Маршрут Грудзінаўка >
Кропкі маршрута Грудзінаўка
Вядомае паселішча з XVI ст. У XVII ст. у мясцовым манастыры, які да нашых дзён не захаваўся, быў створаны Баркалабаўскі летапіс. Сёння гэты рукапісны дакумент знаходзіцца ў Маскве. У 1904 г. пабудавана цагляная царква іконы Казанскай Божай Маці ў неарускім стылі. Да 2005 г. у святыні працавала сталовая. Нядаўна царкву пачалі аднаўляць, надбудавалі званіцу, атынкавалі.
Вядомае паселішча з пачатку XVIII ст. Магчыма, цагляны сядзібны дом у класічным стылі пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ ст. на фундаментах больш старога, хутчэй за ўсё, драўлянага будынка. Пасля паўстання 1863-1864 гг. дом быў канфіскаваны і перададзены мясцоваму купцу Смалярову. Брылі таксама вядомыя як радзіма беларускага кінарэжысёра Віктара Турава.
Паселішча Вейна вядомае з 1560 г. Пакроўская царква ў стылі класіцызму пабудавана з цэглы ў 1782 г. Паводле іншых крыніц, гэты храм пабудаваны быў нашмат раней і першапачаткова быў касцёлам, аднак гістарычных дакументаў недастаткова, каб гаварыць пра гэта з упэўненасцю. Гледзячы па ўсім, храм неаднаразова перабудоўваўся, з чаго і вынікае падобная нечаканая архітэктура.
У Грудзінаўцы захаваўся губернатарскі дом Дзмітрыя Талстога, якому з канца XVIII ст. належала паселішча. У 1812-1813 гг. Д. Талстой быў губернатарам Магілёва. Вялікі цагляны дом у класічным стылі агароджаны плотам са штакетніку.
Вядомае паселішча з XVI ст. З 1597 г. належала Саламярэцкім. Цагляны сядзібны дом у стылі эклектыкі і мадэрну пабудаваны ў 1869 г. на высокім беразе невялікай рачулкі Доўкі, якая непадалёк упадае ў Днепр. Дом шматразова перабудоўваўся і змяняўся. У старажытным парку непадалёк ад дома знаходзіцца мемарыяльны валун з надпісамі.
Ад былой шляхецкай сядзібы захаваліся дзве невялікія гаспадарчыя пабудовы з чырвонай цэглы, пабудаваныя ў сярэдзіне ХІХ ст., магчыма, у 1862 г. На краі сядзібы знаходзіцца невялікі вытворчы корпус, магчыма, для перапрацоўкі кумысу. Захаваліся таксама канюшня і руіны рэдкай пабудовы ў выглядзе вежы, якая магла выкарыстоўвацца як манеж для трэніроўкі баявых коней.
На дарозе М8, якая вядзе з Магілёва ў Гомель, паміж вёскамі Сідаравічы і Пална, знаходзіцца старажытная паштовая станцыя, пабудаваная з цэглы па адным з тыпавых праектаў ў 60-я гг. ХІХ ст. Станцыя была адноўленая, але пры работах зніклі арыгінальныя аконныя рамы ў стылі мадэрн.
Вёска Салтанаўка згадваецца з XVIII ст. У 1912 г. ля дарогі Р93 узведзена мемарыяльная капліца ў стылі неакласіцызму, прысвечаная стагоддзю бітвы паміж карпусамі Раеўскага і Даву 1812 г.
Калі звярнуць з дарогі М8, можна ўбачыць цагляную паштовую станцыю, пабудаваную па тыпавым праекце ў 1868 г. У самой вёсцы можна палюбавацца маляўнічымі руінамі старога храма, які быў узведзены тут у XVIII ст. Мясцовыя жыхары намагаюцца падтрымліваць жыццё святыні. Яны ачысцілі храм знутры і збудавалі імправізаваны алтар, да якога прыносяць кветкі і іконкі.
З пакатага берага Дняпра адкрываецца цудоўны від на наваколле. А побач, на старажытных могілках, можна ўбачыць зграбную пабудову драўлянай праваслаўнай капліцы ў стылі народнага дойлідства, пабудаванай тут у 1852 г. Дзякуючы свайму колеру капліца ўдала ўпісваецца ў навакольны ландшафт.