Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< Каля млына >

Каля млына

Самы значны вынік усялякага добрага падарожжа, самы, я сказала б, устойлівы маркер гэтай «добрасці», якую так і карціць засіноніміць з авантурнасцю (у процівагу стандартнасці, упарадкаванасці, прадказальнасці і зашоранасці пад дэвізам «Мір — Нясвіж — Белавежская пушча») — гэта свежыя думкі, якія ўзнікаюць на месцах замшэлых ідэй кшталту калекцыянавання магнітаў і выкладання фотаздымкаў у сацсетках. І ніякай няма ў тым бяды, што прымяненне гэтым думкам знаходзіцца не адразу, што доўгі час яны — проста думкі.

Мне часам здаецца, што наш Арчы, калі адмаўляецца паказваць дарогу, дарэмна ганьбіць сувязь са спадарожнікамі — яна тут абсалютна ні пры чым. Проста ён, гарэза, з гаспадарамі на адной хвалі, я вам, маўляў, прапаную новы спосаб пошуку аб'екта. Сапраўды, спосаб варты ўвагі: завітваеш у прыдарожную крамку, уражваешся таварам, якога ў сталіцы да яе сораму не знайсці, і пакуль гаспадынька-крамніца «адпускае» яго, пытаешся, як праехаць туды, куды трэба. І чуеш шэдэўральнае апісанне фінальнай часткі свайго выпакутаванага ўжо маршруту: «Едзеце ўперад, дакуль дарога вядзе, а тады паварочваеце, во як я рукой паказваю». Не ўправа, не ўлева, а «як я рукой паказваю». Не вер чужому слову, а вер свайму воку, як той казаў, бо ўсё роўна, ці за адну нагу вісець ці за дзве целяпацца.

Аналізуючы пачутае, самастойна прыходзіш да думкі, якая ўжо да некага дайшла: зберагчы тое, што займела абрэвіятуру НКС, нематэрыяльную культурную спадчыну (а што прыдарожныя крамкі разам з іх гаспадынькамі да яе адносяцца — факт для мяне асабіста абсалютна неабвержны), — гэта не закансерваваць яе, а ёю карыстацца.

Тое ж, спадарства, і са спадчынай матэрыяльнай. Вось вы думаеце, што музеі хаваюць у сабе рарытэты. Маеце рацыю: яны іх менавіта хаваюць. Таму я раю падарожнічаць туды, дзе не проста музей, а асяродак па-за часам, і не экскурсія, а поўнае пагружэнне.

Дасюль была прыказка. Адсюль — казка.

Праязджаючы па Р1 паміж Волчкавічамі і Чаркасамі, заўважыце ўказальнік на Хадакова, павернеце па ім — і без усялякіх чароўных клубкоў адшукаеце не толькі хатку на курыных лапках, але і люстэрка для варажбы, і чароўныя жаронцы, і ступы з мётламі, і цуда-млын. Пункт прызначэння — Рассветная, 70. Месца, вядомае тым, што тут знаходзіцца самы малы млын у нашай краіне. І не сёння створаны, а восем дзясяткаў гадоў таму, у 1936-м. Рэдуктар, праўда, старэйшы — 1889 года паходжання. Млын гэты і цяпер меле зерне так, як раней — дваяка: у муку абдзірную і «тонка». Усё вырашае паварот «баранчыка», які або павялічвае, або памяншае зазор паміж жорнамі. Гэта я так, каб паказаць, што ў нечым разбіраюся.

Хочаце дакрануцца да мінулага? Яго тут можна нават на пах адчуць: дастаткова ўскараскацца па прыступках у сярэдзіну млына. Або завітаць у «Хатнюю кавярню «Буслячок», дзе на паліцы стаіць адстойнік для вяршкоў (рэдкі, керамічны варыянт), у куце — лапата для пасадкі хлябоў у печ, а на сцяне вісяць флягі з часоў Першай сусветнай. Шкляны посуд з яўрэйскай лаўкі, драўляная фармоўка для масла, поршань для гільзы, прыстасаваны пад начыненне каўбас... Ступкі, маслёнкі, пляцёнкі, гарлачыкі. Я павінна ўдакладніць, што апісваю не аграсядзібу і гэты мой тэкст — не рэклама. Уладальнік калекцыі рарытэтаў, сабраных (дзякуючы, дарэчы, менавіта падарожжам) з усёй краіны, дызайнер Уладзімір Цвірко выцягвае на свет Божы мінуўшчыну, каб яе прымушаць працаваць — апантана і цалкам бясплатна, а не ляжаць-вісець-стаяць-старэць без патрэбы. Лічыльныя косткі тут выконваюць абавязкі балясін, вялізныя каваныя цвікі (набралася 24 штукі) гатовы «адсякаць» хвіліны на драўляным гадзінніку. На куфар ускладзена місія па захаванні навагодніх цацак — і каб вы іх толькі бачылі! Зімою гэтыя зайкі-вавёрачкі-пернічкі вывешваюцца на жывую ёлку. Кінапраектар? І кінапраектар ёсць: вечарамі тут перад экранам могуць збірацца людзі, каб паглядзець старое нямое кіно за 20 капеек. Я ж кажу, гэта поўнае пагружэнне! Вы дакраналіся калі-небудзь да філёнкі з палаца ў Нясвіжы? Там вам гэтага і не дазволяць... А тут — калі ласка. Вы бачылі капітэлі палаца ў Радзівілімонтах? І ўжо не ўбачыце — палац разбураны. Хіба што тут, у вёсцы Хадакова. Каб захаваць кавалак гэтай капітэлі, Уладзімір паўгода вымочваў яго ў «Сенежы».

