
Далёка разнесліся чуткі пра прыватны этнаграфічны музей Уладзіміра Цвіркi. Знаходзіцца ён паблізу Фаніпаля, у вёсцы Хадакова. А чалавек, які яго ўласнаручна пабудаваў, мае яшчэ некалькі прафесійных і штодзённых захапленняў. Уладзімір Андрэевіч — чарцёжнік-канструктар, дызайнер і мастак, падарожнік і фатограф, збіральнік легенд і паданняў з самых розных куточкаў нашай краіны.
Прыватная калекцыя рэчаў з усіх куткоў Беларусі
Здаецца, звычайны двухпавярховы дом з садам, але ж за яго плотам гісторыя цесна пераплятаецца з казкай. У гаражы Уладзіміра Цвіркi знаходзяцца інструменты, якімі карысталіся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Недалёка ад цяністага сада з прудам сярод зеляніны пад дрэвам прытаілася хатка на курыных лапках, якую нястомна ахоўвае лялечная Баба-Яга. Эпіцэнтр увагі — самы малы ветраны млын у Беларусі. Уладзімір Андрэевіч калісьці выкупіў яго, а потым сваімі рукамі аднаўляў кожную дэталь. Прафесійны дызайнерскі погляд майстра бачны здалёк: млын выглядае стыльна і сучасна. А галоўнае — муку на ім можна малоць хоць зараз.
Увайшоўшы ў хату, не ведаеш, на чым спыніць позірк. Інтэр’ер кожнага пакоя пераносіць у часы нашых продкаў. Калекцыі чарніліц, старажытных ёлачных упрыгожанняў, тканых ручнікоў, вышытых карцін, плёначных дыяфільмаў, чорна-белых фотаздымкаў, керамічных вырабаў, кніг, флагаў, кубкаў і манет — падаецца, што крочыш праз стагоддзі. На падлозе ў адным з пакояў ляжыць сапраўдная шкура мядзведзя, на сцяне вісяць рогі казуль і аленяў, а ў кутку стаіць чароўнае люстэрка вядзьмаркі, прывезенае з аднаго з падарожжаў па Беларусі. У гэтым доме кожнай рэчы знаходзіцца сваё месца.
Ідэя мэтанакіраванага збірання старажытных сведкаў мінулага прыйшла да Уладзіміра Цвіркі даволі банальна:
— Калі не стала маёй матулі, нам са старэйшым братам засталася хата. Мне ўвогуле не хацелася нешта адсюль забіраць, бо гэта мой родны дом, у які я буду прыязджаць і ў якім кожная рэч будзе нагадваць моманты майго дзяцінства і юнацтва. Але вельмі хацелася ўзяць з сабою тры прадметы: хлебную лапату, прас, у якім да гэтай пары ляжаць вугольчыкі, закладзеныя яшчэ маёй матуляй, а таксама караўлот. Напачатку на месцы гэтай дзялянкі зямлі стаяла пустая ашаляваная хата, у якой знаходзіліся толькі тры прадметы. І ў гэты момант я зразумеў: менавіта тут такіх рэчаў павінна быць больш, бо тут іх сапраўднае месца. На той час у мяне яшчэ не быў запушчаны прект «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі». А пасля, калі я пачаў вандраваць па нашай Радзіме, мяне вельмі здзівіла і нават абурыла адна рэч. На маіх вачах усе здабыткі нашага мінулага знікалі. Іх кідалі ў печ, палілі, закопвалі. Было вельмі непрыемна, што яно ўсё губляецца, — заўтра нам ужо нічога не застанецца.
Людзі, якія наведваюць самаарганізаваную выставу прадметаў даўніны, часта ўспамінаюць і пра сваё мінулае. Некаторыя так натхняюцца гэтай справай, што лезуць на свае гарышчы і падстрэшшы, адчыняюць забытыя калісьці пуні і хлявы, узнаўляюць гісторыю нашай Радзімы.
— Людзі часта прывозяць рэчы ў маю калекцыю ці пакідаюць іх сабе на доўгую памяць. Галоўнае, што яны пачынаюць звяртацца да гісторыі, а значыцца, мая справа робіцца нездарма, — прызнаецца Уладзімір Цвірка.
