Маршрут Беліца >
Кропкі маршрута Беліца
На пакатым беразе Нёмана, у атачэнні часткі старога парку, стаіць касцёл Св. Іахіма і Ганны, пабудаваны ў 1763 г. Касцёл узведзены з цэглы ў строгіх рысах класіцызму. Храм упрыгожаны шасцікалонным порцікам пад трохвугольным франтонам. За апсідай касцёла ўзвышаецца трох'ярусная цагляная капліца, пабудаваная ў стылі класіцызму ў 1868 г.
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што гэтая святыня першапачаткова была ўніяцкай. Пабудаваны храм у самым пачатку XIX ст. Часткова захавалася каменная агароджа вакол храма. У 80-я гг. XIX ст. храм быў нязначна відазменены і набыў рысы народнага дойлідства. Стаіць храм у цэнтры вёскі. Побач з храмам захавалася некалькі вельмі старых дубоў, пашкоджаных часам і людзьмі.
У гэтай вёсцы захавалася каталіцкая капліца ў стылі народнага дойлідства. Узвялі яе ў 1834 г. з дрэва. Капліца асвечана ў гонар Маці Божай Ружанцовай. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. храм некаторы час быў праваслаўным. У канцы ХХ ст. капліцу адрэстаўравалі. Святыню ўпрыгожвае драўляная скульптура Збавіцеля, усталяваная ў высокай арачнай нішы ў галоўным трохвугольным фасадзе. У вёсцы таксама знаходзіцца драўляная Крыжаўзвіжанская царква, якая была пабудаваная ў стылі народнага дойлідства ў 1895 г.
Шклозавод "Нёман" быў заснаваны ў 1883 г. Ад завода ў выдатным стане захаваліся вытворчыя карпусы і адміністрацыйны будынак. На каталіцкіх могілках на Лысай гары пахаваны адзін з заснавальнікаў шкляной вытворчасці ў Бярозаўцы Юліус Столе, які памёр у 1927 г. На могілках таксама можна ўбачыць камень у гонар асвячэння могілак у 1905 г.
Царква Пакрова Святой Багародзіцы пабудаваная ў 1774 г. Першапачаткова храм быў каталіцкім. Пабудавана царква з дрэва ў стылі класіцызму з рысамі народнага дойлідства. У другой палове XIX ст. храм часткова перабудавалі і асвяцілі ўжо як праваслаўны. У той жа час перад храмам была ўзведзеная драўляная званіца, якая да нашых дзён не захавалася.
Царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ўзведзена з дрэва ў 1795 г. Святыня пабудавана на сродкі шляхецкага роду Ваўжанскіх, таму можна дапусціць, што першапачаткова гэта быў каталіцкі ці ўніяцкі храм. Пасля 1864 г. храм рэстаўравалі ці нават перабудоўвалі. Менавіта тады над званіцай з'явіўся цыбульны купал, а да апсіды дабудавалі невялікую рызніцу.
Раней тут стаяў уніяцкі храм, пабудаваны ў канцы XVIII ст. У 1866 г. на яго месцы ўзвялі новы каменны храм, асвечаны ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Пабудавана святыня ў рэтраспектыўна-рускім стылі з палявога каменю і цэглы. Для царквы быў выкарыстаны адзін з тыпавых праектаў, якія былі папулярныя пасля паўстання 1863-1864 гг.
Праваслаўны храм у гэтай вёсцы ўзведзены ў самым канцы ХІХ ст. Раней на яго месцы стаяў драўляны касцёл, пабудаваны ў 1671 г. Цагляная царква выканана ў псеўдарускім стылі. Гэты крыжова-купальны храм мае асаблівы сілуэт і вылучаецца знешнім дэкорам і купаламі над асноўным памяшканнем і званіцай.
Сілуэт гэтага драўлянага касцёла адначасова строгі і вытанчаны. Пабудаваны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў стылі мадэрн ў 1929 г. Святыня стаіць на маляўнічай адкрытай прасторы непадалёк ад вёскі.
Касцёл у гэтай вёсцы пабудаваны ў 1715 г. Магчыма, пры яго будоўлі выкарысталі фундаменты храма, які стаяў на гэтым месцы раней. Пасля 1948 г. храм закрылі. У 1989 г. касцёл аднавілі і адкрылі для вернікаў. Пабудаваны храм з дрэва і цэглы ў класічным стылі. Перад храмам стаіць цагляная трох'ярусная званіца, якую ўзвялі ў першай палове ХІХ ст. на месцы старой драўлянай званіцы.