Маршрут Куранец >
Кропкі маршрута Куранец
На старажытных, сёння напаўзакінутых могілках стаіць праваслаўная капліца ў стылі народнага дойлідства, збудаваная з часанага бруса ў 1938 г. Назва яе невядомая. Мяркуючы па агароджы могілак, на месцы капліцы мог стаяць значна большы старажытны храм. Недалёка ад святыні можна знайсці цікавае каменнае надмагілле.
У XVIII ст. тут пабудавана праваслаўная капліца ў стылі народнага дойлідства з палявога каменю і дрэва. Царква Св. Пятра і Паўла ў псеўдарускім стылі пабудавана з каменю і цэглы ў 1868 г. Побач з агароджай храма знаходзіцца памятны камень з надпісам, які абвяшчае, што тут будзе ўсталяваны помнік ураджэнцу гэтай вёскі Піліпу Орліку – аўтару першай канстытуцыі Украіны.
У 1763 г. на месцы старога драўлянага касцёла збудаваны цагляны касцёл Дзевы Марыі ў стылі позняга барока. Вакол храма – каменная агароджа з трохарачнай брамай. Перад Другой сусветнай вайной у касцёла налічвалася больш за 6 тыс. прыхаджан. Пад апсідай касцёла знаходзіцца крыпта. Асаблівае ўпрыгожанне храма – мазаічная падлога, якая па патрабаванні вернікаў не была закладзеная новай пліткай пры рэстаўрацыі ў 1979 г.
У пісьмовых крыніцах Куранец упершыню згадваецца ў 1519 г. Царква Раства Багародзіцы пабудавана ў рэтраспектыўна-рускім стылі з цэглы ў 1870 г. Да 1990 г. яна ляжала ў руінах. Зараз царква адноўлена і адкрыта для вернікаў. На вайсковых могілках у 1923 г. адноўлена магіла ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. За чыгуначным пераездам можна ўбачыць пахаванні габрэйскіх могілак.
Па дарозе з Любані на Іжу, паміж старымі могілкамі і дарогай, на штучным пагорку ўсталяваны вялікі каменны крыж прыгожай формы. Гэты ўнікальны помнік мінулага цалкам захаваўся.
Вядома пасяленне з XV ст. У 1877 г. з каменю і цэглы пабудавана царква Св. Іллі ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Да 1990 г. царква не дзейнічала, выкарыстоўвалася як гаспадарчае памяшканне. У царкве можна ўбачыць разны іканастас у два ярусы. Магчыма, цэнтральная плошча вёскі ўтварылася значна пазней, таму атрымалася так, што храм стаіць да яе сваёй апсідай.
Успенская царква пабудавана з каменю і цэглы ў 1863 г. З Рабуні адкрываюцца цудоўныя віды на самае буйное штучнае вадасховішча ў Беларусі. Плошча яго паверхні складае 65 км2, а даўжыня – 27 км. Найбольшая яго глыбіня – 14 метраў. Створаны гэты рукатворны цуд у 1976 г. У Сосенцы, што недалёка ад Рабуні, вадасховішча можна перасекчы праз мост.
Пры ўездзе ў сядзібу Агінскіх «Ганута», якая вядомая з XVII ст., у 1765 г. збудавана цагляная капліца ў стылі ракако. Яшчэ адна капліца ў тым жа стылі стаіць у полі ля каталіцкіх могілак. У абедзвюх капліцах усталяваныя скульптуры Маці Божай. У 1869 г. на беразе невялікай сажалкі ўзведзена цагляная Успенская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі.
Вядома пасяленне з самага пачатку XVI ст. Уласнасць Ванькевічаў, Сулістроўскіх. З сярэдзіны XIX ст. уласнасць роду Козел-Паклеўскіх. Радзіма актыўных удзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Яна і Вінцэнта. Захаваліся радавая капліца-пахавальня, будынак бровара, кузня, гаспадарчыя пабудовы. Таксама можна ўбачыць фрагменты старажытнага парку канца XVIII ст. Ад сядзібнага дома застаўся падмурак і частка сцяны.
На ўскрайку гэтай вёскі мы маем асалоду бачыць комплекс культавых камянёў, якія, магчыма, захаваліся аж з IV тысячагоддзя. Гэта частка паганскага капішча, што некалі тут існавала. Ёсць меркаванне, што некалі гэтае святое месца нашых продкаў было нейкім чынам звязана з возерам Вула, якое ляжыць адсюль не надта і далёка. Амаль кожны валун мае невялічкія лункі, што робіць гэтых сведак мінулага яшчэ больш таямнічымі і неверагодна загадкавымі.