Маршрут Душкава >
Кропкі маршрута Душкава
Ад сядзібы Булгакаў захаваліся драўляны сядзібны дом, корпус спіртзавода, лядоўня, драўляная праваслаўная капліца і чатыры цагляныя капліцы, узведзеныя ў сярэдзіне ХІХ ст. Рэшткі старажытнага парку і маляўнічыя пагоркі з капліцамі ўпрыгожваюць ваколіцы гэтай мілай вёскі.
Пабудаваны гэты драўляны храм у псеўдарускім стылі на месцы, а магчыма, і на падмурку старадаўняга храма, ад якога засталася толькі ўваходная мураваная брама. Сёння два пілоны брамы ўмела закансерваваныя. Пабудавана праваслаўная царква на сродкі памешчыка Пажарыцкага, ад маёнтка якога засталося некалькі гаспадарчых пабудоў і каменная лядоўня.
У 1884 г. на каталіцкіх могілках з каменю і цэглы ўзведзена фамільная капліца-пахавальня Вішнявецкіх у рэтраспектыўна-гатычным стылі. Ад агароджы капліцы захавалася толькі брама. Да нядаўняга часу яна была ў жаласным стане, але помнік аднавілі.
З дарогі, якая вядзе з Ракава на Івянец, паміж вёскамі Міжрэчча і Кіявец, на палогім беразе ракі Іслачы мы маем цудоўную магчымасць убачыць гэты неацэнны прыродны цуд. Да крынічкі можна або прайсці па вузкай сцяжынцы, або крыху бліжэй пад’ехаць на машыне. Сёння месца вакол крыніцы добраўпарадкавана. Стаяць лаўкі для адпачынку, драўляныя сходні і масткі. Усталяваны мемарыяльны драўляны крыж. Колькі быў ля крыніцы, столькі часу бачыў, як да яе ідуць і ідуць новыя наведвальнікі за цудадзейнай вадой.
З сярэдзіны XVIII ст. – уладанні багатага магнацкага роду Агінскіх. Потым Новым Полем валодаў шляхецкі род Сяляваў. З сярэдзіны ХІХ ст. перайшло Друцкім-Любецкім. У 1828 г. яны пабудавалі сядзібны дом у стылі класіцызму вельмі складанай і грузнай канструкцыі. Частка дома ўзведзена яшчэ пры старых гаспадарах Сялявах. Непадалёк ад дома ў старажытным парку захаваўся будынак лядоўні.
У 1840 г. Дунін-Марцінкевіч набыў маёнтак "Люцінка" непадалёк ад Падневіч, у якім ён жыў да самай смерці. Знакаміты беларускі драматург пахаваны на мясцовых старажытных каталіцкіх могілках. Побач – магілы жонкі і дачкі. Тут жа ў 1852 г. з бутавага каменю ўзведзена капліца-пахавальня Жаброўскіх і капліца-надмагілле А. Набароўскай (1850 г.).
З пачатку XVIII ст. маёнткам валодалі Прысецкія, Ратынскія. З 1879 г. – Лядухоўскія. У 1796 г. з палявога каменю ўзведзена капліца-пахавальня ўладальнікаў маёнтка ў стылі позняга класіцызму. У 1866 г. прыстасаваная пад праваслаўны храм. У 1920 г. перададзена каталікам. У 1989 г. – зноў царква. Пры аднаўленні пацярпела ўнутранае ўбранне святыні, разбураная і закінутая крыпта арыгінальнай канструкцыі.
Гэтая каталіцкая капліца пабудавана ў класічным стылі з цэглы ў 1916 г. Яна стаіць у лесе ля самай дарогі. З гэтай прыдарожнай капліцай звязана вельмі прыгожая легенда аб прывідзе памерлай юнай жонкі тутэйшага шляхціца. Вайна 1812 г. перашкодзіла скончыць будаўніцтва, і капліца засталася без крыжа і без скульптуры ўкленчыўшай Маці Божай.
У гэтай вёсцы можна ўбачыць Чортаў камень. Каб яго знайсці, трэба спытаць у мясцовых жыхароў, як да яго прайсці. У канцы вёскі трэба прайсці цераз невялікае поле і на метраў 200 паглыбіцца ў лес. Да каменя пратаптаная невялікая сцежка, людзі ўвесь час носяць велікану гасцінцы: цукеркі, печыва, рознакаляровыя стужкі і па святах кавалачкі пірагоў.
Дэкор гэтага вадзянога млына, пабудаванага з каменю і цэглы ў 1850 г., уражвае адразу. Спачатку можна падумаць, што гэта руіны багатай капліцы ці альтанкі ў парку заможнага маёнтка. Месцы вакол млына неверагодна маляўнічыя. Гледзячы па колькасці паваленых дрэў, тут жыве шмат баброў. Маляўнічыя руіны млына знаходзяцца на беразе шпаркай ракі Іслачы.