
Гэты пагорак, з якога мы цяпер, затаіўшы дыханне, глядзім на навакольную прыгажосць, быў не самотны. І справа, і злева, і насупраць падымаліся пагоркі рознай велічыні і крутасці, месцамі парослыя невялікімі зараснікамі дрэў і кустоўя. У асяроддзі гэтых пагоркаў, як у чашы, на дне лагчыны ляжала вялікае возера. Ветру не было, і ў яго ціхіх водах адбіваўся ўвесь свет. Нават птушкі і самыя дробныя аблокі...
Абавязкова вам трэба заехаць сюды і ўбачыць гэта тварэнне маці-прыроды. А каб з'явілася яшчэ большае жаданне наведаць гэтыя чароўныя месцы, распавяду вам легенду, якая жыве ў памяці старажылаў вёскі, што знаходзіцца за ляском, недалёка ад возера.
Калісьці ля гэтага возера на адным з пагоркаў стаяла паганскае капішча. Счарнелыя ад часу дубовыя ідалы шчыльным колам абступалі вогнішча, выкладзенае велізарнымі валунамі. У вогнішчы гэтым у святы і ў дні ўрачыстасцяў запальвалі агонь. Захавальніцай гэтага агню была лекарка і прадказальніца, старая вяшчунка Марынца. Усе прыходзілі да яе па дапамогу: мужчыны – каб яна пра ўдалае паляванне папрасіла ў багоў, маці ды жонкі ішлі прасіць абароны свайго жылля ад няшчасцяў, здароўя дзецям, прыбылі ў гаспадарцы.
Але вось па нашай зямлі стала распаўсюджвацца новая, чужая вера... Яна яшчэ не дайшла да гэтых лясных, дрымучых месцаў, але весткі пра яе ўжо прынеслі з сабой прышлыя людзі. Гэтыя чуткі былі поўныя нядобрага: што капішчы святыя бураць, багоў каменных ды з дрэва высечаных топяць, а людзей, якія не жадаюць адмовіцца ад веры продкаў, неміласэрна знішчаюць цэлымі паселішчамі.
Аднойчы валадарка свяшчэннага агню сабрала людзей і паведаміла ім, што заўтра на заходзе дня яна пакідае гэты свет і сыходзіць да сваіх продкаў. І яшчэ звярнулася Марынца з такой просьбай: цела яе абавязкова трэба ўскласці на пабудаваны плыт і адштурхнуць яго да сярэдзіны возера, а лучнікі хай з берага пусцяць стрэлы, запаленыя ад святога агню, і падпаляць плыт. Так прах Марынцы на дне возера супакоіцца. Пасля гэтага вада ў ім стане гаючай. Такім чынам Марынца і пасля смерці людзям дапамагаць будзе: вадою з возера вылечваць хваробы розныя...
Усё дакладна так і было зроблена, як наказвала старая Марынца. А возера з тых часоў сталі называць яе імем. Але цяпер мы яго ведаем як Святое.
Ды гэта цяпер... А раней, яшчэ доўга пасля смерці вяшчункі, возера называлі Марынцавым. Прыхільнікі новай веры прыдумалі сваю легенду: па іх расказах, тут некалі затапіла царкву, і возера з тых часоў называлася Святым. Амаль усе аналагічныя азёры нашай краіны авеяныя падобнымі легендамі пра патанулыя храмы, і, што дзіўна, выключна цэрквы.
Але, на шчасце, часам атрымліваецца зазірнуць у глыбіню нашага мінулага, дакрануцца да больш разнастайнага свету легенд і даведацца пра, магчыма, сапраўднае паходжанне назвы прыгожых і таямнічых месцаў.