Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ВАЛОДЗЕЎ ВАЛУН >

ВАЛОДЗЕЎ ВАЛУН

Калі ён праязджаў гэты круты ўчастак дарогі, ён заўсёды звяртаў увагу на немаленькіх памераў валун, які ляжаў ля абочыны. Ён яму падабаўся. Камень захапляў яго сваім магутным сілуэтам, устойлівасцю, надзейнасцю. І веяла ад яго заўсёды нейкі абаронай. Праз час гэты валун ператварыўся ў яго талісман, абярэг. Едучы ў чарговы раз міма каменя, ён махаў яму рукой, усміхаўся ды пра сябе прасіў дапамогі, абароны на дзень сённяшні. І як глыбока веруючы чалавек заўсёды гэтага саромеўся, абяцаў сабе больш не дазваляць падобных слабасцяў. Але сяброўства паміж чалавекам і валуном стала нейкай мілай і бяскрыўднай прыгодай, маленькай, вядомай толькі ім дваім таямніцай.

І вось аднойчы яму прысніўся сон: валун разбіваюць велізарнымі кавадламі ў друз. Ён падае да яго ног і, быццам ільдзінкі, растае і працякае ў пясок. А пясок пад нагамі ператвараецца ў дрыгву, зацягвае яго ногі. Яму цяжка выбрацца, яму цяжка дыхаць, ён крычыць, кліча на дапамогу – і прачынаецца.

Едучы ў гэтую раніцу міма каменя, ён упершыню спыніўся. Падышоў да яго, памацаў яго рукамі і прысеў побач, прыхінуўшыся спінай да нязломнай спіны гэтага волата. Уражанні ад сну былі настолькі моцныя, што і цяпер ён бачыў, як яго сябар рассыпаецца пад страшнымі ўдарамі, ператвараючыся ў пыл...

Бабуля з'явілася як быццам з-пад зямлі. «Проста чалавек праходзіў міма», – яшчэ падумаў ён тады. Усё здарылася раптоўна. Але трывогі і турботы на душы не было. Ён, прыўзняўшыся, ветліва павітаўся. А ў адказ пачуў: «Ты, мілы чалавек, не чапай камень, тут яму быць, тут яму зямля добрыя сілы дае». І, памаўчаўшы, дадала: «А сон пра тое і кажа».

Галава хістанулася і лёгенька стукнулася аб камень. Ён сядзеў па-ранейшаму прыхінуўшыся. Побач была толькі яго машына. Нешта яшчэ варушылася ў памяці. Як у тумане – старэнькая бабуля, ён з ёй размаўляе, і нешта яна ў яго просіць. «Стаміўся, вельмі стаміўся, – падумаў ён. – Ды і ноч папярэдняя была бяссонная, цяжкая». Яму хацелася да раніцы абавязкова паспець зрабіць задуманае. «А цябе, дружа, – падняўшыся, сказаў ён ужо ўголас ціха, – я перавязу. Упраўлюся са справамі і абавязкова перавязу да свайго дома. Там цябе ніхто не кране».

І праз нейкі час велізарны кран грузіў валун на магутны цягач. Тросы рваліся некалькі разоў. І некалькі разоў камень з глухім ударам падаў на ранейшае месца. Зямля скаланалася ў адказ, нібы стагнала: ці то развітваючыся, ці то аб нечым просячы. І вось гэты цуд прыроды побач з участкам дома, ля плота. Але нешта было не тое, не так у гэтым камені, у гэтым месцы, дзе ён ляжыць, нават дарога здавалася не той і не такой, як раней. Яму было самому не па сабе, што яго надзейны і верны сябар стаў зусім іншым. Якім? З кожным днём станавілася ўсё больш складана адказаць на гэтае пытанне.

Гэтая раніца была як усе папярэднія. Толькі ён ўстаў пазней, чым звычайна. Таму зборы былі таропкія. Галава расколвалася. Бліжэй да раніцы ён дарабіў працу. Атрымалася ўсё, як было задумана. Ён быў упэўнены, што вынік яго бяссоннай ночы абавязкова спадабаецца людзям. Літаральна на імгненне ён затрымаўся каля каменя. Але гэтае імгненне яму здалося доўгім. За гэтую секунду неяк ясна ўспомнілася вельмі многае, што адбылося з ім за апошні час. Успомнілася і тая раніца, і сустрэча з незнаёмай бабуляй.

Вось толькі яе просьба... «Пра што ж яна мяне прасіла?» – ужо па дарозе ён безвынікова спрабаваў гэта ўспомніць. Вось хутка і той паварот дарогі, ля якога ён заўсёды прытармажваў, каб павітаць свайго незвычайнага сябра, папрасіць у яго ... Але што гэта? Ён бачыць валун на ранейшым месцы! Толькі ён чамусьці цёмны. Нават чорны. І блікі ад каменя. Яркія блікі прама ў вочы. І страшна бягуць побач дрэвы, і гэты небяспечны выгіб дарогі, і гэтая хуткасць. Упершыню ў жыцці напалохала яго гэтая хуткасць...

Даўно я не быў у гэтых месцах. Шчыльнай сцяной падняліся раскошныя дамы, а платы ператварылі гэта месца ў мноства маленькіх крэпасцяў або турмаў. Цесна ад гэтых дамоў, платоў. Старэнькі сад, абгароджаны звычайным штыкетам... Усё страшна запушчана. Калі быў гаспадар, усё было ў прыстойным стане, дагледжаным. А вось і валун у густой траве. Тут ён здаецца ўжо не такім вялікім. Ніхто не ведае, што я яго называю Валодзеў валун. Падыходжу бліжэй. Нахіляюся і кранаю.

– Няўтульна табе тут, самотна. А ці не перавезці цябе?

– Хочаце купіць? – я пужаюся і паварочваюся. Бачу дужага дзецюка з карымі вачыма.

– Вываз арганізуем бясплатна. Ёсць тэхніка. – І як быццам апраўдваючыся: – Платы падступаюць з самай дарогі, а тут паварот. Перашкаджае.

І я адчуваю, што не магу сказаць не. Я вось-вось пагаджуся...