца. Там і жывуць, – адказаў мне стары паляўнічы, пацягваючы моцны самасад.