Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ВІШНІ НА МЯЖЫ >

ВІШНІ НА МЯЖЫ

Мяжа была вельмі вузкая і заўсёды пустая. Тая трава, што вясной з радасцю цягнулася да сонца, праз нейкі час марнела і ператваралася ў пажухлыя пучкі. Яе карані, адужэўшы і трохі паглыбіўшыся ў зямлю, зразаліся плугамі з аднаго і з другога боку. Зямля падразалася настолькі, што мяжа станавілася ўсё танчэйшая, а ў некаторых месцах перарывалася: размытая дажджом глеба выраўноўвала яе край. Мяжа гэтая падзяляла два суседнія палі, дзве гаспадаркі, два сямействы. Яна была падзяляльнай паласой двух светаў. Яна была мяжой разладу паміж гэтымі светамі.

Узнікалі сваркі ў асноўным ранняй вясной і позняй восенню, калі аралі палі. Кожны гаспадар лічыў, што яго сусед незаконна адразае ад агульнай мяжы зямлю, і мяжа з-за гэтага нібыта перамяшчаецца на яго поле. Лезлі ў лаянку гаспадыні, бабулі і дзядулі, і нават старэйшыя дзеці станавіліся на бок сваіх бацькоў.

Але былі ў гэтых сем'ях і малодшыя дзеці: у адной сям'і дзяўчынка, у другой – хлопчык. Сяброўскія адносіны паміж імі завязаліся выпадкова. Хлопчык залез за трускаўкай у суседні гарод, і дзяўчынка гэта бачыла, але маці сваёй не сказала. Хлапчук у падзяку падарыў ёй скрынку з каляровымі алоўкамі і некалькі кавалкаў рознакаляровага пластыліну.

Адкрыта гуляць разам немагчыма было ім і думаць – бацькі забаранілі б. Сустракацца таемна для іх было нават цікавей. Праз год яны пайшлі ў школу. А за школай быў невялікі сад, абсаджаны вішнямі. Сярод дарослых дрэў было шмат маленькіх маладых парасткаў вішні.

Каму ў галаву прыйшла гэтая ідэя, мы наўрад ці даведаемся. Але аднойчы дзеці выкапалі па пяць-шэсць маладых дрэўцаў вішні і таемна ўвосень пасадзілі іх на мяжы. Тонкія пруткі вішанак ніхто і не заўважыў. Вясною на дзіва ўсе саджанцы прыняліся. Але што было далей?

Кожнае дзіця сваім бацькам расказвала, што гэта яно пасадзіла саджанцы, і тут жа звярталася з просьбай не казаць пра гэта суседзям, каб тыя не зламалі вішанькі і не падрылі плугам іх карані. Дык бацькі кожны са свайго боку думалі, што гэта іх дзіця высадзіла маладзенькія дрэвы на мяжы, і сталі трохі адступаць, калі аралі зямлю, пашыраючы мяжу. І вось праз тры-чатыры гады мяжа настолькі пашырылася, што на ёй прывольна закаласілася трава, загайдаліся на ветры жоўтыя галоўкі піжмы. А вішні распусцілі свае кроны і дружна паднялі да сонца галіны, усыпаныя белымі кветкамі.

Сваркі неяк самі сабой ўлягліся, дарослыя па раніцах нават вітацца сталі, а дзеці разам бегалі ў Дом культуры ў кіно і на танцы.

Час бег без аглядкі. Хлопчык і дзяўчынка скончылі школу. Яго забралі ў войска, яна з'ехала вучыцца ў вялікі горад. Сям'я хлопчыка спачатку атрымлівала лісты ад сына з далёкай Азіі, а потым і з Афганістана.

…Пахаванка прыйшла ў наступную восень. Хавалі салдата усім наваколлем. Была на пахаванні і дзяўчына, якая прыехала з горада. А вясной па камсамольскай пуцёўцы яна з'ехала вельмі, вельмі далёка.

Праз год у незнаёмцы, якая з'явілася ў вёсцы, – прыгожай стройнай жанчыне – аднавяскоўцы з цяжкасцю пазналі тое самае мілае дзіця, што горка плакала на пахаванні маладога салдата. Сябры і аднакласнікі раз'ехаліся па свеце, не было ўжо ў жывых бацькоў з таго і іншага боку, і толькі за гумнамі сярод поля, парослага травой, гарэла на сонцы мяжа, усыпаная жоўтай піжмай, над якой радком, датыкаючыся галінкамі, як рукамі, раслі пад высокім сонцам здаровыя і дужыя вішні.