Маршрут Чарнаўчыцы >
Кропкі маршрута Чарнаўчыцы
Гэты каталіцкі храм Св. Сафіі ў стылі барока быў пабудаваны знакамітымі родамі Тышкевічаў і Чартарыйскіх у 1678 г. пры кляштары цыстэрцыянаў. Пасля паўстання 1830-1831 гг. царскія ўлады зачынілі і манастыр, і касцёл. А пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. касцёл перабудавалі пад праваслаўную царкву. Пасля Другой сусветнай вайны ўжо савецкія ўлады зачынілі былы касцёл ажно да 2010-х гг. З 2011 г. касцёл дзейнічае як праваслаўны. Захавалася прыдарожная капліца пачатку XVIII ст.
Храм у гэтай вёсцы пабудаваны на сродкі родаў Сапегаў і Пацаў у 1610 г. як уніяцкі. У 1866 г., пасля паўстання 1863-1864 гг., царскія ўлады перадалі святыню праваслаўнай царкве. У 1920-я гг. храм дзейнічаў як касцёл. Пасля Другой сусветнай вайны ён зноў стаў праваслаўнай царквой, асвячонай у гонар Св. Параскевы Пятніцы. Драўляны храм неаднаразова перабудоўваўся, у рэшце рэшт набыўшы рысы народнага дойлідства з элементамі класіцызму і барока.
Тут стаяў некалі багаты маёнтак роду Навамейскіх, якія ўзвялі дыхтоўныя каменныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Многія з іх захаваліся да нашых дзён, і хоць сам сядзібны дом быў разбураны, можна ўбачыць у добрым стане некалькі жылых дамоў, комплекс стайняў, сажалкі і часткова захаваны сядзібны парк. Тэрыторыя сядзібы пачатку XX ст. добраўпарадкавана і адведзена пад аздараўленчую ўстанову.
Паселішча вядома з пачатку XVI ст. Магчыма, гэтымі землямі некалі валодаў магнацкі род Радзівілаў. У 1609 г. узведзены каменны храм у стылі готыкі і рэнесансу. Да якой канфесіі ён першапачаткова адносіўся, невядома, аднак па архітэктурным стылі можна меркаваць, што ён быў каталіцкім ці уніяцкім. Сёння гэта Спаса-Праабражэнская праваслаўная царква, адрэстаўраваная і адкрытая для вернікаў.
З 1528 г. Ківацічы згадваюцца ў пісьмовых крыніцах як ўласнасць роду Пацаў. Затым гэтымі землямі валодалі Мяжэўскія. Ад знішчанага падчас Другой сусветнай вайны касцёла на старадаўніх каталіцкіх могілках захавалася драўляная капліца (XIX ст.), пабудаваная ў стылі народнага дойлідства. Унікальныя і самі могілкі са мноствам цікавых каменных і металічных надмагілляў уладальнікаў тутэйшых маёнткаў.
Цяпер дзейная праваслаўная Пакроўская царква ўзводзілася ў 1739 г. як уніяцкі храм у стылі барока з рысамі народнага дойлідства з дрэва. У 1840-х гг. гадах ён быў пераасвечаны ў праваслаўе і часткова перабудаваны. Яшчэ адну перабудову храм зведаў пасля паўстання 1863-1864 гг. Сёння царква таксама абноўлена і абнесена каменнай агароджай (сярэдзіна XIX ст.).
З 1524 г. – каралеўская ўласнасць у складзе Берасцейскага ваяводства ВКЛ. З 1740 г. уласнасць шляхецкага роду Талочкаў. Ад некалі багатага маёнтка гэтага роду практычна нічога не засталося, акрамя родавай капліцы-пахавальні. Яна была ўзведзена на старадаўніх каталіцкіх могілках у 1882 г. з цэглы ў стылі готыкі і цяпер закінутая. У 1932 г. пры ўездзе ў вёску была пабудавана прыдарожная капліца.
Сядзібны дом роду Нямцэвічаў пабудаваны ў стылі барока з цэглы ў пачатку XVIII ст. Ён быў капітальна адноўлены і сёння выкарыстоўваецца як музей. Захавалася і велічная прыдарожная капліца Св. Рафаіла, пабудаваная з цэглы ў пачатку XVIII ст. Добраўпарадкаваны сядзібны парк, узведзена новая агароджа.
Паселішча вядома з XV ст. Уваходзіла ў склад ВКЛ, было ўласнасцю Ільінічаў, Радзівілаў. На сродкі Радзівіла Сіроткі быў пабудаваны каталіцкі Траецкі храм у стылі рэнесансу з элементамі абарончага дойлідства. Побач з касцёлам была ўзведзена трох’ярусная званіца ў тым жа стылі. У 1718 г. мястэчка атрымала Магдэбургскае права і герб. У 1733 г. збудавана драўляная ўніяцкая святыня. Пасля паўстання 1863-1864 гг. яна была перабудаваная і пераасвячоная ў праваслаўную царкву, якая сёння нясе рысы барока.