Вандроўкі і падарожжы
Прыкладна ў 2010 годзе быў запушчаны праект пад назвай «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі». Уладзімір Андрэевіч на працягу васьмі гадоў вандруе па розных кутках нашай роднай зямлі, складае маршруты-гіды, фатаграфуе знаходкі і цудоўныя пейзажы, размаўляе з мясцовымі жыхарамі. Такім чынам збірае розныя легенды і паданні, занатоўвае сабе і далучае іх да бегу часу.
— Сёння я разумею, што за гэтыя гады праект значна пашырыўся. Гэта не 150 маршрутаў, а па-сапраўднаму 200. Мне засталося зрабіць некалькі вандровак у Гродзенскую вобласць, адну вандроўку ў Магілёў — і праект завершыцца. Але, ведаеце, не вандраваць я ўжо не змагу.
Дзяржынскі раён стаў для Уладзіміра Цвіркі не толькі адным з пунктаў прызначэння. Дзяржыншчына сустрэла яго падарожжам па цікаваму і багатаму на гістарычныя падзеі і паданні мінуламу. Адсюль ён прывёз і паклаў у сваю скарбонку 10 легенд, дзве кнігі 1930-х гадоў, тры вышытыя карціны, старое даваеннае люстэрка, хлебную лапату, прыгожай формы восці. З’явіўся ў яго калекцыі незвычайны аповед пра гадзіннік, які, згодна з легендай «Гадзіннік паддашкавы», выратаваў чатыры чалавечых жыцця.
— Паддашкавых гадзіннікаў не існуе, іх ніхто і ніколі не вырабляў. Проста людзі, якія дапамагалі збіраць артэфакты спадчыны Дзяржынскага раёна, знялі яго з падстрэшша і ўрачыста падарылі мне. Акрамя таго, усе легенды, якія я прывожу з розных куткоў, маюць прывязку да месца. Складана назваць іх гістарычнымі фактамі, але яны маюць падставы для існавання. Я называю сабраныя легенды «Казкі для дарослых», — усміхаецца Уладзімір Андрэевіч.
Усе мясціны Дзяржынскага раёна аб’ездзіў Уладзімір Цвірка. Больш за ўсе яго ўразіла тое, што калісьці тут быў сапраўдны замак, а расчаравала — зараз няма нават і следу яго.
— Выдатна, што ўдзяляецца ўвага архітэктурным помнікам, захоўваецца гісторыя краю. Менавіта мне спадабаліся выдатна адрэстаўраваныя і адноўленыя царква і касцёл. Адно з любімых месцаў — архіў кінафотафонадакументаў. Я яго асацыірую са сховішчам беларускага мінулага. Калі едзеш па брэсцкай трасе, гэты будынак стаіць быццам маяк. Падаецца спачатку — звычайны прыгожы фасад, але калі пачынаеш унікаць у самую сутнасць, разумееш яго значнасць і цэннасць.
Акрамя пректа «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі» Уладзімір Цвірка актыўна займаецца яшчэ некалькімі. Сярод іх — «Нашы руіны», «Бясконца чароўная…», «Сілуэты спадчыны», «Здымак выпадковы».
Ёсць таксама вельмі цікавы тэматычны праект пад назвай «Піраміды Беларусі».
— Першае, што бачыш на тварах, калі кажаш людзям, што ў нас есць піраміды, — здзіўленне і недавер, — тлумачыць Уладзімір Андрэевіч. — Мы нават настолькі не ведаем нашую краіну, што амаль кожнага шакіруе такое «адкрыццё», як «Піраміды Беларусі». І яны зусім блізка! Напрыклад, адна з пірамід знаходзіцца ў горадзе Узда. Гэта радавая капліца-пахавальня Завішаў. Ей больш за трыста гадоў.
Станькава
У гэтым мястэчку Уладзімір Цвірка бываў не аднойчы. Цяжка ўтрымацца і прайсці міма архітэктурных цудаў, прызнаецца ён. Былая сядзіба Чапскіх пакарыла сэрца бывалага вандроўцы.
— Больш за ўсе мне падабаецца сядзібная брама, якая знаходзіцца ў парку. Часцей за ўсе да яе мала хто даходзіць. Таксама недалёка ад гэтай брамы есць вельмі цікавая рэч. Прасторныя паляны, на якіх калісьці стаялі цяпліцы і аранжарэі Чапскіх. У іх вырошчвалі ананасы ў такой колькасці, што хапала яшчэ на продаж. Не толькі на мінскія кірмашы вазілі гэты цуд, але яшчэ і на еўрапейскія прылаўкі.
