Маршрут Магілёў-1 >
Кропкі маршрута Магілёў-1
Магчыма, узводзілі гэты будынак як адміністрацыйны ці жылы, але прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. габрэйская абшчына Магілёва выкупіла яго і перабудавала як галоўную сінагогу горада. У 1925 г. сінагогу закрылі і прыстасавалі для гаспадарчых патрэб. Сёння ў будынку былой галоўнай сінагогі размяшчаюцца невялікія крамы.
На гэтым месцы некалі ўзвышаўся драўляны касцёл манастыра кармелітаў. У 1738 г. пачалася будоўля новага каменнага касцёла. Першапачаткова касцёл быў пабудаваны ў стылі барока, але пасля перабудовы ў 1810 г. ён набыў рысы класіцызму. У касцёле захаваліся ўнікальныя фрэскі сярэдзіны XVIII ст. У святыні раней стаяў рэдкі арган з керамічнымі трубамі, але ён быў згублены.
На каталіцкіх могілках па вул. Лазарэнка з 1910-х гг. да нашых дзён захавалася некалькі капліц. Адна з іх з'яўляецца таксама пахавальняй. Некаторыя капліцы пабудаваны ў стылі класіцызму, іншыя – у стылі неаготыкі і мадэрну. Некалькі капліц рэстаўруюцца.
У 1692 г. на гэтым месцы пабудаваны звычайны жылы дом. Па якой прычыне – невядома, але ў пачатку ХІХ ст. дом перабудавалі як храм. Сёння гэта Крыжаўзвіжанская царква ў стылі барока.
Накіроўваемся ў жылы район «Юбілейны». Некалі гэтыя мясціны Магілёва былі вядомыя як Машэкаўка. Тут, у атачэнні вуліц Ольчынская і Нацыянальны спуск, часткова захаваліся габрэйскія могілкі, вядомыя з самага канца XIX ст. Тыя мацэвы, якія ўсталявалі нанова, датуюцца канцом XIX ст. Пасля Другой сусветнай вайны частка могілак была адведзена ўладамі пад жылую забудову і гаражы. Самыя вялікія разбурэнні акропаль атрымаў у 70-я гг. ХХ ст. Толькі ў пачатку XXI ст. тэрыторыя была ўпарадкавана і абнесена агароджай.
Пабудаваны Свята-Мікольскі жаночы манастыр у 1669-1672 гг. Галоўны храм манастыра – сабор Св. Мікалая Цудатворца – пабудаваны з цэглы ў стылі барока. У 1798 г. на тэрыторыі манастыра ўзведзена царква Св. Ануфрыя. Захаваліся жылы корпус, агароджа і брама манастыра, пабудаваныя ў сярэдзіне XVII ст. У куце агароджы ўзвышаецца цагляная званіца.
Узведзена гэтая праваслаўная царква з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1910-я гг. на сродкі прыхаджан. У савецкі час у храме дзейнічаў гарадскі клуб. У 1990-я гг. царкву адрэстаўравалі і адкрылі для вернікаў. Уражвае вялізная прастора малітоўнай залы, павялічаная за кошт авальнай апсіды і прамавугольных бакавых рызніц.
На могілках захавалася капліца-пахавальня ў стылі мадэрн і готыкі, пабудаваная ў самым пачатку ХХ ст. Тут спачываюць маці і сын роду Кленцэ. На могілках таксама можна ўбачыць сямейнае пахаванне роду Гарцінскіх і мноства іншых адмысловых надмагільных помнікаў.
На вул. Дарвіна, 1 можна ўбачыць у выдатным стане будынак былога храма, вядомага як царква Св. Алены і Канстанціна. Пабудавана святыня ў канцы XIX ст., магчыма, у 1872 г. Падчас Другой сусветнай вайны храм быў часткова разбураны, а ў пасляваенны час савецкія ўлады прыстасавалі яго для гаспадарчых патрэб. Пазней у ім адкрылася вучэбная ўстанова.
У 1869 г. узведзены гэты зграбны цагляны праваслаўны храм у рэтраспектыўна-рускім стылі візантыйскага напрамку. Асвечана царква ў гонар святых пакутнікаў Барыса і Глеба. Малітоўная зала гарманічна падзелена на тры прасторных нефа. Вонкавы дэкор святыні ўключае ў сябе фрызы, руставыя паўкалоны, карнізы, ажурныя паясы і ляпныя ліштвы.