Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< Тут жыве гісторыя >

Тут жыве гісторыя

Сапраўдны прыватны музей дзейнічае ў вёсцы Хадакова Шчомысліцкага сельскага Савета. Збор прадметаў даўніны налічвае каля дзвюх тысяч экспанатаў. Яго ўладальнік – мастак, рэстаўратар і падарожнік Уладзімір Цвірка.


У дачным доме Уладзіміра Цвіркі няма асобных музейных залаў. Самымі разнастайнымі старадаўнімі рэчамі напоўнены кожны куток загараднай сямейнай крэпасці. Тут ёсць усё: інструменты, рознае кухоннае начынне, тканыя ручнікі, кнігі, афішы, паштоўкі, пішучыя машынкі, сцягі...

Мастак-дызайнер і чарцёжнік-канструктар афармляе інтэр’еры прадметамі даўніны з веданнем справы. Часам у руках Уладзіміра Андрэевіча старадаўнія рэчы набываюць новае прызначэнне. Так колы воза ператварыліся ў арыгінальныя свяцільні, вялікія жалезныя цвікі – у пано, швейная машынка – у пісьмовы стол.

Самая ж галоўная асаблівасць незвычайнага музея ў тым, што тут усе экспанаты без выключэння працягваюць жыць. Так, шкляныя навагоднія цацкі пыляцца ў чамадане толькі да сярэдзіны снежня, а плёнкавы кінапраектар наогул выкарыстоўваюць увесь год. Дарэчы, ва Уладзіміра Андрэевіча адна з самых вялікіх калекцый кінастужкі ў краіне. Што ўжо казаць пра кіно, калі на дачы Уладзіміра Цвіркі нават старадаўняя драўляная люлька не вісіць без справы. Як і належыць, у ёй калыхаюць малых, якія, дарэчы, на здзіўленне сучасным матулям спяць там вельмі моцна. 

А пачалося ўсё гэта з таго, што гаспадар лецішча вырашыў забраць на памяць аб маме некалькі прадметаў з яе дома – хлебную лапату, прас, калаўротак... У той момант жаданне захаваць моцную сувязь з мінулым загарэлася ў ім з новай сілай. Хацелася зноў адчуць цяпло і ўтульнасць вясковай хаты. А змірыцца з тым, што прадметы даўніны часам бяздумна знішчаюцца, ён ніколі не мог.

У музеі ёсць неверагоднай прыгажосці калекцыя старадаўніх ліштваў. Ён прывозіў іх з розных куткоў краіны:

– Чым не сапраўдныя драўляныя карункі? І ўся гэтая прыгажосць зараз бясследна знікае...

А вышытых карцін у незвычайным музеі ўвогуле набярэцца на асобную выставу. У асноўным вышыўкі зроблены на белай тканіне, але ёсць у калекцыі і вышытыя на чорным фоне карціны, яны лічацца больш рэдкімі і каштоўнымі.

Уладзімір Андрэевіч захоўвае часцінкі сядзіб і замкаў – закінутай і загубленай гісторыі Беларусі. Сярод экспанатаў ёсць кавалачак драўлянага ўбрання летняй рэзідэнцыі Радзівілаў у Радзівілімонтах, ён быў знойдзены побач са знішчаным двума пажарамі палацам. Фактычна гэта ўсё, што засталося ад тварэння знакамітага італьянскага архітэктара Карла Спампані...

Можна пабачыць у незвычайнай калекцыі і містычныя рэчы. Так, на мансардным паверсе дачнага дома захоўваецца люстэрка сапраўднай вядзьмаркі Улі. Яна была добрай чараўніцай, дапамагала людзям, лячыла жывёл. Зірнуць на сябе ў яе люстэрка – да поспеху.

Ёсць у незвычайным музеі музычны куточак. Калекцыйныя пласцінкі можна паслухаць на грамафоне. Адну з іх гаспадару музея падарыў Уладзімір Мулявін. Цікавыя экспанаты – гармонікі. Ёсць і трафейны, «Тоска». Такія гармонікі з вайны прыносілі вясковыя музыкі. Інструмент лічыцца вельмі рэдкім.

У музеі нядрэнная калекцыя афіш 60–70-х гадоў мінулага стагоддзя. Некаторыя часам арандуе кінастудыя «Беларусьфільм».

Шмат прасторы адведзена старым прадметам побыту. Усё кухоннае начынне любоўна расстаўлена на паліцах. На дачы Уладзіміра Цвіркі цэлая калекцыя керамічнага посуду. У кожнага экспаната сваё прызначэнне. Вылучаецца з усіх збан з зоркай на горле. Калісьці ён упрыгожваў адно з пасольстваў БССР, а пазней быў прывезены адтуль дачкой дыпламата.