У рамцы пад шклом — ключ і фрагмент абіўкі мэблі з палаца Пуслоўскіх у Косаве перыяду яго росквіту. «Я спадзяюся, што некаму некалі будзе цікава, як раней перапляталіся ніткі: фактура, структура...»

У бібліятэцы — разгорнуты «Ціхі дон» 1945 года выдання. Хочаце пачытаць? Заставайцеся. А потым гаспадар, калі не будзе надта заняты, магчыма пачастуе вас «сарокамі» з макам. І дасць дакрануцца да вугольчыкаў, якія дагэтуль ляжаць у чыгунным прасе. І раскажа гісторыю пра прас з выявай Льва Талстога.

На стале ў кабінеце — мікраскоп і пенснэ, на паліцы над ім — цэлы шэраг чарнільніц. Хочаце папрацаваць у спрыяльнай атмасферы? Гэта памяшканне, паўтараю, не здаецца. Але калегам-творцам з радасцю прадастаўляецца. «Усё, Валодзя, мяне няма», — кажуць тыя і зачыняюць перад ім, гаспадаром, дзверы. Асабліва тут любяць працаваць фатографы і кінематаграфісты. Антураж спрыяе стварэнню містычных сцэнак.

* * *

...Сярэдзіна XVІІ стагоддзя. Паселішча Новая вёска, недзе пад Гарадзеяй. Тут у адной з хат жыве варажбітка Уля. Улляна, значыцца. Ратуе дзетак, лекуе дарослых і жывёлу. Вельмі любіць коней. Мілажальная. Глядзіцца зранку ў люстэрка дзівоснай прыгажосці — светлае-светлае, з карункавым «франтонам» і кветкавым аздабленнем. Кажуць, хто гляне на свой адбітак у ім (нават праз трыста гадоў), той атрымае здароўе, прыгажосць і каханне.

Ну, як у тое люстэрка з XVІІ стагоддзя не зазірнуць?.. Я зазірнула.

Падарожнічала Святлана Дзянісава

Рамантыкам

Падарожжа на тое і падарожжа, што галоўнае ў ім — дарога. Перамяшчаючыся з аднаго пункта сваёй зацікаўленасці ў другі, якіх толькі цудаў не ўбачыш. То на жніве замест камбайна верталёт сустрэнецца, то літаральна пасярод кукурузнага поля — кавярня з шыльдай «Адчынена 24 гадзіны». Для каго адчынена? То — «золата пасярод золата» — нафтавыя вышкі з саламянымі катушкамі ў перамешку. То паваротка на Дублін, то ўказальнік на Марс... Аднаго разу прыкмецілі яшчэ здалёк незвычайнае дрэва: быццам не голае, але і не ў лісці. Пад'язджаем бліжэй — лісце ўспорхвае і ўзлятае. Аказалася, дрэўца без лісця (мабыць, памерзла), але аблюбавана вераб'ямі. Казачнае дрэўца. Дагэтуль перад вачыма.

Паслядоўнікам

Калі аматар падарожжаў, выбраўшыся, скажам, у Нясвіж, да Нясвіжу так і не даехаў, то не факт яшчэ, што падарожжа не адбылося. Прыгожая думка! Яе ў маю галаву пасеяў Уладзімір Цвірко, уладальнік апісанага збору пад адкрытым небам ды жырандоляў у выглядзе колаў і, як аказалася, калега-падарожнік і калега па «пяры». Яго «кішэнна-брашурны» праект «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі» пачаў друкавацца акурат гэтым летам. Чаму «маёй»? Яму гэтае пытанне ўжо задавалі. Адказаў так: кожны, маўляў, чытае «маёй Беларусі», адносячы яе да сябе асабіста. «Так душэўна...» Гэта прадукт выключна для падарожніка-практыка. Не сувенірны фаліянт з прыгожымі выявамі, прызначаны для кніжнай паліцы ці турыста-іншаземца, каб той як мага больш уразіўся, а чыстай вады ўтыліт: сесці з канкрэтна абранай брашуркай у аўтамабіль на месца штурмана, разгарнуць яе на каленях — і выбраць з прапанаваных кропак якія заўгодна ў любой паслядоўнасці. Не прапусціце!

Прадказанні

Здараецца, шукаеш ледзь не паўдня, марна гойсаючы наўкола, якую-небудзь сядзібу, уразіўшыся або гісторыяй яе ўзвядзення, або лёсамі яе ўладальнікаў. Пры гэтым на інфармацыю пра сучасны стан дастаткова ўвагі не звярнуўшы і таму сённяшні вонкавы выгляд не надта сабе ўяўляючы, пачынаеш у кожнай больш-менш прыдатнай (бо неяк падобнай) будыніне (нашмат больш позняга, кажучы мякка, паходжання) гэтую самую паўлегендарную сядзібу яшчэ здалёк літаральна мроіць. Асабліва калі твой навігатар мае (праз тваю ж неасцярожнасць) фанабэрыстае імя Арчыбальд і ці не з гэтай прычыны дазваляе сабе беспакарана якія заўгодна выбрыкі. Але вось што самае дзіўнае: памылка, якая непазбежна выкрываецца пры набліжэнні да прытворнай паўлегендарнай сядзібы, цябе ніколькі не бянтэжыць. Наадварот — забаўляе: а раптам праз якія сто з нечым гадоў і гэтую, пакуль яшчэ навюткую, сядзібу з пілонамі і бельведэрам будуць упарта шукаць заўзятары змястоўных падарожжаў?