Маршрут Хоцімск >
Кропкі маршрута Хоцімск
За дрэвамі і зараснікам кустоўя хаваецца вялізная драўляная Пакроўская царква, пабудаваная ў 1863 г. На старых вясковых могілках захаваліся руіны капліцы-пахавальні Тропавых, пабудаваная з цэглы ў псеўдарускім стылі ў 1870 г.
Вядомае паселішча з XVI ст. У 1897 г. тут пабудаваны цагляны Узвіжанскі храм у рэтраспектыўна-рускім стылі. Храм стаіць на невялікім узвышшы наводдаль ад вёскі. Доўгі час ён быў у запусценні, але сёння святыня адраджаецца.
Злева ад уезда ў вёску знаходзяцца маштабныя руіны бровара, у самой вёсцы можна ўбачыць руіны драўлянай царквы Раства Багародзіцы і вялізныя руіны касцёла, пабудаванага ў неараманскім стылі ў 1900 г. Гаспадарчыя пабудовы сядзібы Ціханавецкіх пераўтвораны ў бібліятэку, краму, пошту.
Царква іконы Казанскай Божай Маці пабудавана ў 1864 г. Цяпер царква адбудоўваецца, ужо адноўленыя купалы. Але ўваходы ў святыню дагэтуль захламленыя і зараслі кустоўем.
Цагляны храм, пабудаваны ў канцы XVIII ст., ляжыць у руінах. Мясцовыя жыхары расказалі, што гэта была Спаская царква. Магчыма, першапачаткова храм быў уніяцкім. Некаторыя ўспаміналі, што раней каля царквы стаяла званіца-каланча.
Каб убачыць незвычайна вялізны храм у Самацевічах, трэба мець пропуск. Вёска знаходзіцца ў зоне адчужэння. Храм быў разрабаваны і цяпер знаходзіцца ў напаўразбураным стане.
Мясцовыя жыхары намагаюцца падтрымліваць гэтую культавую пабудову ў добрым стане. Магчыма, яна пабудавана ў 1868 ці ў 1898 гг. Драўляны храм быў узведзены мясцовымі майстрамі і асвечаны ў гонар Раства Багародзіцы.
Храм Св. Мікалая ў псеўдарускім стылі пабудаваны з цэглы ў 1831 г. Некаторыя мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што храм быў моцна зменены, іншыя кажуць, што храм разбурылі яшчэ да заканчэння будоўлі, каб у выніку ўзвесці яго так, як ён выглядае і сёння.
Заснаваны горад ў XVII ст. У Хоцімску можна ўбачыць самы ўсходні храм Беларусі – Пакроўскую царкву ў стылі народнага дойлідства, пабудаваную ў 1819 г. Вялікая Траецкая царква ўзведзена з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1861 г. На вул. Садовая, 20, Камсамольская, 22 і Дзяржынскага, 15 знаходзяцца цікавыя дамы радавой забудовы.
Калі ехаць з Хоцімска праз Бяседавічы, то за вёскай Юзяфоўка, у самым пачатку ўрочышча, якое носіць назву Міхалінскі Кардон, можна з’ехаць на яшчэ даволі добрую прасёлкавую дарогу, якая і прывядзе нас праз лес да Святога возера. Бачна, як яму тут утульна і зацішна сярод змяшанага негустога бору. Шматлікія балоты і безыменныя ручаі насычаюць яго свежай вадой. Гэты неацэнны прыродны скарб лічыцца самым вялікім возерам усяго раёна. Мае яно і цікавыя легенды, якія захаваліся да сённяшніх дзён з далёкай сівой даўніны.