Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ВЫШЫВАНКІ ЗОСЬКІ >

ВЫШЫВАНКІ ЗОСЬКІ

Хто бы мог падумаць, што гэтая старэнькая, падраная вышыванка падорыць мне такую незвычайную гісторыю. Але пачынаць – дык спачатку…

Мой добры сябра, калекцыянер, рэстаўратар і збіральнік старыны, цудоўны апавядальнік і – што не менш важна – слухач, ведаючы маё захапленне старымі вышыванкамі, аднойчы запрасіў заехаць да сябе.

У саду ўсё цвіло, ад лёгкага подыху ветру пялёсткі зрываліся з дрэў і, пакружыўшыся, падалі на траву да жоўтых дзьмухаўцоў. Ля ганка, пад старой грушай стаяў стол, побач – некалькі крэслаў з ціснёнымі ўзорамі. На стале ляжала тая самая вышыванка. Яна была ў дрэнным стане, але, зірнуўшы, заўважаю галоўнае – што на ёй вышыта.

Слухаю гэту гісторыю яшчэ раз і яшчэ раз дзякую небу за тое, што мне шанцуе на шчаслівыя выпадковасці. І, дзякуй Богу, поўніцца падобнымі легендамі і аповедамі глыбокай старыны наша зямля.

Сем’і раней былі вялікія, у кожнай па некалькі дзяцей. Вось і ў гэтай было шасцёра сыноў і адна дачка, самая малодшая. Браты, калі выраслі, ўладкавалі сваё жыццё, хто як мог. Старэйшы, ажаніўшыся, аддзяліўся адразу. І другі брат за ім следам: стаў здатным кавалём. Двое з малодшых братоў на заробак за мяжу ездзілі. Вяртанне дадому пасля кожнай доўгай паездкі было важнай падзеяй, ледзь не святам. Усе збіраліся і слухалі іх гісторыі пра тое, як там ў Еўропе людзі жывуць, якія гарады ды сёлы давялося ім убачыць. Малодшая сястрычка любіла іх аповеды больш, чым астатнія. І вось пачала яна братоў прасіць, каб узялі яе з сабой. Хаця б разочак, калі дазволяць, хацела з’ездзіць. Бацькі, канешне, спачатку былі рашуча супраць, але згадзіліся, калі сыны запэўнілі, што ўсё будзе добра. А тут яшчэ і старэйшыя браты падтрымалі, маўляў, хай едзе, калі так хоча ды не баіцца. Прымусілі братоў паабяцаць, што будуць глядзець за малой ды берагчы яе і што дадому раней, чым звычайна, вернуцца. Літаральна некалькі тыдняў доўжылася падарожжа гэтай дзяўчынкі, скончылася яно шчаслівым вяртаннем дадому. А далей…

Далей была вайна, рэвалюцыя, разруха, голад, зноў вайна. Браты, што за мяжой працавалі, там і засталіся, як склаўся іх лёс – невядома. Старэйшы брат загінуў на фронце, яшчэ двое загінулі ў лагерах ў Сібіры. З усіх дзяцей некалі вялікай сям’і засталася ў жывых толькі малодшая дачка. Жаніх яе таксама загінуў падчас Другой сусветнай вайны.

Пазней, у 1946 годзе, яна выйшла замуж за аднарукага франтавіка. У іх нарадзілася дачка Зоська. Жыццё пакрысе наладзілася, пабудавалі хату, дачка пайшла ў школу. І вось, недзе ў сярэдзіне пяцідзясятых, калі дзяўчынка вучылася ў трэцім класе, прыйшлі да бацькоў настаўніца Зоські і старшыня сельскага савета.

– Что гэта? – паклаўшы на стол вышыванкі, строга спыталі ў маці дзяўчынкі. І, не дачакаўшыся адказу збянтэжаных бацькоў, працягнулі: – Гэта яна вышывае на уроках працоўнага навучання, мы яе гэтаму не вучылі. Дзеці вышываюць зоркі, сцяжкі, словы Леніна… Мы ведаем, з якой вы сям’і, дзе вашы браты і дзе вы самі былі. Вы нават не уяўляеце, чым гэта можа для вас скончыцца. Ану і літаратуры прывезлі з малюнкамі. Паказвайце, жыва!

Пагрозы, крыкі… Бедная маці ўпала на калені:

– Ніякіх малюнкаў і кніг няма. Так, я была там. Але нідзе, ніколі і нікому… Клянуся! – і знепрытомнела ля ног няпрошаных “гасцей”.

Калі яна расплюшчыла вочы, побач былі муж і дачушка.

– Сышлі, – ціха прамовіў франтавік. – Я схлусіў, што гэта я распавядаў дачцэ, што там бачыў. Загадалі вышыванкі спаліць.

На гэтых словах Зоська заплакала. Потым на кухні жонка клялася мужу, што ніколі не расказвала пра сваё падарожжа за мяжу. Неверагодна, але дзіця вышывала тое, што маці бачыла ў дзяцінстве столькі год таму.

Запоўнач. У хаце ўсе спяць. На стале ў месячным святле ляжаць вышыванкі з незвычайнымі малюнкамі: каляровыя хаткі з чырвонымі дахамі, высокія шпілі з

крыжамі, яркія фурманкі і карэты, людзі ў светлым рознакаляровым адзенні. Шмат зелені, фарбаў і святла, якое, здаецца, струменіцца, перабіваючы святло месяца…