Маршрут Азярцо >
Кропкі маршрута Азярцо
Толькі ў 1976 г. была выдадзена пастанова ўрада аб стварэнні дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту побач з вёскай Строчыца. Музей размяшчаецца ў 5 км ад кальцавой дарогі сталіцы, у цэнтры Мінскага ўзвышша, на берагах рэк Пціч і Менкі, паміж вёскамі Строчыца, Азярцо і Ваўковічы.
Землі, адведзеныя пад музей, самі з’яўляюцца помнікам геалагічнай гісторыі і эвалюцыі ландшафтаў нашай краіны. Плошча іх складае больш за 150 га. Пасля выхаду пастановы адразу пачалася грандыёзная праца мастакоў, этнографаў, архітэктараў і гісторыкаў па зборы і вывучэнні помнікаў архітэктуры і прадметаў побыту, створаных нашымі продкамі. У розныя куткі Беларусі былі накіраваныя экспедыцыі спецыялістаў па пошуку помнікаў драўлянага дойлідства.
Былі вывучаны іх уклад і спосабы пабудовы, магчымасці і метады разборкі і транспарціроўкі будучых экспанатаў. Цікавая і шматгранная праца музея працягваецца і сёння. У фондах музея сабрана, адноўлена, адрэстаўравана каля 24000 экспанатаў. Дзейнічае тры сектары: «Цэнтральная Беларусь», «Падняпроўе», «Паазер’е».
Прафесійныя экскурсаводы правядуць з наведвальнікамі музея цікавыя і пазнавальныя прагулкі, прапануюць паўдзельнічаць у народных абрадах і святах у спрадвечна беларускім стылі. Абавязкова варта зазірнуць у дзеючую карчму, дзе можна пачаставацца стравамі нацыянальнай беларускай кухні.
У гэтым унікальным месцы можна правесці цэлы дзень. У музей абавязкова варта прывезці сваіх сяброў, дзяцей і ўнукаў. Гэта будзе незабыўнае падарожжа ў мінулае. Кожны прадмет побыту, помнік архітэктуры народнага дойлідства ўнікальны і непаўторны па сваім прызначэнні, гісторыі і месцы ранейшага яго «жыхарства».
Многія экспанаты музея маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і значацца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Ёсць надзея, што праца музея па зборы і захаванні нашай нацыянальнай спадчыны будзе працягвацца і надалей. Спецыялісты ў гэтым кірунку са стараннасцю і любоўю выконваюць свае абавязкі.
У экспазіцыі музея прадстаўлены такія помнікі народнага дойлідства, як цэрквы, капліцы, ветракі, кузня, карчма, народнае вучылішча, жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, студні, агароджы. Тэрыторыя ўдала азелянёная і добраўпарадкаваная. Пракладзены дарогі і сцяжынкі. Створаны месцы для адпачынку з арэлямі, лаўкамі і гульнявымі пляцоўкамі для дзяцей і дарослых.
Асаблівую цікавасць выклікае забудова цэлай вясковай вуліцы. Гэта самае наведвальнае месца музея. Тут змешчана больш за дзесяць жылых дамоў з гумнамі, клецямі, птушнікамі, свірнамі. Вароты і брамкі, двары, акружаныя будынкамі, унутранае ўбранне вясковых хат, прадметы побыту і ручныя вырабы даюць поўнае ўяўленне аб укладзе жыцця нашых продкаў.
Знакаміты беларускі мастак Фердынанд Рушчыц яшчэ ў 1908 г. выношваў ідэю па стварэнні беларускага скансэна – музея архітэктуры і побыту нашых продкаў пад адкрытым небам. Увасобіць у жыццё задумку перашкодзілі Першая і Другая сусветныя войны.
Побач, каля вёскі Гарадзішча, на рацэ Менцы размешчана самае буйное гарадзішча ў Беларусі. З часам яго плануюць уключыць у межы музея. Па сцвярджэнні гісторыкаў, тут у X-XI стст. існаваў горад Менск. Магчыма, што пасля жудаснага набегу Уладзіміра Манамаха ў 1084 г. сучасны Менск зарадзіўся на новым месцы ля зліцця Нямігі і Свіслачы.