Маршрут Дуброўна >
Кропкі маршрута Дуброўна
Прыкладна ў цэнтры гэтага пасёлка можна ўбачыць будынак былой багадзельні, якая захавалася выдатна. Пабудавана яна з цэглы ў стылі класіцызму з элементамі барока ў 1905 г. Сёння пабудова адрэстаўраваная і выкарыстоўваецца разнастайнымі ўстановамі. Часткова захаваліся карпусы механічнага завода, пабудаванага прыкладна ў канцы ХІХ ст.
Петрапаўлаўская царква ўзведзена ў рэтраспектыўна-рускім стылі з цэглы ў 1875 г. У гады бальшавіцкага атэізму храм быў у страшэнным запусценні. У 2002 г. пачаліся аднаўленчыя работы. І вось, праз тры гады ўрачыста ўзнесліся да неба белакаменныя сцены і зграбныя купалы, а дзверы святыні зноў адкрыліся для вернікаў.
На фотаздымку паказаны драўляны крыж, усталяваны на Крапівенскім полі, дзе адбылася знакамітая бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г., адна з найважнейшых падзей вайны 1512-1522 гг. паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім. Перамога ВКЛ пад Оршай дапамагла разбурыць кааліцыю Рымскай Імперыі, Тэўтонскага Ордэна, Крымскага Ханства і Маскоўскага княства, мэтай якой з'яўляўся падзел і прыгнёт Усходняй Еўропы.
Тут варта звярнуць увагу на карпусы дзеючай сельскагаспадарчай акадэміі Беларусі, якія былі ўзведзеныя ў 1837 г. У горадзе можна ўбачыць некалькі адміністрацыйных будынкаў канца ХІХ ст. і Узнясенскую царкву, пабудаваную ў 1868 г. На тэрыторыі дэндрапарку акадэміі знаходзіцца магіла ўдзельніка паўстання 1863-1864 гг. Войцэха Дамарацкага.
Згадваецца паселішча з 1393 г. Варта коратка пералічыць архітэктурныя помнікі, якія захаваліся ў гэтым былым мястэчку. У першую чаргу гэта жылы корпус кляштара бернардынцаў, пабудаваны ў 1809 г. На вул. Першамайскай знаходзіцца капліца Св. Барыса і Глеба (1871 г.). Варта ўбачыць і Троіцкую царкву, якая была ўзведзена як касцёл у 1809 г. Захаваліся таксама грандыёзныя пабудовы суконнай мануфактуры (1826 г.), габрэйскія могілкі і дамы радавой забудовы (ХІХ ст.).
Зусім нядаўна гэты храм ляжаў у руінах. Купальная сістэма была знішчана цалкам. У 1993 г. святыня была адноўленая. Першапачатковы храм пабудаваны прыкладна ў 80-х гг. ХІХ ст. Падчас адбудовы царквы побач з ёй была ўзведзеная званіца, стыль які блізкі да стылю царквы.
У пераліку архітэктурных помнікаў нашай нацыянальнай спадчыны гэтага храма ўжо няма. Ды і наўрад ці ў гэтым аднапавярховым будынку, пакрытым брыдкім дахам, можна разгледзець культавую пабудову. Тым не менш перад намі руіны Пакроўскай царквы, пабудаванай з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1874 г. Некалькі гадоў таму яна служыла складам.
Руіны гэтага храма можна назваць аднымі з найпрыгажэйшых руін Беларусі. Захаваліся яны на землях Магілёўскай вобласці ў невялікай вёсцы Малыя Шарыпы. Храм пабудаваны на сродкі мясцовых памешчыкаў у 1876 г. Разбураны ён быў падчас Другой сусветнай вайны, а пасля вайны частка храма была прыстасаваная пад склад.
Гэтая грандыёзная культавая пабудова ў руінах таксама не ўнесеная ў спіс архітэктурных помнікаў Беларусі. Вялізныя маляўнічыя рэшткі цаглянай праваслаўнай святыні ў гонар Св. Канстанціна і Алены знаходзяцца пасярод поля, за агародамі, у густым зарасніку бэзу і шыпшыны. Пабудаваны храм у 1858 г.
Ад сядзібы Любамірскіх у добрым стане захаваліся будынкі бровара, узведзеныя з цэглы ў 1883 г. Гэты галоўны корпус і спіртасховішча. Таксама можна ўбачыць руіны жылога дома і дыхтоўныя дамы для рабочых, у якіх і сёння жывуць людзі.