Маршрут Караліно >
Кропкі маршрута Караліно
Яшчэ ў сярэдзіне XVI ст. тут існавала некалькі паселішчаў, якія пасля зліліся ў адно мястэчка. У 1854 г. у стылі позняга класіцызму збудаваны цагляны аднанефны касцёл, асвячоны ў гонар Узнясення Дзевы Марыі. Святыня абнесеная каменнай агароджай з вуглавымі капліцамі і брамай, якая складаецца з чатырох масіўных каменных слупоў.
Землі, размешчаныя ў пойме ракі Беліцы, з пачатку XVI ст. належалі шляхецкаму роду Белабалоцкіх. Пасля яны былі ўласнасцю родаў Лышчынскіх, Кулбацкіх. Апошнімі ўладальнікамі маёнтка, закладзенага тут у сярэдзіне XIX ст., быў род Тукалаў. Захаваўся велізарны парк з алеямі, гаспадарчыя пабудовы, фруктовы сад. Цудоўна захаваўся сядзібны дом, у якім доўгія гады дзейнічала сельская школа. У цяперашні час сядзіба рэстаўруецца.
На рагу цэнтральнай плошчы паселішча знаходзіцца касцёл Нараджэння Дзевы Марыі з цэглы ў стылі гістарызму са стылізаванымі рысамі неаготыкі. Пабудаваны ён у 1937 г. У 1969 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл і планавалі знесці пабудову або выкарыстоўваць яе як складское памяшканне. У 1990-я гг. храм быў адноўлены.
У 70-я гг. XVIII ст. гэтыя землі перайшлі ва ўласнасць старасты Гродзенскай каралеўскай эканоміі Антонія Тызенгаўза, што паслужыла магутным штуршком да іх эканамічнага развіцця. Новы ўладальнік заклаў багаты фальварак, ад якога да нашых дзён захаваліся арыгінальныя каменныя пабудовы лядоўні, каталіцкай капліцы, будынак стайні, некалькі гаспадарчых пабудоў і два масіўныя пілоны ўязной брамы. Гаспадарка прыватызавана і ў дадзены момант аднаўляецца, рэканструююцца гаспадарчыя і жылыя будынкі.
У 2008 г. гэтая вёска ўнесеная ў рысу горада Гродна. Стаіць паселішча на аднайменнай рацэ Ласосна, якая непадалёк упадае ў Нёман. Тут можна ўбачыць велічныя руіны старажытнага вадзянога млына, пабудаванага з бутавага каменю на самым беразе ракі ў 1862 г. Уражвае спалучэнне гэтых руін з грымучым вадаспадам і векавымі дрэвамі, што абступаюць млын з усіх бакоў.
У 1932 г. з светлай цэглы пабудаваны велічны будынак адміністрацыі гміны ў стылі позняга мадэрну. Адным з апошніх уладальнікаў гэтых зямель з'яўляўся род Гебельтаў. У будынку гміны ў савецкі час знаходзіліся розныя ўстановы: сельская школа, амбулаторыя, аптэка. Пабудова чакае новага гаспадара.
Вялізныя абарончыя ўмацаванні былі ўзведзены вакол Гродна спярша з зямлі, пазней, у канцы XIX ст., з бетону. Многія з іх былі ўзарваныя падчас дзвюх сусветных войнаў, аднак нават тыя руіны, што захаваліся, пакідаюць незабыўнае ўражанне. Побач з Навумавічамі знаходзіцца форт №2 былой Гродзенскай крэпасці.
Паселішча згадваецца пачынаючы з сярэдзіны XVII ст. З'яўлялася яно ўласнасцю роду Гнявінскіх. У 1887 г. на ўзвышшы з цэглы збудаваны касцёл Маці Божай Ружанцовай у стылі неакласіцызму. Невялікі двор храма акружаны масіўнай агароджай, складзенай з палявога каменю, па кутах яе маюцца невялікія капліцы. Званіца каля касцёла збудаваная значна пазней. Асаблівасцю святыні з'яўляецца яе асіметрычная ўнутраная прастора, даволі рэдкая для культавых пабудоў.
Рака Ласасянка – асноўная водная артэрыя гэтых ваколіц. На ёй у вёсцы Тарусічы з 1878 г. дзейнічаў складзены з бутавага каменю і цэглы вадзяны млын. Паколькі ў цяперашні час побач размешчана аграсядзіба, можна спадзявацца, што пабудова млына будзе закансерваваная.