
Мой суразмоўца – нізенькі каржакаваты лысаваты дзядуля. Кусаю вялікі антонаўскі яблык, якім ён мяне пачаставаў, і да болю знаёмы пах, здаецца, разліваецца па ўсёй вуліцы.
– Як даўно тое было? – пачынае дзядок. – А было гэта так даўно, што вунь той паміраючы дуб каля крайняй хаты падчас гэтай гісторыі быў зялёным падлеткам і хаваўся ад суровых зім у хмызняку падлеску, набіраючыся моцы і ўлады над ваколіцай.
Адзін добры чалавек аўдавеў і застаўся з чатырма малымі на руках. Пасумаваў ён, пасумаваў колькі часу, ды і ўзяў у хату новую гаспадыню. Па гаспадарцы дапамога патрэбна? Патрэбна. У хаце, у полі яшчэ адны рукі не пашкодзяць? Не пашкодзяць. Ды і жаночая ласка дзецям неабходна. Але такой брыдкай бабы свет белы не бачыў. Дзяцей бедных па вуглах паразагнала, а ад мужа патрабаваць пачала, каб той дабро хатняе прадаваў і ёй усялякае адзенне ды ўпрыгожанні набываў. Як стаў гаспадар адмаўляцца, дык яна яго збіваць. Дзеці заступіліся, дык яна ім торбы ў рукі ды за дзверы – жабрачыць, грошы збіраць мачысе на патрэбы.
Калі ў хаце скончыліся хоць крыху каштоўныя рэчы, стала нягодніца патрабаваць, каб скаціну ды птушку, рэчы гаспадарскія, плугі да бараны, на кірмаш везці ды мяняць на ўпрыгожанні розныя і вопратку багатую.
Многа ці мала трываў няшчасны гэтыя здзекі, але аднойчы адважыўся з дому збегчы ды і ўтапіцца. Дзяцей, можа, людзі добрыя ў няшчасці не пакінуць, дадуць, дзе пераначаваць, ды хлеба куска не пашкадуюць.
А была каля вёскі, калі ісці напрамкі праз лес, багна непраходная, – стары паказаў у бок, з якога я прыехаў. – Хто ў яго трапляў – дадому, няшчасны, ніколі ўжо не вяртаўся. А гаспадарыў і запраўляў усімі справамі нядобрымі ў гэтым страшным месцы, як кажуць старажылы, балотны цар – Кадук. Хто яго бачыў – адразу на тым жа месцы паміраў. Але шмат хто чуў жудасны лямант яго пасля таго, як злыдзень ва ўладанні свае душу чалавечую забіраў.
Дык вось. Пайшоў наш пакутнік да балота, зайшоў у самае непралазнае месца, па грудзі ў дрыгву забраўся ды стаў чакаць, пакуль яго цар балотны ў цёмную глыбіню не зацягне. А Кадук тым часам па ўладанням сваім гуляў ды ад няма чаго рабіць звяроў і птушак пужаў. Глядзіць нячысцік, што нейкі чалавек сам у яго балоце патапіцца хоча, без яго, бач, дазволу. Не даспадобы прыйшлася такая самастойнасць чалавечая Кадуку. Схапіў мужыка за валасы ды назад на бераг выкінуў. А той выратаванню не ўзрадаваўся – толькі глыбей у багну залез. Ён небараку на бераг – той, настырны, назад у багну імкнецца, ды так настойліва, што Кадук не на жарт зазлаваў. Дый чалавек стаміўся, сеў на купіну ды заплакаў. І стала балотнаму цару цікава, чаму гэтаму небараке так гаротна, што жыццё скончыць не атрымліваецца. Абярнуўся ён старым дзядком ды пачаў распытваць, ад каго ці чаго чалавек так хоца са светам белым развітаца. А той нічога і не ўтойваў. Як на споведзі ўсё расказаў, горам сваім падзяліўся.
Кадук яго ўважліва выслухаў і адразу ж пачаў зайздросціць, што ў мужыка такая пачвара ёсць, бо сам пачвараю быў не лепшай. А яшчэ на той час быў цар балотны ўдаўцом, а сярод кікімар прыдворных не знайшлося той, якая б яму даспадобы была. А тут, глядзі, шчасце само прыйшло яму ў рукі, дакладней, забралося ў яго балота.
– Дапамагу я табе ў тваім горы, – кажа Кадук, вярнуўшы свой сапраўдны выгляд. І дамовіліся яны, што чалавек назбірае колькі журавін ды занясе іх дадому, пакажа шкоднай бабе. Так мужык і зрабіў. А ў хаце, калі высыпаў журавіны на стол, сталі ягады каштоўнымі камянямі прыгажосці небывалай, сцены зайчыкамі каляровымі ды вясёлкамі запырскаўшы. Неадкладна адправіла яна мужыка зноў на балота з вялікім кошыкам, каб багацця дармавога больш унесці. Але гэтага разу ягады засталіся ягадамі, а гаспадар патлумачыў, што цар балотны панадаруе бабе, колькі тая захоча каштоўнасцей, і што за багаццем ёй самой трэба на балота пайсці, уладанні Кадука наведаць. Спачатку баба не пайшла. На камяні ўсё глядзела, у люстэрку прымярала ды любавалася. Але сквапнасць, скажу табе, – страшная справа. І вось неяк раніцай узяла яна два вялікія кошыкі, мяшкоў колькі ды і пайшла ў бок балота.
Што і як там адбылося, сведкаў на тое і няма. Ды толькі не адну ноч страшны шум, свіст да лямант стаялі над балотам, па ваколіцы разліваліся. Відаць па ўсім, сіла нячыстая вяселле спраўляла. Пашанцавала, нарэшце, Кадуку – знайшоў да сябе падобную пачвару. А можа, шкодная баба на балоце свае парадкі навесці намагалася. Як бы там ні было, ды толькі назад яна так і не з’явілася. А мужык забраў сваіх дзяцей дадому. Сталі яны не лянуючыся працаваць на полі, гаспадарку павялічваць, ды жылі без зайздрасці.
– Дык я ўязджаў у вашу вёску з таго боку, але ніякага балота там не бачыў, – засумняваўся я.
– А яго там і няма, – дзядок прыжмурыўся і зірнуў на мяне. – Меліярацыі праца. А які сэнс? Засяваць палі – адно мучэнне. Трактары ды машыны ўсякія дагэтуль у зыбкіх месцах зацягвае. Помсціць Кадук. А ты, відаць, мне не паверыў, – пашкадаваў мой суразмоўца. – Справа твая. Ці дарма на цябе час патраціў… Чуеш, парася вішчыць, есці просіць. Пайду я. А ты з’язджай, мілок, пакуль змяркацца не пачало. Ды па баках надта не азірайся: дарога праз балотныя месцы насыпная, вузкая…