< Манастыр базыльянак >
Жылы корпус манастыра Святога Духа базыльянак размешчаны па адрасе вул. Энгельса, 1. Гэтая пабудова лічыцца адным з самых старажытных будынкаў у горадзе. Узведзены ён быў у 50-я гг. XVII ст. Пабудовы кляштарнага комплексу былі выкананы ў стылі рэнесансу і барока. У 1795 г. манастыр быў зачынены, а царква Святога Духа перададзена праваслаўным. У 1936 г. святыня была ўзарваная савецкімі ўладамі. У першае дзесяцігоддзе XXI ст. храм манастыра быў адноўлены, у яго сценах размясцілася канцэртная зала.