Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< Не бойцеся зрабіць першы крок >

Не бойцеся зрабіць першы крок

Палац Гатоўскіх у вёсцы Чырвоны Бераг Гомельскай вобласці


Калі вы толькі марыце павандраваць па Беларусі ці плануеце сваю паездку, наступныя некалькі парадаў ад эксперта будуць вам карысныя.


Сёння ў людзей адраджаецца цікавасць да сваіх каранёў, да нацыянальнай гісторыі. І адным з дзейсных вектараў тут можна лічыць краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Але адна справа – чытаць водгукі пра падарожжы, і зусім іншая – выправіцца ў доўгі шпацыр самастойна. Мы папрасілі распавесці пра «рамантыку дарог» вядомага беларускага падарожніка Уладзіміра Цвірку. Сам сябе ён называе валацугам, адразу тлумачачы, што раней гэтае слова не ўспрымалася ў негатыўным кантэксце, як зараз. Уладзімір Андрэевіч абышоў і аб’ездзіў усю Беларусь уздоўж і ўпоперак, пабачыў усе архітэктурныя славутасці нашай краіны, зрабіў тысячы якасных фотаздымкаў… Сваім досведам ён ахвотна дзеліцца з усімі жадаючымі, склаў больш за 200 турыстычных маршрутаў па Беларусі і хутка выкладзе іх у адкрыты доступ на сваім сайце.

Перадусім Уладзімір Андрэевіч раіць вызначыцца з кампаньёнамі. Магчыма, гэта будзе сям’я або калегі, сябры – у любым выпадку ехаць лепш кампаніяй. Будзе з кім падзяліцца сваімі ўражаннямі падчас вандроўкі, падыскусіраваць, у рэшце рэшт.

Далей паўстае сур’ёзнае пытанне – выбар турыстычнага маршруту. Хутчэй за ўсё, нават калі вы падарожнік-аматар, пабачыць муры Мірскага і Нясвіжскага замкаў вам ужо давялося, як і наведаць Ружаны і Завоссе. Што яшчэ варта паглядзець? Як не расчараваць родных і сяброў, якія на вас спадзяюцца?

Царква св. Іллі ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці

– Акрамя раскручаных помнікаў у Беларусі шмат іншых, неймавернай прыгажосці, – адзначае Уладзімір Цвірка. – Каб знайсці такія, зразумела, трэба загадзя пакорпацца. Узяць ініцыятыву ў свае рукі можаце вы самастойна ці прапануйце гэта камусьці з вашых паплечнікаў. Падарожжа часта суправаджаецца прыемнымі адкрыццямі, і, магчыма, ваш калега ці нават жонка насамрэч змогуць праявіць тут актыўнасць. Можна звярнуцца па параду да вопытнага падарожніка. Як бы там ні было, паспрабуйце ўсіх здзівіць – большасць з нас вабіць невядомае. А скепсісу з кожнай новай вандроўкай будзе ўсё меней. На маю думку, свайго ўнутранага падарожніка трэба выхоўваць, як і тэатрала, напрыклад. Глядзець спектаклі варта проста так, трэба проста так падарожнічаць. Важна пачаць. Вось я, скажам, не вандраваць ужо не магу.

Неабходна паклапаціцца пра тое, каб падарожнічаць было зручна.

Касцёл св. Тройцы ў вёсцы Індура Гродзенскай вобласці

– Абавязкова складайце маршрут з некалькіх пунктаў, – раіць Уладзімір. – Пастарайцеся зрабіць падарожжа разнастайным. Спыняйцеся ля цэркваў, касцёлаў, сядзіб, азёр, паркаў. Цікаўцеся гісторыяй мясцін і іх славутасцей. Яна можа аказацца проста неверагоднай! Не лянуйцеся даведацца нават, калі пабудавана дарога, па якой вы едзеце. Можа, яна помніць яшчэ Вітаўта. Чым не падстава ўразіць усю вашу кампанію? Будзьце дапытлівымі.

Дарэчы, прыпынак ля возера можна прымеркаваць да абеду. Пікнік на траве – гэта цудоўна! І кафэ не трэба шукаць. Ды і які дызайнер інтэр’ераў можа параўнацца з прыродай, на мастацтва якой можна глядзець бясконца? Толькі не забудьзце пасля прыбраць за сабой.