Каханне з пешага позірку
Чарцёжнік-канструктар і мастак-дызайнер Уладзімір Цвірка аднойчы паехаў за мяжу. Вяртаўся, везучы з сабою каханне з пешага позірку… у вітражы! Першы горад, у якім ён пабачыў гэтае дзіва, была Варшава. У мясцовай кавярні на сталах стаяла нешта, з чым ён яшчэ не сустракаўся на радзіме. Вітражамі Уладзімір Андрэевіч займаўся, але гэта было іншае, не тое. А вось тэхніка вырабу «Ціффані» — нешта незвычайнае.
Пасля вяртання дадому яго ўжо не пакідала думка ўвасобіць у жыццё гэткую прыгажосць у сваёй майстэрні. З усіх бакоў яму казалі: «Ты ўвогуле ўяўляеш сабе, як гэта складана?». Але спыніць творчы запал было немагчыма. Вучыўся Уладзімір Андрэевіч метадам «шпіянажу»: у польскім цэху, дзе выраблялі вітражы, хадзіў, глядзеў, запамінаў. Пасля шматлікіх спроб і памылак нарэшце ўсё атрымалася. З такім вітражом не сорамна было пайсці да людзей і прадэманстраваць вынікі працы. Яе, дарэчы кажучы, высока ацанілі. Пайшлі заказы. Канешне, спачатку вялікіх грошай не было. Напрыклад, з першага заказу майстры зарабілі цэлы адзін рубель! Яго Уладзімір Андрэевіч па сённяшні дзень клапатліва захоўвае ў сваёй калекцыі.
Калі слава пра майстра-вітражыста разышлася, да яго прыйшлі людзі і папрасілі прадаць ім звычайнае шкло. Яны расказалі, што займаюцца рамонтам і аднаўленнем храма. Даведаўшыся, што руіны ўніяцкага храма знаходзяцца пад Мірам на беразе Нёмана, дзе Уладзімір Цвірка нарадзіўся і вырас, ён адразу прапанаваў сваю дапамогу. Замест празрыстага шкла ў хуткім часе ўвесь храм упрыгожылі каляровыя вітражы. Мясцовыя жыхары не ведалі, як аддзячыць майстру, але ён спакойна адказаў:
— Мае бацькі вянчаліся ў Міры, там жа іх і адпявалі. У гэтым мястэчку хрысцілі мяне, здарылася ў ім і маё першае каханне. Гэта быў мой абавязак.
Вытокі талентаў
На пытанне, хто стаў настаўнікам і ўзорам для таленавітага амаль на ўсе справы майстра, Уладзімір Андрэевіч адказаў прыкладана так:
— Спецыяльна мяне ніхто не вучыў. Мой бацька заўсёды нешта майстраваў, быў вельмі гаспадарлівым чалавекам. Калі ён займаўся сваімі справамі, я сядзеў побач і мне было цікава паспрабаваць таксама. Я пачынаў штосьці рабіць, а бацька проста назіраў за маімі спробамі. З ранку мяне паднімалі і казалі, што сёння пойдзем, напрыклад, класці цэглу. Маці была чуллівая, як усе жанчыны, спачатку з недаверам ставілася да гэтай задумы, перажывала за мяне. Але ў мяне ўсё атрымлівалася, бо бацька быў мудрым чалавекам, разумеў, штó было ў маіх сілах. І так пакрысе я вучыўся.
Большасць характэрных рыс і традыцый Уладзімір Андрэевіч пераняў ад сваіх бацькоў. Гатаванне вялікодных булак у сям’і Цвірка — справа мужчынская, якая цягнецца праз пакаленні.
— Я часта глядзеў, як робіць булкі мой бацька, што ён туды дабаўляе, як садзіць бохан хлеба ў печ — гэта ж цэлая навука!
А вось да мастацкіх захапленняў сына бацькі ставіліся адмоўна. Малюнкі не аднойчы знішчалі языкі полымя ў печы.
— Мае бацькі лічылі, што не трэба моцна адрознівацца. Варта стаць інжынерам, а не мастаком. Маці мая неяк яшчэ магла зразумець гэтую справу, а бацька ставіўся вельмі строга. Таму я трошкі хітрыў і ўсе свае малюнкі хаваў у школе. Але ўсё роўна я вельмі паважаў сваіх бацькоў. Не таму, што яны былі маімі бацькамі, а таму, што я бачыў, як да іх адносяцца іншыя людзі. І адразу зразумела было — дрэнных людзей так паважаць не будуць.
