Маршрут Аўгустоўскі канал >
Кропкі маршрута Аўгустоўскі канал
Акрамя тых прыродных водных артэрый, якія перасякаюць тэрыторыю нашай краіны ўздоўж і ўпоперак, захаваліся і дзейнічаюць штучна створаныя чалавекам водныя шляхі – каналы – для перавозкі як людзей, так і розных грузаў на вялікія адлегласці. Адна з такіх штучных водных артэрый – знакаміты ў свой час Аўгустоўскі канал. Сёння яго гістарычная слава паволі адраджаецца
Ідэя стварыць такое ўнікальнае гідратэхнічнае збудаванне, як Аўгустоўскі канал, стала ўвасабляцца ў жыццё ў пачатку XIX ст. Рэчышча канала прайшло паміж натуральнымі вадаёмамі па рэчышчы ракі Чорная Ганьча і злучыла басейны двух буйных рэк – Віслы і Нёмана. Вытокам канала з'яўляецца возера Сервы на тэрыторыі Польшчы ля горада Аўгустаў, ад якога каналу і дасталася назва.
Працягласць канала складае крыху больш за 100 км. Гістарычна склалася так, што пасля Другой сусветнай вайны беларуска-польская мяжа падзяліла канал на дзве часткі. Ільвіная доля канала апынулася на тэрыторыі Польшчы. На тэрыторыі Беларусі аказаўся толькі 21 км канала, пачынаючы ад лініі мяжы прыкладна за два кіламетры ад першага памежнага шлюза «Кужынец».
Замоўцамі і будаўнікамі канала пераследвалася чыста эканамічная мэта: планавалася, што дзякуючы каналу гандлёвы шлях ад Балтыйскага мора ў Польшчу не будзе праходзіць па тэрыторыі Прусіі з яе высокімі мытнымі пошлінамі. У 1822 г. пачаліся актыўныя даследчыя работы на тэрыторыі, па якой меркавалася пракласці канал.
Пасля правядзення найпадрабязнейшых гідралагічных і геадэзічных даследаванняў быў прыняты праект будучай грандыёзнай будоўлі. Прыкладна ў сярэдзіне 1824 г. пачаліся земляныя работы. Будоўля праводзілася па вышэйшых еўрапейскіх тэхналагічных стандартах таго часу. Нягледзячы на тое, што была задзейнічана вялікая колькасць спецыялістаў і рабочых, пракладка канала расцягнулася на цэлых 15 гадоў.
На працягу канала было збудавана 18 шлюзаў, 14 мастоў, каля 30 плацін, 21 шлюзавая камера. Дзе гэта было неабходна, будавалася жыллё для абслуговага персаналу, складскія і гаспадарчыя памяшканні. Якасць шлюзавых камер здзіўляе і сёння. Узведзены яны з трывалага, адборнага палявога каменю. А абліцавальная цэгла, якая вынесла вельмі складаныя кліматычныя ўмовы, выраблялася па адмысловай замове.
З часам па розных палітычных і эканамічных прычынах, у лік якіх увайшло і ўвядзенне ў эксплуатацыю чыгункі паміж Варшавай і Санкт-Пецярбургам, якая ўзяла на сябе вялікую долю перавозкі грузаў, Аўгустоўскі канал паступова страціў сваё першапачатковае значэнне. У рэшце рэшт перавозка грузаў па канале спынілася канчаткова, і канал прыйшоў у запусценне.
На сённяшні дзень канал адраджаецца ў якасці турыстычнага аб'екта. У 1968 г. польская частка Аўгустоўскага канала была занесеная ў дзяржаўны рэестр Польшчы як архітэктурны гістарычны помнік. Канал стаў базай для развіцця польскага байдарачнага турызму. Стала развівацца турыстычная інфраструктура: былі адкрытыя базы адпачынку, кафэ, рэстараны, сувенірныя крамы і месцы пракату спартыўнага інвентару. Праведзены грандыёзныя работы па рэканструкцыі канала.
З 2004 г. пры падтрымцы дзяржавы і беларуская частка канала стала паступова адраджацца. Праведзены рэстаўрацыйныя работы на ўсіх чатырох беларускіх шлюзах: Нямнова, Дамброўка, Ваўкушак і Кужынец. Паступова гэты ўнікальны аб'ект стаў улюбёным месцам турыстаў і падарожнікаў як з Беларусі, так і з-за мяжы.