Балючае пытанне – занядбанасць некаторых нашых архітэктурных славутасцей, асабліва ў глыбінцы.

– Па-першае, кожнаму з нас трэба задаць сабе пытанне: ці добрыя мы гаспадары? Ці жывём мы ў гармоніі з прыродай? Па-другое, канстатуючы недагледжанасць нашай нацыянальнай спадчыны, каго мы абражаем? У першую чаргу саміх сябе. Гэта ж наша зямля, наша бацькаўшчына, – кажа Цвірка.

Уладзімір раіць па магчымасці абавязкова дапамагаць з добраўпарадкаваннем такіх помнікаў, самастойна наводзіць там парадак. Так робіць ён асабіста.

Ну а калі пра мясціны, якія хочацца паглядзець, амаль няма інфармацыі ў інтэрнэце? Суразмоўца прапаноўвае звяртацца па дапамогу да мясцовых жыхароў.

– Яны ахвотна з вамі пагамоняць, – зазначае Уладзімір. – Жыхары нашых вёсак раскажуць вам шмат цікавага. Можа, нават экскурсію правядуць. Паслухайце людзей, звярніце ўвагу на гаворку, моўны этыкет, асабліва людзей сталага веку. Яны абавязкова прапануюць вам вады, яблыкаў з саду ці ўвогуле за стол запросяць.

Што тычыцца храмаў, у цэрквах і касцёлах таксама нельга забываць пра дапытлівасць. Прыкмячайце кожную дробязь – і вы абавязкова зробіце для сябе не адно адкрыццё. Можа, вы выпадкова трапілі ў тыя мясціны, дзе калісьці стаяў храм, у якім хрысцілі Элізу Ажэшку? Так здарылася з Уладзімірам Цвіркам.

Уладзімір па спецыяльнасці мастак, працуе вітражыстам, робіць знакамітыя вітражы ў тэхніцы «тыфані», ён жа рэстаўратар, уладальнік прыватнага музея. Яшчэ адно амплуа Уладзіміра Цвіркі – фатограф. Ён фатаграфуе шмат, асабліва ў вандроўках. І да людзей с фотаапаратам заўсёды ставіцца з павагай. За гады падарожжаў адфатаграфаваў усе архітэктурныя славутасці Беларусі. Яго фотаздымкі дэманстраваліся на выставах у шматлікіх гарадах краіны. А ў мінулым годзе Уладзімір меў гонар прадставіць сваю фотавыставу ў Доме ўрада ў Мінску.

Уладзімір Цвірка раіць браць з сабой у падарожжа фотаапарат і нататнік. Будьце ўпэўнены, абавязкова спатрэбяцца. І потым можна будзе бясконца пераглядаць фатаграфіі і перачытваць напісанае, перажываючы падарожжа нанова.

Дарэчы, вашы фатаграфіі могуць мець каштоўнасць не толькі для вас, звяртае ўвагу Уладзімір Цвірка. Хто ведае, можа, сёння вы сфатаграфуеце архітэктурную славутасць, якая заўтра будзе знішчана ў агні ці пад гусеніцамі бульдозера. Мы аб гэтым не задумваемся, але, робячы фатаграфіі, мы робім вялікі падарунак нашай гісторыі.

Калі першы раз усё прадугледзець не ўдасца, не варта засмучацца. Ужо ў другое самастойнае падарожжа выправіцца будзе значна лягчэй, запэўнівае Уладзімір Цвірка, а тым летуценнікам, якія ўсё яшчэ ў палоне сумненняў, раіць:

– Не бойцеся зрабіць першы крок, ступіць у невядомы сусвет, разгадаць непазнанае!

Зусім хутка, напярэдадні новага турыстычнага сезона, Уладзімір Цвірка запусціць свой уласны сайт пра вандроўкі valazuga.by. Яго мэта – дапамагаць людзям адкрываць бацькаўшчыну, выхоўваць павагу да яе гісторыі, культуры, архітэктуры. У доступе будзе больш за 200 зручных турыстычных маршрутаў па Беларусі. У кожным – 8-10 кропак. Спачатку планавалася менш, але Беларусь – такая бяздонная скарбніца, што маршрутаў ужо больш за 200, і з’яўляюцца новыя...

Святлана ВАШЧЫЛА

Фота – зроблены Уладзімірам ЦВІРКАЙ падчас падарожжаў