Уладзімір Цвірка не збіраецца спыняцца. Калі ён завяршае адну справу, адразу думае пра тое, чым будзе займацца заўтра. А планы ў яго маштабныя: пабудаваць батлейку, дзе ў сучаснай інтэрпрэтацыі будуць паказваць творы беларускіх класікаў; завесці блог, у якім ён будзе падрабязна распавядаць пра свае праекты, а таксама спрыяць вывучэнню гістарычнага мінулага і сучаснага нашага краю…
Легенда, прывезеная Уладзімірам Цвіркам з Дзяржынскага раёна
Сын мастака
Гаспадыня мясцовай сядзібы, немаладая ўдава, пабудавала невялічкую каменную капліцу побач са сваім маёнткам, на ўтульнай цяністай паляне ў старым парку, закладзеным яшчэ яе дзедам. Для роспісу капліцы запрасіла мясцовага мастака-самавучку. Ён з радасцю пагадзіўся, бо вопыт ужо меў: распісваў драўляны храм у сваей роднай вёсцы. У мастака было трое сыноў. Малодшы з іх таксама прыахвоціўся да малявання. На свой узрост у хлопчыка няблага атрымлівалася, таму бацька час ад часу браў яго з сабой на працу.
Даведаўшыся, што гаспадыня сядзібы запрасіла бацьку працаваць, хлопчык пачаў прасіцца паехаць з ім, у дапамогу. Тады мастак распавёў замоўцы пра просьбу сына. Асцярожная пані адмовіла мастаку, бо лічыла, што праца будзе складаная і адказная, таму яна не можа даверыць яе малому хлопцу. Мастак перадаў сыну волю пані і, атрымаўшы задатак, пачаў распісваць капліцу адзін.
Хлопчык, канешне, засмуціўся і вырашыў дзейнічаць наступным чынам. Паколькі яго бацька працаваў унутры капліцы, маленькі мастак пачаў употай распісваць нішу алтарнай часткі сцяны будынка ноччу. Працаваў ён у прыцемках, пабаяўшыся, што гаспадыня сядзібы даведаецца пра яго свавольства і адмовіць бацьку ў працы. А каб днём выпадкова не ўбачылі яго роспісы, ён зрабіў драўляны шчыт і размаляваў яго пад камень сцяны капліцы. Пад раніцу, сыходзячы дадому, ён ставіў шчыт так, каб нічога нельга было разгледзець. Малады мастак заўсёды працаваў без свечкі ці ліхтара, толькі месяцавае святло дапамагала яму.
Надышлі першыя замаразкі, і хлопчык павінен быў хутчэй скончыць свой роспіс, але небарака моцна захварэў. З кожным днём маленькаму творцу станавілася ўсё горш і горш. Калі ён канчаткова злёг, толькі тады асмеліўся раскрыць бацькам сваю тайну. Яны разам з гаспадыняй знялі шчыт і ўбачылі амаль што скончаны цудоўны роспіс з выявай Збавіцеля. А хлопчык тым часам згасаў на вачах. Марудзіць не было калі, таму гаспадыня маёнтка выдзеліла сваю карэту з рамізнікам і загадала адвезці юнага творцу ў Вільнюс. Хлопчыка выратавалі, і ён застаўся вучыцца ў мясцовай мастацкай установе на грошы, якія на працягу ўсяго часу высылала яго выратавальніца.
Згубіліся сляды далейшага лёсу гэтага мастака. Даўно няма ў жывых гэтай пані, раз’ехаліся па свеце яе нашчадкі. Сама сядзіба і большасць гаспадарчых пабудоў моцна пацярпелі ад часу, але роспіс на алтарнай сцяне маленькай капліцы можна было ўбачыць яшчэ шмат гадоў. Каплiца знаходзiлася ў вёсцы Слабодка Дзяржынскага раёна.
Уладзімір Цвірка: «Я аб’ехаў усю Беларусь, але ўсё роўна не ведаю сваю краіну. Таму што за кожным здабыткам стаяць доўгія гады гісторыі, і яе трэба таксама вывучаць. Мы цікавы народ, наша мінулае вядзе адлік далёка не з 1941 года. За намі — тысячагоддзі».
Аляксандра ДУДЗЯНКОВА