
У гэтым вялізным доме на два канцы іх засталося толькі двое: дзед Міцяй, пад дзевяноста лет, ды праўнук яго Дзёмка, гадоў васьмі. Вялікую некалі сям’ю бязлітасна раскідала вайна. Хто памёр ад хваробаў, хто не вярнуўся з фронту, а хто і на чужыне жыць застаўся.
Калі старшыня калгасу звярнуўся да старога з просьбай узяць на пастой брыгаду электрыкаў, якія цягнулі праз вёску правады на новую ферму, дзед ахвотна згадзіўся дапамагчы. І так палова хаты пуставала.
І вось аднойчы пастаяльцы, вярнуўшыся вечарам з працы, высыпалі з мяшка на падлогу чатырох малюсенькіх ваўчанят. Сяклі яны просеку і набрылі на воўчае логава. Прынеслі малых дахаты ў спадзяванні, што дзед падкажа, што з імі рабіць. І пакуль маленькія шэрыя камячкі слепа торкаліся адно аднаму ў бакі і жаласна скуголілі, дзед распавёў, як яно ёсць. Усе тутэйшыя ведалі, што ў лесе, непадалёк ад вёскі, знаходзілася логава ваўчыцы. Пасялілася там шэрая яшчэ да вайны. І дагэтуль суседнічалі ў згодзе, а што будзе зараз, калі яе ваўчанят забралі, – дзед і не ведае.
На досвітку брыгада зноў сышла на працу. Дзед Міцяй паклікаў унука ды кажа:
– Я ўсю ноч вачэй не заплюшчыў, ўсё думаў, як з вывадкам абысціся. А пад раніцу пачуў выццё за ваколіцай. Ваўчыца згубу заўважыла. І, значыцца, трэба, Дзёмка, ваўчанят назад у мяшок. На спіну яго закідвай – для мяне такая ноша дужа цяжкая – ды хадзем з табой, богу памаліўшыся, удвух да логава. Ану ж не кране нас ваўчыца.
Унучку страшна было, але пярэчыць дзедзу ён не асмеліўся. Зараз жа і пайшлі. Ля логава Дзёмка з асцярогай вытрас ваўчанят на яловы шыльнік. Дзед па баках азіраецца, гатовы сябе і ўнучка кіем бараніць. А ваўчыца тут як тут, але на людзей не кінулася, толькі пільна паглядзела, паветра носам пацягнула, а потым да ваўчанят падышла ды на бок завалілася – малыя адразу да жывата, за ноч, відаць, згаладаліся…
Так людзі з жывёлай мірна і разышліся.
Прайшло гадоў пяць-шэсць. Акурат перад Піліпаўкай дзеда не стала. І вось аднойчы выпала Дзёмке на кірмаш з абозам з’ездзіць, яек пару дзясяткаў ды грыбоў сушаных адвезці, каб прадаць ці абмяняць на цёплую вопратку.
Замарудзіў малы, па гораду загуляўся, а дзень у гэтую пару карацей, насунуўся змрок, ды як на злосць завея закружыла. Павярнуць назад ніяк не было: хлопец ужо паўшляху да вёскі прайшоў. Ногі ў сумётах гразнуць – упаў некалькі разоў. І раптам зразумеў Дзёмка, што заблукаў у непрагляднай завірусе. Нават расплакаўся…
Потым, седзячы ля цеплай печкі ў суседкі, далёкай сваячкі, распавядаў, што праз завею ды непагадзь яго да ваколіцы давялі ваўкі. Было іх пяцёра: чатыры вялізныя ваўкі ды старая ваўчыца. Спачатку хлопец пачуў выццё, потым заўважыў паблізу стаю, думаў – смерць прыйшла.
– Але шэрыя мяне не кранулі, па баках ішлі, быццам накіроўвалі. А ваўчыца наперадзе, азіралася ўсё, нібыта клікала за сабой. Так і давялі яны мяне да плота крайняй хаты. А як сабакі ланцугі сталі рваць, зніклі ваўкі, быццам расталі ў завірусе, як і не было іх. Мусіць, гэта тыя чатыры ваўчаняты, якіх мы з дзедам Міцяем матцы іхняй да логава ў лес заняслі, – скончыў свой аповед хлопец.
Варочаючы печаную бульбу сярод вуголля, Дзёмка ціха прамовіў:
– Вунь як, звер люты, а і тое за дабро дабром адплаціў. Не тое што ў людзей бывае, па-іншаму ў людзей, – і перахрысціўшыся, дадаў: Да зла ў іх больш душа схіляецца, даруй мне, Госпадзе.