< Засулле (бровар) >
З пачатку XIX ст. гэтая сядзіба належала шляхецкаму роду Свентаржэцкіх. У канцы стагоддзя тут стаў гаспадарыць род Крупскіх. Пасля вяртання з сібірскай ссылкі ў 1872 г. усяго год тут пражыў Караль Кастравіцкі, які, магчыма, у Засуллі быў і пахаваны. Ад колішняй невялікай гаспадаркі засталіся руіны бровара, які быў узведзены з апрацаванага палявога каменю. Побач захаваўся спіртапрыёмнік, таксама ў пашкоджаным стане. Гэтыя будынкі, узведзеныя ў 1892 г., і сёння ўяўляюць сабой яскравы прыклад эклектычнай прамысловай архітэктуры.