У незвычайным музеі таксама знайшлі месца розныя хітрыя прыстасаванні, якія раней былі ў многіх гаспадарках. Цяпер жа іх днём з агнём не адшукаць. Так, гаспадар лецішча дэманструе звычайную на выгляд драўляную скрыначку, адна з яе бакавін уціскаецца ўнутр і выціскаецца вонкі. Ёй карысталіся ў 20-я гады мінулага стагоддзя пад Слонімам. Як яна служыла? З яе дапамогай фармавалі масла. Пасля таварную прадукцыю везлі на продаж.

– Здавалася б, маленькая рэч, але яна шмат пра што кажа, найперш пра культуру нашых людзей, – адзначае Уладзімір Андрэевіч.

Па гэтай жа прычыне не менш каштоўныя і прэсы для клінкавання сыру. Геніяльныя ў сваёй прастаце вынаходкі.

Вялікае значэнне для гаспадара музея мае карта Беларусі, на якой пазначаны распрацаваныя ім турыстычныя маршруты. Па кожным Уладзімір Андрэевіч праехаўся асабіста. Цяпер іх ужо каля 200, адзін маршрут уключае да 10–12 гістарычных аб’ектаў. Наогул, вандроўкі і праекты, якія з’яўляюцца дзякуючы ім, – яшчэ адна яркая старонка ў біяграфіі Уладзіміра Цвіркі.

Прадметы даўніны гаспадар музея  рэстаўрыруе сам. У майстэрні свайго часу чакаюць чарговыя знаходкі. Самай маштабнай стала рэстаўрацыя ветранога млына 1936 года пабудовы. Калекцыянер прывёз яго з Драгічынскага раёна. Карпатлівая праца доўжылася адзін год і дзесяць дзён. Адноўлены Уладзімірам Цвіркам вятрак лічыцца самым малым у краіне, і ён дзеючы.

Расказваючы пра вятрак, калекцыянер не перастае здзіўляцца кемлівасці, розуму і таленту майстра, які яго рабіў. Канстанцін Іванавіч Жытковіч будаваў млын адзін. Так вырашыў працаваць і Уладзімір Андрэевіч. Калі калекцыянер-рэстаўратар купіў вятрак у сваячкі Канстанціна Іванавіча, ад млына фактычна заставаліся толькі асноўныя дэталі – рэдуктар аўстрыйскай вытворчасці, жорны і некаторыя іншыя канструктыўныя элементы. Усё астатняе, у тым ліку і крылы, канчаткова струхлела або зусім згніло. Шмат было клопатаў, перажыванняў, але прыкладзеныя намаганні таго каштавалі.

– Канструкцыя вывераная і зладжаная: дастаткова паўпаварота гайкі, каб змяніць ступень памолу збожжа. Вось якімі таленавітымі былі нашы людзі! – не хавае свайго захаплення Уладзімір Андрэевіч.

Млын атачаюць садовыя і паркавыя дрэвы, усяго каля 30 разнавіднасцяў. Тэрыторыя дагледжаная і добраўпарадкаваная. Тут і хатка Бабы Ягі, якая паварочваецца да лесу задам, а да госця перадам, і альтанка, і сажалка, і арэлі.

Калекцыянер кажа, што артэфакты трапляюць да яго рознымі шляхамі. Нешта ён прывозіць са сваіх шматлікіх падарожжаў па краіне, нешта прыносяць знаёмыя, нешта даводзіцца купляць. Калі ён просіць аддаць або прадаць рэч, то абавязкова тлумачыць: гэта для музея. У большасці выпадкаў людзі з вялікай радасцю перадаюць яму старадаўнія рэчы, бо дзецям, унукам яны ўжо, на жаль, не патрэбныя, кажа Уладзімір Андрэевіч.

Часам ахвяравальнікі прыязджаюць у музей. Тут яны жаданыя госці. Калекцыянер нікому ніколі не адмаўляе ў экскурсіі. Уладзімір Цвірка ўспамінае выпадак. Да яго ў госці завітаў стары, які падарыў музею старадаўні гадзіннік. Тады яго «рэч» ужо была адрамантавана. Гаспадар музея калыхнуў маятнік, і гадзіннік пайшоў. На вочы пажылога мужчыны навярнуліся слёзы...

– А я ж проста захаваў прадмет... – па сёння ўражаны гаспадар музея.

Уладзімір Цвірка сапраўды зберагае, можа, самае важнае, без чаго нельга ўявіць наша мінулае і што абавязкова патэбна памятаць, ідучы ў будучыню. Такая пашана да гісторыі перадаецца і яго дзецям, сябрам, знаёмым, сусе-

дзям. Яны ўспамінаюць пра свае стрэхі, кладоўкі і пуні, выцягваюць адтуль хто што, аднаўляюць спадчынныя рэчы, ставяць іх на пачэснае месца ў доме.

Святлана ВАШЧЫЛА