Маршрут Бяроза >
Кропкі маршрута Бяроза
Светлы сілуэт мемарыяльнага абеліска бачны здалёк. Ён знаходзіцца непадалёк ад дарогі Р136. Узведзены гэты помнік у 1829 г., магчыма, уладарамі Старых Пескаў Пуслоўскімі на месцы маёнтка, які некалі існаваў тут.
Паселішча вядомае з 1477 г. Да 1940 г. насіла назву Бяроза-Картузская. З XVI ст. належала Сапегам. З 1629 г. – мястэчка ВКЛ. У 1648 г. К. Сапега дазволіў заснаваць тут кляштар картэзіянцаў, які будаваўся 40 гадоў. Кляштар быў разбураны ў 1864 г., каб пакараць манахаў за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. Касцёл перадалі праваслаўным. Сёння касцёл аднаўляецца, ужо адрэстаўраваны ўваходной кляштар.
Цагляны праваслаўны храм у гонар Св. Мікалая ў рэтраспектыўна-рускім стылі ўзведзены каля вёскі па аднаму з тыпавых праектаў, якія шырока выкарыстоўваліся на землях Беларусі пасля 1864 г. Гэты храм пабудаваны ў 1874 г. Царкву ўпрыгожваюць старажытныя іконы, якія былі напісаныя, магчыма, яшчэ ў сярэдзіне XVIII ст.
Гістарычная назва паселішча – Блудзень. Вядомае яно з 1468 г. На фундаментах старажытнага храма ў 1903 г. узведзеная цагляная царква Св. Мікалая. Побач стаіць маленькі і ахайны домік святара. Спагадлівыя і гасцінныя мясцовыя жыхары распавялі цікавую легенду, звязаную з гэтымі месцамі.
Пакроўская царква з дрэва ўзведзеная ў стылі народнага дойлідства ў 1933 г. У іканастасе захаваліся іконы XVIII ст., якія, магчыма, засталіся ад старога храма, які стаяў тут раней. Здымкі зробленыя ў разгар восені, якая зачароўвае спалучэннем колераў.
Касцёл Св. Дзевы Марыі ў стылі барока з цэглы пабудаваны ў далёкім 1795 г. У 1848 г. перабудаваны пад царкву, але ў 1989 г. вернуты каталікам. Ідуць аднаўленчыя працы. Пашэнціла ўбачыць і зняць драўляны сядзібны дом Нейгофаў-Леяў, пабудаваны ў 1774 г. Да нядаўняга часу ў ім была медыцынская ўстанова. Цяпер дом пакінуты на волю лёсу.
У 1820 г. на мясцовых могілках узведзеная драўляная каталіцкая капліца ў стылі народнага дойлідства з элементамі позняга класіцызму. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. капліцу закрылі, але праз год яе перадалі праваслаўным вернікам і пераасвяцілі ў гонар Усекнавення галавы Іаана Прадцечы. Купалы храма былі значна відазмененыя.
У 1827 г. тут пабудаваная драўляная Троіцкая царква ў стылі народнага дойлідства. За храмам стаіць драўляны крыж з надпісам “НИКА”. Ад сядзібы Пуслоўскіх, якая існавала тут з XVIII ст., у выдатным стане захаваліся дзве брамы: паўночная і заходняя. Паўночная брама ўваходзіць у пяцёрку самых прыгожых падобных збудаванняў у Беларусі. Калі ў агні знік стары сядзібны дом, пад новы дом, які мы можам бачыць і сёння, прыстасавалі канюшню.
Храм пабудаваны ў рысах народнага дойлідства з драўлянага брусу ў 1817 г. Магчыма, першапачаткова гэта была ўніяцкая ці каталіцкая святыня. Доўгі час храм не дзейнічаў і толькі ў 1990 г. быў канчаткова адноўлены. Сёння ён вядомы як праваслаўная царква Св. Іаана Багаслова. Варты ўвагі і мініяцюрны двух’ярусны прытвор святыні.
У цэнтры вёскі стаіць Успенская царква. Яна ўзведзеная ў рэтраспектыўна-рускім стылі з цэглы ў 1865 г. Пры будоўлі выкарыстоўваліся прыёмы старажытнарускага царкоўнага дойлідства. У 1912 г. у стылі неаготыкі ўзведзены цагляны касцёл Св. Аляксея. На каталіцкіх могілках можна ўбачыць капліцу Св. Лаўрэнція (1839 г.), якая да нядаўняга часу была ў руінах.